Генерал-маёр выведзе Віцебшчыну з крызісу альбо яго кінулі на амбразуры? Палітычны аглядальнік Юры Дракахруст абмеркаваў з «Салідарнасцю» чарговыя перастаноўкі ў вертыкалі ўлады.
Віцебшчына, якую шмат год «ратуе» Лукашэнка і яго падначаленыя, падобна, на парозе новага «рэанімацыйнага» этапа. На пасаду кіраўніка вобласці правіцель прызначыў Паўла Муравейку. Ад «сістэмнага чалавека з ваенным характарам» запатрабавалі армейскай дысцыпліны і вынікаў.
Прычым з відэаўрыўкаў месцамі складвалася ўражанне, што Лукашэнка ледзь не ўгаворваў былога намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, так распісваў перавагі пасады: маўляў, «губернатары — цэнтральныя фігуры ў Беларусі», а Віцебшчына — гэта не толькі сельская гаспадарка, але і прамысловасць, а цяпер і вялікая колькасць вайскоўцаў, якімі Муравейка ведае, як кіраваць і кантраляваць. Таму — мусіць справіцца.
На думку палітычнага аналітыка «Белсата», старэйшага даследчыка Цэнтру новых ідэй Юрыя Дракахруста, гэтае прызначэнне — не столькі працяг скіраванасці правіцеля на, так бы мовіць, змычку вайскоўцаў з сялом, колькі вынік наменклатурных гульняў.

— Мы пэўны час назіралі атракцыён пад назвай «перавыхаванне аграрыяў у Хрэніна», а цяпер нібыта зваротны працэс, вайскоўца — у аграрыі. Навошта?
— Мая гіпотэза палягае ў тым, што гэта вынік унутрыапаратнай інтрыгі, барацьбы Дзмітрыя Крутога за захаванне свайго ранейшага статусу. Бо яму падсадзілі намесніка з шырокім колам паўнамоцтваў, з прамым выхадам на першую асобу — і прызначылі гэтага чалавека без узгаднення з Крутым, пра што Лукашэнка раней казаў. Гэта ніякаму чыноўніку не спадабаецца.
Таму не выключаю, што цяперашнія падзеі — апаратны адказ на той выклік.

Памятаеце фільм «Імперыя наносіць удар у адказ». У нашым выпадку, сістэма нанесла гэты ўдар у адказ. Калі ёй падсунулі Муравейку ўнутр, яна яго адторгла. Прычым прыгожа: вобласць у завале, ты ж салдат — трэба на перадавую. Па сутнасці, яго абыгралі ў наменклатурных шахматах.
Вынікае гэта, на думку аналітыка, з некалькіх чыннікаў.
Па-першае, новая пасада Муравейкі — гэта не пра цёплае і спакойнае месца, хутчэй, кіданне на амбразуру, на імаверную чыноўніцкую смерць. Два папярэднія кіраўнікі вобласці сышлі з гэтай пасады без гонару, «а калі наўпрост, то з ганьбай». Хоць абодва яны, і Аляксандр Субоцін, і Аляксандр Рагожнік — людзі з досведам кіравання цывільнымі аб’ектамі і вытворчасцямі, але ж іх вопыту не хапіла. А кіроўны вайсковы вопыт Муравейкі — па сутнасці, іншая матэрыя.
— Вельмі вялікая верагоднасць, што ён наламае шмат дроваў. Не таму, што ён кепскі чалавек ці не хацеў бы іх не ламаць — проста гэта не ягоная епархія. Магчыма, на гэта і быў разлік Крутога, — разважае Юры Дракахруст.
Па-другое, дадае эксперт, цяперашняе прызначэнне былога кіраўніка Генштаба, што б ні казалі пра «цэнтральную фігуру губернатара» — гэта не прамы выхад да правіцеля, каб даводзіць таму альтэрнатыўны погляд на войска, а праца ў далечыні ад цэнтра, у правінцыі. І, дарэчы — строгая падначаленасць кіраўніцтву Адміністрацыі Лукашэнкі.
Тут не Мінск чуе, што ты яму гаворыш, а ты — чуеш загады з Мінска.
І яшчэ адна акалічнасць. У кіраўніка аблвыканкама адказнасць — рэч вымяральная. Пакуль Муравейка нібыта кантраляваў стратэгічныя праекты і маніторыў звароты людзей у сацсетках — як тут памераеш ККД? Вельмі ўжо тонкая матэрыя гэтыя вашы Трэдсы, і вельмі проста справаздачыцца, што ты маладзец і кантралюеш сітуацыю. А з кіраўніком вобласці ўсё канкрэтна: колькі надояў, укосаў, колькі кароў мытых, а колькі абасраных, як там лён, зноў жа, выцерабілі.
— Калі ж ты ў гэтым не вельмі «сячэш», то проста ўсім загадаць хадзіць строем, каб надоі былі вялікія — не факт, што спрацуе, — зазначае аналітык. — Мякка кажучы, каровы строем хадзіць не будуць. А нават калі іх прымусіць, то хто сказаў, што ад гэтага дадуць больш малака?
— У гэтых варунках больш за ўсё шкада Віцебшчыну.
— Аднак усякія цуды ў свеце здараюцца. І былі выпадкі, пасля вайны, калі чалавека, ваенную костку, прызначалі кіраўніком калгаса — і ён падымаў гаспадарку. Таму сказаць, што гэта абсалютна выключана і што Муравейку наканавана сесці ў лужыну, я б не спяшаўся.
Хоць такі сцэнар вельмі імаверны. І гэту імавернасць падвышае той факт, што Віцебская вобласць заўсёды была самай адстаючай і праблемнай, нават досыць кампетэнтныя людзі не змаглі палепшыць сітуацыю. Гледзячы па ўсім, справа не проста ў тым, што кепскіх кіраўнікоў прызначалі — магчыма, аб’ектыўныя фактары не даюць вырашыць назапашаныя праблемы.
Калі ўявіць пазітыўны для генерал-маёра сцэнар, ці значыць гэта, што сілавы блок умацуе свае пазіцыі ў вертыкалі? Такое можа быць, пагаджаецца Юры Дракахруст, але з гэтага не вынікае «цень хунты» ва ўладзе. Бо нават калі на ўсе важныя пасады паставіць генералаў — не факт, што тыя ўяўляюць сабой кам’юніці з супольнай воляй.
— Нядаўна ў Цэнтры новых ідэй мы рабілі даследаванне пра найбольш уплывовых асобаў у кіруючай сістэме Беларусі, і на першых месцах аказаліся такі сілавікі: Латышонак, Вакульчык, Церцель. Аднак іх вага і ўплыў вымяраліся колькасцю сувязяў і ролямі мастоў паміж рознымі часткамі наменклатурнай сеткі.
Гэта не нешта спецыфічнае вайсковае, гэта спецыфічная наменклатурная ўласцівасць: уменне «быць сваім» і з тымі, і з гэтымі. І перадусім — з неваеннымі, з цывільнымі. То-бок, моц — не толькі і не столькі ў пагонах, а ў наладжванні адносінаў.
Мы і на другім баку маглі ўбачыць, як гэта важна. Як Павел Латушка абыграў многіх разумных людзей, інтэлектуалаў, хто ўмее прыгожа гаварыць. Без пушак, танкаў, самалётаў, без спецслужбаў, чыста на наменклатурным уменні, калі хочаце, прыгожа інтрыгаваць. Вось і Крутой гэта ўмее — што і прадэманстраваў.
Віцебскай вобласці, магчыма, у выніку і пашанцуе. Муравейка, не выключана, усё гэта таксама мог пралічыць — і калі яго прызначалі, мог папрасіць у дапамогу адмыслоўцаў і грошай. І можа быць, Лукашэнка нават штосьці паабяцаў. А што атрымаецца — хто ведае. Інтрыгаваць могуць многія не толькі ў вярхах, але і на больш нізкім узроўні.
