У Варшаве адбыліся ўрачыстасці з нагоды 430-годдзя Берасцейскай уніі. Беларускія грэка-каталікі адзначылі важную гістарычную дату разам з каталікамі лацінскага абраду. Сустрэча праходзіла ў зале і касцёле Wrzeciono.

Вернікі праслухалі гістарычную лекцыю, пасля якой адбылася дыскусія, а завяршылася сустрэча літургіяй візантыйскага абраду.
Беларускія грэка-каталікі выказваюць удзячнасць польскім братам за дапамогу ў арганізацыі святкавання, гаворыць Алесь Красоўскі з Берасця:
– Нам патрэбна аб’ядноўвацца ў еднасці з Касцёлам. Менавіта падчас заключэння Уніі праваслаўнае духавенства разумела, што ў заходніх католікаў лепшая адукацыя і трэба да іх цягнуцца, станавіцца больш культурнымі, асвечанымі. Сёння нам патрэбнае гэтае адзінства, каб быць беларусамі, захоўваць сваю духоўную незалежнасць. Незалежнасць, якая з любоўю прымае і Захад, і Усход.

Сустрэча стала не толькі ўшанаваннем гістарычнай падзеі 1596 года, але і нагодай паразважаць пра сучаснае становішча ўніяцкай супольнасці ва Усходняй Еўропе і яе дыяспары. Урачыстасці з нагоды 430-годдзя Берасцейскай уніі прайшлі таксама ва Украіне.



