Сяржук Доўгушаў: З гэтымі праектамі я ўжо “выгараў”

Сяржук Доўгушаў

На гэтым тыдні беларускі музыка Сяржук Доўгушаў заявіў пра закрыццё Дома творцаў і Беларускага шэлтара, якімі кіраваў у Варшаве. У адказ на гэтую навіну ў Facebook ён атрымаў шмат шчырых слоў падзякі ад артыстаў, для якіх такая падтрымка была асабліва неабходнай у цяжкі першы перыяд рэлакацыі.

Пра тое, чаму завяршаецца гэты праект, што ён паспеў зрабіць для беларускай творчай супольнасці і якім можа быць яго працяг, Сяржук Доўгушаў расказаў у гутарцы з «Радыё Рацыя».

РР: Ты абвясціў, што закрываецца шэлтар для музыкаў. Чаму прыняў такое рашэнне?

Сяржук Доўгушаў: Не толькі шэлтар, але і Дом творцаў. Заканчваецца тэрмін арэнды, і я вырашыў не працягваць гэтыя дзве дамовы.

Дом творцаў на працягу пяці гадоў прымаў творчых людзей. Тут жылі ўдзельнікі ўсіх нашых рэзідэнцый, у тым ліку тыя, хто быў вымушаны апынуцца ў эміграцыі або каму трэба было нейкі час пажыць бясплатна. Менавіта для такіх людзей і існаваў дадатковы шэлтар пры Доме творцаў. Я падпісаў адпаведную дамову, і за гэты час ён дапамог, у тым ліку, былым палітвязням.

РР: Ці падлічваў ты, колькі людзей прайшло праз шэлтар і Дом творцаў?

Сяржук Доўгушаў: Пэўная статыстыка ёсць. Праз Дом творцаў, напэўна, прайшло больш за тысячу чалавек. Адбылося 11 рэзідэнцый, у кожнай з якіх у сярэднім удзельнічалі па дзесяць чалавек.

Акрамя таго, цягам года прыязджалі людзі, якія заставаліся на некалькі дзён, а хтосьці жыў месяц. Таму я ўжо збіўся з падліку. Статыстыку мы пачалі весці толькі апошні год, раней гэтага не рабілі.

РР: Што ты як асоба і музыка набыў дзякуючы гэтаму досведу?

Сяржук Доўгушаў: Шэлтар — гэта мая форма дапамогі. Я шмат разважаў пра тое, навошта мне ўсё гэта. Гэта была шчырая дабрачыннасць. Я хацеў дапамагчы людзям, якія апынуліся ў бядзе, прайшлі праз беларускія турмы. І зразумеў, што сапраўды магу нешта зрабіць для іх. Магу арганізаваць гэты працэс, стварыць шэлтар і забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы для людзей, якія толькі вызваліліся.

З Домам творцаў была падобная гісторыя. Я разумеў, што мне самому не хапае тут свайго дома. Магчыма, мне проста не хапала адчування ўласнага дома. Але я хацеў стварыць такое месца, дзе заўсёды будуць творцы, дзе будуць нараджацца новыя праекты, дзе людзі змогуць проста збірацца за вялікім сталом. Як гэта адбывалася падчас заключных вячэр нашых рэзідэнцый: 20–30 чалавек, святочная вячэра, размовы, абмеркаванні, паказ малюнкаў, музыка, спевы.

Безумоўна, гэта было цудоўнае месца для нашай супольнасці. Тут збіралася багема, людзі абменьваліся досведам, стваралі творы мастацтва. І я быў шчаслівы бачыць, што ўсё гэта сапраўды запатрабавана, што людзям такое месца неабходнае.

Сумневы, вядома, заўсёды былі, але цяпер я лічу, што ў гэтай справе сапраўды быў сэнс.

Аднак цяпер мне здаецца, што праект крыху вычарпаў сябе і патрэбныя новыя формы, нейкая трансфармацыя. Па-другое, я хачу таксама крыху захаваць сябе як творцу. Можна сказаць, што ў гэтым праекце я ўжо выгараў.

РР: Мы згадалі, што адбылося 11 рэзідэнцый. Раскажы, калі ласка, пра іх. Тут жа былі і музычныя, і мастацкія, і іншыя.

Сяржук Доўгушаў: Усё пачалося ў снежні 2021 года. Сёлета спаўняецца пяць гадоў існавання Дома творцаў як фізічнай прасторы. Фундацыя «Дом творцаў» будзе працягваць сваю дзейнасць, будуць рэалізоўвацца праекты, спадзяюся, адбудуцца і новыя рэзідэнцыі. Але самога Дома творцаў як асобнага праекта ўжо не будзе.

У снежні 2021 года прайшла першая музычная рэзідэнцыя. Яе вынікам стала музычная кантата, музыку да якой напісала Вольга Падгайская.

Пазней у нас былі тэатральныя, фальклорная і мастацкія рэзідэнцыі. Апошнія два гады мы праводзілі толькі мастацкія. Кіраўніком гэтага кірунку стаў Андрэй Духоўнікаў. Мы ўжо разам з ім планавалі наступныя рэзідэнцыі, і мне самому гэта стала вельмі цікава.

На дзясятую і адзінаццатую рэзідэнцыі мы запрасілі вельмі цікавых творцаў. Імёны некаторых можна называць, іншых — не, бо частка мастакоў знаходзіцца ў Беларусі. Я пазнаёміўся з вельмі таленавітымі людзьмі. Мы далі ім магчымасць зрабіць тое, чаго яны не маглі б зрабіць у Беларусі або ў тых месцах, дзе цяпер жывуць. Рэзідэнцыі дапамаглі ім рэалізаваць свае творчыя задумы.

У выніку ў нас пачала фармавацца ўласная калекцыя твораў мастацтва. Я вельмі хачу, каб яна ператварылася ў сталую галерэю. У нас ужо каля сотні твораў, гэта не толькі карціны, але ёсць і скульптуры. З гэтай калекцыі ў перспектыве можа паўстаць цэлы музей сучаснага беларускага мастацтва ў эміграцыі.

Марына Савіцкая, racyja.com