
Рэпрэсіі, эміграцыя, узмацненне адміністрацыйнага кантролю змянілі ўмовы працы ўніверсітэтаў і навуковых арганізацыяў. Пад пагрозаю здольнасць краіны захоўваць прафесійныя супольнасці, рыхтаваць новыя пакаленні даследнікаў і браць удзел у развіцці сусветнай навукі. Чым ізаляцыя пагражае будучыні беларускай навукі і наколькі цяжка будзе аднавіць страчаныя навуковыя школы, – пра гэта «Белсат» пагаварыў з намеснікам прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння ў пытаннях адукацыі і навукі Андрэем Лаўрухіным.
– Наколькі моцна змянілася беларуская навука пасля 2020 года? У якіх дысцыплінах дэградацыя найбольш заўважная?
– Так, змены заўважныя. Асабліва ў адчувальных дысцыплінах, звязаных з грамадскім жыццём: сацыяльных, гуманітарных, палітычных, часткова юрыдычных навуках. Сацыялогія, паліталогія, гісторыя – усё, што так ці інакш вывучае грамадства.
Эканоміка, магчыма, пацярпела крыху менш. Таму што, нягледзячы на палітычную сістэму, у Беларусі захоўваецца значны прыватны сектар. Адмовіцца ад спецыялістаў, якія разумеюць рынкавыя механізмы, улада проста не можа. Эканамістаў даводзіцца цярпець, бо без іх немагчыма кіраваць сучаснай эканомікай.
А вось сацыялогія ўсё больш рызыкуе ператварыцца ў паўідэалагічны інструмент. Хоць, вядома, нават аўтарытарнай уладзе патрэбныя даследаванні грамадскіх настрояў. Часам ёй важна ведаць, што людзі думаюць насамрэч. Але ў цэлым масавы адʼезд спецыялістаў і прыярытэт лаяльнасці над прафесіяналізмам вельмі сурʼёзна ўдарылі па гэтых дысцыплінах.
Гэта атручвае атмасферу ў адукацыі і навуцы. У некаторых кірунках пачынаюць знікаць цэлыя навуковыя школы, прафесійныя арыенціры, самая культура даследчай працы. І гэта наўпроставы шлях да дэградацыі.

– Ці можна вымераць гэтую дэградацыю? Ці ёсць абʼектыўныя паказнікі, якія дазваляюць ацаніць, што адбываецца з беларускай навукаю?
– Перш за ўсё трэба глядзець на публікацыйную актыўнасць, прысутнасць навукоўцаў у міжнародных навуковых базах, іхны ўдзел у супольных даследаваннях.
На жаль, наконт Беларусі ў мяне няма надзейнай карціны. Я не ведаю даследаванняў, якія дазвалялі б комплексна ацаніць змены, што адбыліся. Затое наконт Расеі такія працы ёсць, і там можна аналізаваць дынаміку міжнародных публікацыяў, склад аўтараў, іхную інстытуцыйную прыналежнасць. Мяркую, што тэндэнцыі ў дзвюх краінах часткова падобныя. Дык вось – назіраецца імклівае скарачэнне прысутнасці расейскіх навукоўцаў у міжнароднай навуцы на ўсіх узроўнях.
Але і тут важна правільна інтэрпрэтаваць паказнікі. Напрыклад, навуковец можа працягваць працаваць з еўрапейскімі калегамі, аднак перастаць указваць у публікацыях афіліяцыю з расейскім універсітэтам або навуковым інстытутам. Гэта не абавязкова азначае, што ён сышоў з навукі. Але азначае, што змяніліся ўмовы ягонага ўдзелу ў міжнароднай навуковай супрацы.
У Расеі мы бачым падобныя кампрамісныя практыкі, у тым ліку ў міжнародных даследчых праектах. У Беларусі таксама застаюцца навукоўцы, якія працягваюць супрацоўнічаць з замежнымі калегамі, прыязджаюць на канферэнцыі, выступаюць з дакладамі, карыстаюцца міжнароднымі навуковымі звесткамі.
Аднак праблема значна шырэйшая. Я называю тое, што адбываецца, двайной «самаізаляцыяй», прычым слова «сама» тут трэба браць у дужкі. З аднаго боку, беларускія ўлады абмяжоўваюць кантакты навукоўцаў з еўрапейскімі інстытутамі, узмацняюць кантроль за паездкамі і супрацаю. З другога – існуюць вонкавыя абмежаванні з боку еўрапейскіх установаў, навуковых арганізацыяў, міжнародных праграмаў.
Гэтыя працэсы накладаюцца адзін на аднаго. Пакуль застаюцца спосабы абыходзіць абмежаванні, захоўваць супрацу, знаходзіць кампрамісы. Але наколькі доўга гэта будзе магчыма?

Мы ўжо бачылі падобную сітуацыю з расейскімі спартоўцамі. Спачатку дапускаўся ўдзел у спаборніцтвах без нацыянальнага сцяга, затым з боку ўладаў пачалі гучаць пытанні: чаму вы выступаеце не пад сваім сцягам? Вы што, не патрыёты?
Я мяркую, што аналагічныя патрабаванні з часам могуць выстаўляць навукоўцам. Чаму вы не ўказваеце расейскі (беларускі) універсітэт? Чаму бераце ўдзел у міжнародным праекце без нацыянальнай афіліяцыі? І тады чалавека паставяць перад жорсткім выбарам: альбо зʼязджаць і працягваць міжнародную навуковую карʼеру, альбо заставацца і адмаўляцца ад значнай часткі прафесійных кантактаў.
– Але хіба ў навукоўца, які актыўна працуе з міжнароднай супольнасцю, няма больш відавочнага рашэння? Калі яго прымушаюць адмовіцца ад супрацы, ён проста зʼязджае. Выходзіць, што ўлада сама стварае ўмовы для страты найлепшых спецыялістаў.
– Так, вядома. Але тут усё залежыць ад індывідуальных абставінаў. Чалавека могуць запрашаць на выдатных умовах, а ў яго сямʼя, сваякі, прывязанасць да месца, нейкія асабістыя абставіны. Не кожны здольны проста ўзяць і зʼехаць.
Ёсць і трэці варыянт – паспрабаваць стварыць уласны замкнёны навуковы свет. Як гэта было ў Савецкім Саюзе, дзе існавала дастаткова магутная і ў некаторых галінах канкурэнтаздольная навука. Але сёння паўтарыць савецкую мадэль наўрад ці ўдасца.
Па-першае, маштаб зусім іншы. Па-другое, з Расеі і Беларусі ўсё ж можна зʼехаць. А па-трэцяе, сама сусветная навука змянілася. Яна зрабілася значна больш глабальнай і транснацыянальнай. Сталы абмен інфармацыяй, вынікамі даследаванняў, звесткамі, досведам – гэта не дадатковая перавага, а неабходная ўмова развіцця.
Вы можаце рабіць адкрыцці, калі вы ўнутры сусветнага інфармацыйнага патоку, калі ў вас ёсць доступ да сучасных даследаванняў, калі вы ўвесь час кантактуеце з калегамі. А калі вы ізалюеце сябе ва ўласным куратніку, то можаце бясконца вынаходзіць якія-небудзь рыбныя катлеты з мяса, але да сурʼёзнага навуковага развіцця гэта не будзе мець ніякага дачынення.
– Калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца, праз які час наступствы стануцца практычна незваротнымі? Ці можна гаварыць пра найбліжэйшыя тры–пяць гадоў як пра крытычны перыяд для беларускай навукі?
– Я б вельмі асцярожна аперыраваў канкрэтнымі тэрмінамі. Мы не можам з такой дакладнасцю прадказваць будучыню. Шмат што залежыць ад палітычнай канʼюнктуры. Але калі проста працягнуць існыя тэндэнцыі, то цягам найбліжэйшых пяці гадоў мы можам убачыць вельмі сурʼёзнае пагаршэнне якасці навукі.
Тут трэба разумець спецыфіку навуковых супольнасцяў. Яны даволі замкнёныя і ўстойлівыя. У гэтым адначасова іх сіла і слабасць. З аднаго боку, яны здольныя доўга захоўваць традыцыі, прафесійныя стандарты, даследчыя школы нават ва ўмовах палітычных узрушэнняў.
З другога – калі пачынаецца ўнутраная эрозія, калі сыходзяць людзі, якія стваралі школы, перадавалі веды, фармавалі навуковую культуру, наступствы робяцца катастрафічнымі. Бо знікае пераемнасць. Няма нармальнай ратацыі кадраў, няма прытоку маладых даследнікаў, якія маглі б развіваць існыя кірункі або ствараць новыя.
Змена навуковых пакаленняў – працяглы працэс. І яго працягласць залежыць ад дысцыпліны. У матэматыцы, напрыклад, маладыя даследнікі часта пачынаюць адыгрываць прыкметную ролю адносна рана. У гуманітарных навуках фармаванне сталага навукоўца можа займаць значна больш часу.

І калі цяперашняя тэндэнцыя працягнецца, у шмат якіх выпадках можа аказацца, што рамантаваць ужо няма сэнсу. Давядзецца ствараць навуковыя школы нанова.
Возьмем паліталогію. Як яе рамантаваць у Беларусі? Яна настолькі ідэалагізаваная, настолькі прасякнутая палітычнай ангажаванасцю, што, магчыма, больш разумна будзе ствараць гэты кірунак практычна з нуля. Падобная сітуацыя складваецца з некаторымі іншымі сацыяльна-гуманітарнымі дысцыплінамі, у тым ліку з гісторыяй. Шмат гісторыкаў зʼехалі, іншыя з меркаванняў цэнзуры былі вымушаныя замаўчаць або сысці з прафесіі.
І тут праблема не толькі ў страце адмыслоўцаў.
За гэтыя гады назапашваюцца ідэалагічныя скажэнні, ствараюцца падручнікі, фармуюцца ўяўленні пра гістарычныя падзеі, якія потым давядзецца пераглядаць. Трэба будзе нанова дамаўляцца пра правілы навуковай дыскусіі, пра тое, што ўважаецца дакладнымі ведамі, як вызначаецца дакладнасць фактаў.
А потым павінна вырасці новае пакаленне людзей, якія будуць вучыцца па іншых падручніках, атрымаюць якасную адукацыю, прыйдуць ва ўніверсітэты і самі стануць даследнікамі. Уявіце, колькі часу гэта зойме. Спачатку школа, потым універсітэт, затым уласная навуковая праца. Гаворка ідзе пра дзесяцігоддзі.
