«Сардэчна запрашаем у пустыню рэальнасці». Што гавораць сацыялагічныя дадзеныя пра сучасную Беларусь

Жанчына з партыi Белая Русь раздае чырвона-зялёныя сцягi. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: lookby.media

Вынікі апошняга апытання Цэнтру новых ідэяў выклікалі хвалю крытыкі – 87% апытаных задаволеныя сітуацыяй у краіне, 74% – за захаванне status quo, 70% станоўча ставяцца да Расеі. Для многіх – удзельнікаў шматтысячных пратэстаў 2020 года, былых палітвязняў, палітычных эмігрантаў – гэтыя лічбы гучаць хлуснёй, маўляў, тая Беларусь, якую я ведаю – яна не такая. Але ці ўся Беларусь такая, якой яе ведаюць удзельнікі пратэстаў 6-гадовай даўніны, палітвязні і палітэмігранты?

Апытанне праводзілася ў траўні сёлета. Паводле Белстату, ў гэтым месяцы сярэдні заробак у Беларусі складаў 3099 рублёў (1051 долар у эквіваленце). За год, з траўня 2025 году, рост сярэдняга заробку ў доларах – на 20%. Гэта нямала. Гістарычна адносна нядаўна мантрай было «папіцот». Цяпер удвая больш. Імклівы рост заробкаў, даходаў назіраецца ўжо некалькі гадоў.

Для многіх гэта крытэр ацэнкі ўмоваў свайго жыцця. Дарэчы, у апытанні Цэнтру новых ідэй (ЦНІ) 50% адзначылі, што іх фінансавае становішча за год не змянілася, траціна апытаных сказала, што іх фінансавае становішча палепшылася. 50+33=83% гэта як раз амаль тыя 87%, якія задаволеныя сітуацыяй у краіне.

З грашыма не стала горай, а мо і стала лепей – чаму гэта не можа выклікаць задавальненне?

Ёсць яшчэ адзін чыннік, які многія ніяк не ўлічваюць у сваіх ацэнках. Дзе беларусы маюць найбольш радні і знаёмых? Я не пра эліту. А ў звычайных беларусаў радня пераважна ў Расеі і ва Украіне.

І вось звычайны шараговы беларус параўноўвае сваё жыццё з жыццём ва Украіне і ў Расеі. А і там, і там – вайна, ужо цяпер і там, і там – удары дронаў і ракет, мабілізацыя ці набор у армію, паток трунаў. А ў Беларусі – не.

Гэта – яшчэ адзін чыннік станоўчых ацэнак свайго жыцця. Формула «вайны няма і дзякаваць Богу» – для многіх крытэр ацэнкі.

Адзін з крытыкаў у якасці пярэчання дадзеным аб тым, што Расеі сімпатызуюць 86% апытаных, стаў прыгадваць, што ў 2020 годзе шмат у каго з беларусаў знайшліся бел-чырвона-белыя сцягі. Але, па-першае, насамрэч далёка не ва ўсіх. А, па-другое, гэтыя сцягі не былі сінонімам кепскага стаўлення да Расеі. Усе куміры тагачаснага пратэсту – Віктар Бабарыка, Валер Цапкала, Сяргей Ціханоўскі, Святлана Ціханоўская – слова тады не прамаўлялі па-беларуску. Адзін з самых папулярных тады куміраў – Бабарыка – да таго 20 гадоў працаваў на «Газпром», эканамічную квінтэсенцыю «рускага міра». Узлёт папулярнасці Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскага адбыўся тады на фоне абсалютнай грамадскай абыякавасці да праймерыз, якія ладзіла традыцыйная апазіцыя з лозунгам «Прэч ад Расеі». Самым папулярным спікерам пратэстаў у Youtube быў расеец Максім Кац. На тагачасных масавых акцыях практычна не было ніводнага сцягу Еўразвязу.

Блогер Максім Кац на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў прасторы MediaPort. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Усё гэта ніяк не сведчыць пра масавае адмоўнае стаўленне да Расеі. Хутчэй наадварот. І палітыкі тады, дарэчы, гаварылі пра геапалітычную нявызначанасць тагачаснага беларускага пратэсту, што ён не быў ні за Еўропу, ні супраць Расеі. Цяпер многія гавораць іншае. У тым ліку і прыдумляючы заднім чыслом настроі грамадства ў 2020 годзе. Хаця насамрэч менавіта ў гэтым пытанні настроі грамадства мяняліся як раз вельмі няшмат.

Праект брытанскага Chatham House «Беларуская ініцыятыва» праводзіў апытанні ў Беларусі онлайн сярод гарадскога насельніцтва, а не праз тэлефоны, як у апошнім апытанні Цэнтру новых ідэяў.

Аднак стаўленне да Расеі ў апытанні «Беларускай ініцыятывы» паказвала стабільныя высокія станоўчыя ацэнкі – добрае і ў цэлым добрае збіралі больш за 70%. Дык а чым гэта кардынальна адрозніваецца ад дадзеных апошняга апытання ЦНІ? Нічым.

Яшчэ адным папрокам да гэтага апытання стала вялікая колькасць адмоваў рэспандэнтаў удзельнічаць у апытанні, пагадзіліся адказваць на тэлефоннае інтэрв’ю сацыёлагаў толькі 7% тых, да каго спрабавалі датэлефанавацца. Гэты нізкі паказнік узроўню дазвону (response rate) крытыкам падаўся доказам таго, што вынікі ўсяго апытання нічога не вартыя, маўляў, згаджаюцца адказваць толькі лаяльныя ўладзе людзі, ад гэтага і атрымліваецца перакос у бок праўладных рэспандэнтаў.

Аднак высветлілася, што такое нізкае значэнне response rate назіраецца зараз у сацыялагічных апытаннях па ўсім свеце, у тым ліку і ў краінах, дзе ўдзел у апытаннях не звязаныя ні з якой пагрозай для рэспандэнтаў. 

Даследчыкі з амерыканскага сацыялагічнага цэнтру Pew адзначаюць, што людзі могуць адмаўляцца ад удзелу ў тэлефонных апытаннях па розных прычынах: гэта і павелічэнне колькасці навязлівых камерцыйных апытанняў, і нежаданне людзей дапускаць уварванне ў іх прыватнае жыццё, і занятасць, якая не дазваляе ўдзельнічаць у апытанні.

Пры гэтым навукоўцы правяралі вынікі тэлефонных апытанняў вынікамі апытанняў, праведзеных інакш. Паводле Pew нізкі ўзровень дазвону (response rate) слаба звязаны з дакладнасцю апытання. Калі ён слаба звязаны ў ЗША, то можна дапусціць, што такая ж слабая сувязь і ў Беларусі. Дарэчы, у Беларусі да фактараў, якія памяншаюць жаданне ўдзельнічаць у тэлефонных апытаннях, дадаецца страх стаць ахвяраў тэлефонных махляроў, якіх шмат развялося апошнім часам. І гэта ніяк не звязана з палітычнымі поглядамі рэспандэнтаў і іх страхам рэпрэсіяў за нелаяльны адказ.

Зразумела, калі ўзровень дазвону вышэйшы, то якасць даследавання лепшая. Але тут дылема паміж даступнымі беларускім сацыёлагам метадамі. Тэлефоннае апытанне дае выпадковую выбарку і ахоп усіх групаў насельніцтва, але з нізкім узроўнем дазвону, онлайн-апытанне, наагул кажучы, не зʼяўляецца выпадковым і ахоплівае толькі тых, хто мае доступ да інтэрнэту, і ў беларускіх умовах не ўключае ў сябе вяскоўцаў.

Аднак ладная частка крытыкі збудаваная не на гэтых рэальных абмежаваннях, а на ідэалагічнай упэўненасці, што ў несвабодных краінах сацыялагічныя апытанні даюць абсалютна скажоную, неадэкватную карціну.

Сярод беларускіх і расейскіх даследчыкаў па гэтым пытанні ўжо шмат гадоў ідзе дыскусія. Заходнія сацыёлагі гэтай спрэчкай не надта пераймаюцца, прыгаданы цэнтр Pew робіць апытанні па стандартных методыках па ўсім свеце – у Расеі, у Кітаі, у аўтарытарных дзяржавах Азіі і Афрыкі. 

Выглядае, што развагі пра немагчымасць правядзенне дакладных сацыялагічных апытанняў у аўтарытарных краінах тлумачацца проста тым, што крытыкам не падабаюцца дадзеныя існых апытанняў – яны не адпавядаюць іх уяўленням і перашкаджаюць іх палітычным інтарэсам.

Доказ гэтаму – рэакцыя крытыкаў на дадзеная існых апытанняў, якія ім палітычна выгадныя. Першае ж апытанне праекту брытанскага Chatham House «Беларуская ініцыятыва», праведзенае пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 году, паказала, што беларусы пераважнай большасцю (97%) супраць таго, каб беларуская армія ўдзельнічала ў вайне ва Украіне. Пазней гэтая і блізкая да яе прапорцыя шмат разоў пацвярджалася.

Беларускія палітыкі, у тым ліку Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, на ўсіх міжнародных пляцоўках даводзілі, што беларусы ў большасці не падтрымліваюць удзел сваёй краіны ў вайне. На гэтай тэзе ў значнай ступені грунтавалася ўся міжнародная палітыка дэмсілаў.

Мурал «Стрыжка ўспамінаў» бразільскага мастака Дантэ Хароівы на вуліцы Раманоўская Слабада ў Менску летам 2026 года. Фота: lookby.media

А адкуль палітыкі даведаліся, што беларусы ў большасці не падтрымліваюць вайну? Са справаздачаў BELPOL, BYHELP, з публікацыяў незалежнага друку? Ды не, у размовах з замежнікамі яны спасылаліся менавіта на вынікі апытанняў. А як так – іх жа, кажуць, нельга праводзіць у аўтарытарных дзяржавах, яны ў іх не паказваюць нічога, акрамя страху?

Ну як бачым, калі палітычна выгадна, то прыдаюцца і сацыялагічныя апытанні. І нават вельмі. А калі не, калі апытанні не пацвярджаюць байкі пра Беларусь, у якой працягваецца 2020 год, і дзе большасць хоча зрынуць дыктатара – тады, зразумела, апытанні кепскія. У іх справа.

Калі ж не лічыць вінаватым люстэрка, то варта адзначыць, што і травеньскае 2026 году апытанне ЦНІ, і іншыя апытанні апошняга часу фіксуюць астыванне беларускага грамадства, адкат ад рэвалюцыйных настрояў 2020 году. Гэтыя тэндэнцыі былі ўзмоцненыя вайной, якая бушуе побач з Беларуссю, і прыкметным ростам эканомікі і заробкаў за апошнія гады.

Пры жаданні можна, зразумела, спісаць гэтую карціну на фактар ​​страху: маўляў, насамрэч пад спудам рэвалюцыйны агонь палае, як шэсць гадоў таму. Але такому погляду супярэчыць гістарычны досвед. Ну які «пажар на тарфяніку» гарэў на землях цяперашняй Беларусі ў 1869 гадах, праз 6 гадоў пасля паразы паўстання Кастуся Каліноўскага? Ні ўспаміны, ні статыстыка, ні гістарычныя дакументы пра той пажар не сведчаць.

Сілуэты і цені неўстаноўленых пешаходаў на гарадскіх вуліцах. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: lookby.media

Астыванне рэвалюцыйнага полымя – яно не назаўжды, Ніякія настроі не вечныя, яны мяняюцца і часам вельмі хутка і непрадказальна. Але наўрад ці набліжэнню пераменаў спрыяе ігнараванне пераменаў да горшага ці да іншых, якія ўжо адбыліся на нашых вачах. Як казаў герой стужкі «Матрыца» «Сардэчна запрашаем у пустыню рэальнасці».

Юрый Дракахруст, belsat.eu