
Літва вылучыла яшчэ 45,4 тысячы еўраў на судовы разгляд супраць Беларусі ў Міжнародным судзе ААН у Гаазе ў справе аб арганізацыі міграцыйнага крызісу. Вільня папярэдне ацэньвае шкоду больш як на 200 млн еўра і патрабуе ад Менску кампенсацыі. Тым часам Польшча і Расея падалі заявы аб умяшанні ў працэс, прадставіўшы суду розныя тлумачэнні міжнароднай дамовы супраць незаконнага ўвозу мігрантаў. «Белсат» вывучыў дакументы бакоў.
11 лістапада ўрад Літвы вылучыў Міністэрству юстыцыі 45,4 тысячы еўра на аплату юрыдычных паслуг у справе супраць Беларусі ў Міжнародным судзе ААН. Пра гэта паведаміла выданне LRT. Столькі ж на прадстаўніцтва ў судзе вылучалі ў чэрвені 2026 году. Усяго паводле двух рашэнняў на юрыдычныя паслугі накіравалі 90,8 тысячы еўраў.
За што Літва судзіцца з Беларуссю
19 траўня 2025 года Літва падала пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН. Вільня абвінавачвае Менск у арганізацыі міграцыйнага крызісу, які пачаўся летам 2021 года.
Літва патрабуе ад Беларусі кампенсацыі: шкоду Вільня папярэдне ацэньвае больш як на 200 млн еўра.
«Большая частка выдаткаў – гэта тое, што Літва патраціла на будаўніцтва памежнай агароджы, астатняе – на ўтрыманне мігрантаў у цэнтрах затрымання», – расказвала намесніца міністра замежных справаў Літвы Габія Грыгайце-Даўгірдзе ў траўні 2025 года.
Да крызісу колькасць затрыманых пры незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы была адносна невялікай: 38 чалавек у 2019 годзе і 77 у 2020-м. Але толькі за ліпень 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі больш за 2600 мігрантаў, а за ўвесь год – 4339.

Літва сцвярджае, што рэзкі рост колькасці мігрантаў быў вынікам арганізаваных дзеянняў беларускіх уладаў.
У пазове падрабязна апісаная схема, паводле якой замежнікі траплялі ў Беларусь. Турыстычныя кампаніі ў Іраку, Сірыі і Турцыі рэкламавалі паездкі ў Менск. У пакет уваходзілі авіябілеты, візы, медычная страхоўка, пражыванне ў гатэлі і паслугі суправаджальнікаў. У рэкламе гаворка ішла не столькі пра адпачынак у Беларусі, колькі пра магчымасць трапіць праз яе ў Еўразвяз.
«Беларусь – гэта больш за тры чвэрці шляху ў Еўропу. Каштоўная магчымасць жыць у Еўропе», – гаварылася ў рэкламе адной з турыстычных кампаніяў, якую цытуе Літва.
Для афармлення візаў выкарыстоўвалі запрашэнні ад беларускіх арганізацыяў. У дакументах мэтай паездкі пазначалі турызм, паляванне або лячэнне. У арганізацыі паездак удзельнічаў дзяржаўны «Цэнтркурорт», падпарадкаваны Кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі. Кампанія дапамагала тураператарам атрымліваць візы для грамадзянаў Іраку. Сярод яе партнёраў у пазове названыя «Оскартур» і «Береговая звезда».
«Мы, і „Оскартур“, і „Центркурорт“, абодва адказваем за [мігрантаў]. Мы працуем паводле пагаднення аб супрацоўніцтве. Мы партнёры, асабліва ў Іраку», – заявіў прадстаўнік «Оскартура» ў тэлефоннай размове з памежнікам, фрагмент якой Літва прыводзіць у пазове.
У 2021 годзе беларускія ўлады спрасцілі атрыманне групавых турыстычных візаў для грамадзянаў Іраку. Групы маглі налічваць 20–30 чалавек, а зваротны білет для афармлення такой візы не патрабаваўся. Адначасова павялічылася колькасць авіярэйсаў у Менск. Паводле звестак, прыведзеных у пазове, Iraqi Airways павялічыла колькасць рэйсаў з Багдаду з аднаго да чатырох на дзень, адкрыла маршруты з іншых іракскіх гарадоў і пачала выкарыстоўваць больш умяшчальныя самалёты. Пашыралі палётную праграму таксама «Белавія» і сірыйская Cham Wings Airlines.
Пасля прылёту замежнікаў размяшчалі ў гатэлях «Мінск» і «Планета», звязаных з Кіраўніцтвам справамі Лукашэнкі. Праз некалькі дзён, як сцвярджае літоўскі бок, суправаджальнікі адвозілі іх да мяжы.
У пазове прыведзеныя і сведчанні пра дзеянні беларускіх сілавікоў. Паводле запісу тэлефоннай размовы, прыведзенага ў літоўскім пазове, высокапастаўлены супрацоўнік МУС Беларусі паведаміў, што міністр загадаў не спыняць мігрантаў, якія ідуць транзітам у Еўропу.
«Калі бачыш мігрантаў, адвярніся і зрабі выгляд, што іх няма. За гэта ніякага пакарання не будзе», – расказаў адзін з беларускіх памежнікаў у інтэрв’ю, якое таксама цытуецца ў пазове.
Пазней, паводле версіі Літвы, сілавікі пачалі непасрэдна суправаджаць мігрантаў да мяжы. У пазове згадваецца спецыяльнае падраздзяленне памежнай службы АСАМ, супрацоўнікі якога, як сцвярджаецца, паказвалі месцы пераходу, пашкоджвалі агароджы і дапамагалі людзям трапіць на літоўскую тэрыторыю.

Літва таксама прыводзіць сведчанні мігрантаў, якім беларускія сілавікі пагражалі і не дазвалялі вярнуцца ўглыб краіны пасля няўдалых спробаў перасекчы мяжу.
У пазоў уключаныя і публічныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, ягонае інтэрв’ю BBC ад 19 лістапада 2021 года, у якім ён дапусціў, што беларускія вайскоўцы маглі дапамагаць мігрантам перасякаць мяжу з Польшчай.
«Думаю, што такое цалкам магчыма. Мы славяне, у нас ёсць сэрцы. Нашыя вайскоўцы ведаюць, што мігранты накіроўваюцца ў Нямеччыну. Магчыма, нехта ім дапамог. Я нават не буду ў гэтым разбірацца», – заявіў Лукашэнка.
Вільня лічыць, што Беларусь парушыла Пратакол ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў. Гэтая дамова абавязвае дзяржавы змагацца з арганізацыяй незаконнага перасячэння межаў, супрацоўнічаць з суседзямі і абараняць правы мігрантаў.
Да звароту ў суд Літва больш за тры гады спрабавала ўрэгуляваць спрэчку з Беларуссю. Бакі абмяняліся больш як 40 дыпламатычнымі нотамі і правялі тры раўнды перамоваў. Дамовіцца не ўдалося.
Беларусь аспрэчвае паўнамоцтвы суда
17 чэрвеня 2025 года Беларусь паведаміла Міжнароднаму суду ААН пра намер аспрэчыць ягонае права разглядаць пазоў Літвы і дапушчальнасць самога пазову. Пра гэта гаворыцца ў пастанове суда.

Прадстаўнікі Літвы і Беларусі сустрэліся са старшынёй суда, каб абмеркаваць далейшы парадак разгляду справы. Літва прапанавала спачатку разгледзець пярэчанні Менску, а ўжо потым перайсці да абвінавачанняў у арганізацыі міграцыйнага крызісу. Прадстаўнік Беларусі Андрэй Папкоў супраць такога парадку не пярэчыў. Суд пагадзіўся і вызначыў тэрміны падачы пісьмовых дакументаў: да 19 студзеня 2026 года для Беларусі і да 20 ліпеня таго ж года для Літвы. Абодва бакі прадставілі свае пазіцыі своечасова.
Цяпер суд мусіць вызначыць, ці мае ён права разглядаць літоўскі пазоў. Калі пярэчанні Беларусі адхіляць, разгляд справы працягнецца. Калі іх задаволяць, суд можа так і не перайсці да разгляду абвінавачанняў у арганізацыі міграцыйнага крызісу і патрабаванняў аб кампенсацыі.
У справу ўмяшалася Польшча
30 чэрвеня 2026 года Польшча падала ў Міжнародны суд ААН заяву аб умяшанні ў справу Літвы супраць Беларусі. Гэта не азначае, што Варшава далучылася да пазову. Яна хоча растлумачыць суду, як, на яе думку, трэба ўжываць Пратакол ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў.
Галоўны аргумент Польшчы: дзяржава не можа адначасова быць удзельніцай міжнароднай дамовы аб барацьбе з незаконным увозам мігрантаў і сама дапамагаць арганізоўваць іх перапраўку праз мяжу.

«Дзяржавы – удзельніцы Пратаколу павінны ўстрымлівацца ад удзелу ў любых дзеяннях, прызнаных злачыннымі паводле Пратаколу, а таксама ад садзейнічання такім дзеянням», – гаворыцца ў польскай заяве.
На думку Варшавы, абавязкі дзяржавы не абмяжоўваюцца затрыманнем перавозчыкаў і расследаваннем злачынстваў. Яна павінна прадухіляць незаконны ўвоз мігрантаў, а не садзейнічаць яму.
Гэта непасрэдна датычыць абвінавачанняў Літвы. Калі беларускія сілавікі сапраўды суправаджалі мігрантаў да мяжы, паказвалі месцы пераходу і дапамагалі пераадольваць агароджы, ці можна лічыць такія дзеянні парушэннем Пратаколу ААН? Польшча прапануе суду адказаць на гэтае пытанне станоўча.
Расея таксама вырашыла ўмяшацца
20 ліпеня 2026 года Расея таксама падала ў Міжнародны суд ААН заяву аб уступленні ў справу. Як і Польшча, яна не мае намеру станавіцца бокам разгляду. Масква прапанавала ўласнае тлумачэнне Пратаколу ААН, якое істотна адрозніваецца ад польскага.

Яна абвінавачвае Літву ў занадта шырокім тлумачэнні Пратаколу ААН. У ім незаконны ўвоз мігрантаў прадугледжвае арганізацыю незаконнага ўезду чалавека ў іншую краіну з мэтай атрымання фінансавай або іншай матэрыяльнай выгады.
Расея лічыць, што палітычная выгада пад гэтае азначэнне не падпадае. Таму, паводле версіі Масквы, для ўжывання Пратаколу недастаткова абвінавачанняў у арганізацыі міграцыйнай плыні дзеля ціску на суседнюю краіну.
Аднак у літоўскім пазове ёсць і абвінавачанні ў атрыманні грошай. Вільня сцвярджае, што супрацоўнікі АСАМ бралі з мігрантаў плату за дапамогу ў перасячэнні мяжы. А паводле Пратаколу ААН, не мае значэння, ці атрымалі арганізатары грошы за перапраўку мігрантаў. Галоўнае – даказаць, што яны дзейнічалі з мэтай зарабіць на гэтым.
Расея таксама заяўляе, што дзяржаўныя органы нельга аўтаматычна прыраўноўваць да арганізаванай злачыннай групы. Нават калі асобныя чыноўнікі ўдзельнічалі ў незаконным увозе мігрантаў, лічыць Масква, гэта яшчэ не даказвае парушэння дзяржавай міжнароднай дамовы.
Масква абвінавачвае Літву і Польшчу ў выкарыстанні міжнародных судовых механізмаў для палітычнага ціску, называючы такую практыку «міжнароднай юрыдычнай вайной».
Якія перспектывы пазову Літвы
Міжнародны суд ААН пакуль не вырашыў, ці парушыла Беларусь Пратакол супраць незаконнага ўвозу мігрантаў. Падобных справаў у ягонай практыцы яшчэ не было, таму прадказаць вынік разгляду складана. Эксперты вылучаюць некалькі пытанняў, ад адказаў на якія будуць залежаць перспектывы літоўскага пазову.

Юрысты Нікола Рыдзі і Маціна Пападакі ў аналізе для EJIL: Talk! звяртаюць увагу на пытанне юрысдыкцыі. У 2021 годзе Літва была ўдзельніцай Пратаколу ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў, але з адной умовай: спрэчкі паводле гэтага дакументу нельга было перадаваць у Міжнародны суд ААН без яе згоды. У траўні 2023 года Вільня адмовілася ад гэтага абмежавання. Цяпер суду трэба будзе вырашыць, ці дазваляе гэта разглядаць спрэчку, якая ўзнікла раней.
Даследчыца Інстытуту Макса Планка Дана Шмальц у артыкуле для Verfassungsblog пісала, што не ўсе дзеянні беларускіх уладаў былі незаконнымі. Напрыклад, спрашчэнне выдачы візаў не парушае міжнароднага права.
Асаблівае значэнне мае пытанне матэрыяльнай выгады. Паводле словаў Шмальц, беларускія ўлады маглі выкарыстоўваць міграцыю перадусім для палітычнага ціску. Аднак турыстычныя кампаніі, гатэлі і асобныя памежнікі атрымлівалі ад мігрантаў грошы. Таму Шмальц ацэньвае шанцы Літвы на поспех як даволі высокія, але сумняваецца, што нават рашэнне на яе карысць спыніць выкарыстанне міграцыі для ціску на іншыя краіны.
Выкладчыца міжнароднага права Віленскага ўніверсітэту Эрыка Леанайце ў каментары LRT адзначала, што атрымаць ад Беларусі кампенсацыю будзе складана. Паводле яе ацэнкі, галоўная мэта пазову – дамагчыся прызнання таго, што выкарыстанне міграцыі для ціску на суседнюю краіну парушае міжнародныя абавязкі дзяржавы.
Аналітык міжнароднай арганізацыі Global Initiative Against Transnational Organized Crime Марыя Харук у даследаванні разглядае справу як магчымы прэцэдэнт для прыцягнення дзяржаваў да адказнасці за садзейнічанне незаконнаму ўвозу мігрантаў. Паводле яе ацэнкі, рашэнне супраць Беларусі можа пацягнуць значныя фінансавыя абавязкі і новыя рэпутацыйныя страты. Аднак невядома, ці прымусіць яно Менск змяніць сваю палітыку. Пры гэтым сам разгляд можа паўплываць на тое, як міжнароднае права будзе ўжывацца да іншых выпадкаў арганізацыі незаконнай міграцыі з удзелам дзяржаўных структураў.

Тым часам міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Літвы працягваецца. Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT), з пачатку 2026 года да 11 лістапада ўключна памежнікі спынілі 1929 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Гэта больш, чым за ўвесь 2025 год, калі такіх выпадкаў было 1652, і амаль удвая больш, чым у 2024-м (1002).
Усяго са жніўня 2021 года Літва спыніла больш за 26,5 тысячы спробаў незаконнага перасячэння мяжы.
