
Сваякі добраахвотнікаў, забітых падчас службы ва УСУ, не маюць права на атрыманне грашовых выплат, калі ў іх ёсць беларускае грамадзянства ці яны жывуць у Беларусі. Пра гэта «Еўрарадыё» даведалася з афіцыйнага ліста Мінабароны Украіны.
Так ведамства пракаментавала гісторыю Веранікі Яновіч — былой добраахвотніцы і ўдавы забітага ў пачатку 2026 года ваяра Аляксея Лазарава, пра якую «Еўрарадыё» распавядалі ў канцы верасня. Беларуска так і не атрымала апошні заробак свайго мужа і аднаразовую кампенсацыю за яго страту.
«Еўрарадыё» пераказвае, як вайсковае ведамства патлумачыла сваю пазіцыю.
“Сума ўключаецца ў спадчыну”
Па словах кіраўніка Упраўлення масавай інфармацыі ведамства палкоўніка Віталя Сцечышына, права на атрыманне нявыплачанага грашовага забяспечэння забітага ваяра залежыць ад таго, ці пакінуў вайсковец асабістае распараджэнне на выпадак палону або знікнення без вестак.
“Калі такое распараджэнне існуе, нявыплачанае да моманту гібелі грашовае забеспячэнне перадаецца асобам, якіх вайсковец сам вызначыў у дакуменце. Калі распараджэння няма, грошы выплачваюцца асобам, вызначаным украінскім заканадаўствам. Калі такіх асоб няма, сума ўключаецца ў спадчыну”.
Прадстаўнік Мінабароны падкрэслівае, што існуюць абмежаванні на атрыманне такіх выплат.
“У прыватнасці, яны не ажыццяўляюцца, калі атрымальнік мае грамадзянства Беларусі або Расіі ці пастаянна пражывае ў адной з гэтых краін. Таксама права на выплаты губляюць асобы, асуджаныя за дзяржаўную здраду, калабарацыйную дзейнасць або садзейнічанне дзяржаве-агрэсару”.
Рашэнне аб прызначэнні аднаразовай дапамогі сям’і загінулага вызначае спецыяльная Камісія Мінабароны. Яна разглядае дакументы, якія папярэдне апрацоўваюць абласныя тэрытарыяльныя цэнтры камплектавання і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК і СП).


Калі заяўнік не згодны з рашэннем Камісіі, яго можна абскардзіць у судзе.
Згодна з украінскім заканадаўствам, аднаразовая грашовая дапамога сем’ям загінулых вайскоўцаў размяркоўваецца роўнымі часткамі паміж усімі асобамі, якія маюць законнае права на яе атрыманне.
“Пры гэтым грамадзяне Беларусі і Расіі, а таксама людзі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі гэтых дзяржаў, выключаюцца са спіса атрымальнікаў”.
Звярнуцца па такую дапамогу можна на працягу трох гадоў з даты афіцыйнай рэгістрацыі смерці вайскоўца.
Таксама Сцечышын дадае, што па стане на 9 лістапада 2026 года дакументы для атрымання выплат Веранікай Яновіч аднаразовай грашовай дапамогі яшчэ не паступалі.
У Мінабароны не патлумачылі, ці будуць выплачваць Вераніцы Яновіч апошні заробак мужа і не далі інфармацыі пра вынікі разгляду яе заявы.
“Мае дакументы пададзены ў лютым гэтага года”
У адказ на ліст Мінабароны Вераніка Яновіч пракаментавала Еўрарадыё, што заява аб неатрыманні ведамствам ад яе дакументаў — гэта няпраўда.
“Мае дакументы пададзены ў лютым гэтага года, я маю адказ па адвакацкім запыце, што Камісія Мінабароны мела адбыцца 21-22 верасня <…> Адказу (рашэння) я яшчэ не атрымала”, — распавяла Яновіч.
Рэдакцыя мае дакументальнае пацвярджэнне, што дакументы Яновіч былі сапраўды пададзены ў Мінабароны. Свае далейшыя крокі суразмоўніца не захацела каментаваць.
