Грудзінаўка: палац графаў Талстых і экзатычныя дрэвы. Гісторыя аднаго з найпрыгажэйшых маёнткаў Магілёўшчыны

У невялікай Грудзінаўцы на Быхаўшчыне захавалася месца, якое дазваляе ўявіць, якім раскошным і самадастатковым быў беларускі шляхецкі маёнтак у XIX стагоддзі. Двухпавярховы палац з калонамі і купалам, рэшткі старога парку, сажалкі, прысады і гаспадарчыя пабудовы. Некалі ў аранжарэях вырошчвалі персікі, у стайнях гадавалі племянных коней, а пры гаспадарцы працавалі мануфактура, бровар і шкляная гута.

Сядзіба ў наш час. Фота: be.wikipedia.org

У невялікай Грудзінаўцы на Быхаўшчыне захавалася месца, якое дазваляе ўявіць, якім раскошным і самадастатковым быў беларускі шляхецкі маёнтак у XIX стагоддзі. Двухпавярховы палац з калонамі і купалам, рэшткі старога парку, сажалкі, прысады і гаспадарчыя пабудовы. Некалі ў аранжарэях вырошчвалі персікі, у стайнях гадавалі племянных коней, а пры гаспадарцы працавалі мануфактура, бровар і шкляная гута.

Ад Хадкевічаў і Сапегаў да графаў Талстых

Грудзінаўка знаходзіцца прыкладна за 35 кіламетраў на паўночны ўсход ад Быхава. Назва паселішча, паводле краязнаўцаў, можа паходзіць ад слова «груд» — узвышша, пагорак. Менавіта на такім пахілым узвышшы пасярод лясоў і балотаў некалі вёска і ўзнікла.

У мінулым гэтыя землі належалі магнацкім родам Хадкевічаў і Сапегаў. Але пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Магілёўшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі, а Грудзінаўка перайшла ў рукі новых гаспадароў. Імі сталі графы Талстыя — прадстаўнікі аднаго з вядомых расійскіх арыстакратычных родаў. Імператрыца Кацярына II падаравала Дзмітрыю Талстому вёску разам з прыгоннымі сялянамі. 

Дзмітрый Талстой быў буйным землеўласнікам, вайскоўцам, які зрабіў кар’еру на імперскай службе, а ў 1812–1820 гадах займаў пасаду магілёўскага грамадзянскага губернатара. Пасля адыходу ад дзяржаўных справаў ён пасяліўся ў Грудзінаўцы і заняўся маёнткам, які ахопліваў амаль 19 тысяч дзесяцінаў зямлі і лесу. Тут ён і памёр у 1832 годзе, быў пахаваны ў мясцовай царкве. 

Дзмітрый Талстой. Фота: lib-bykhov.by  

Першыя гаспадары не адразу ўзвялі мураваны палац, які сёння асацыюецца з Грудзінаўкай. Спачатку сям’я жыла ў драўляным доме, пабудаваным каля возера. Менавіта вакол яго паступова фармаваўся вялікі гаспадарчы і палацава-паркавы комплекс.

Ужо ў пачатку XIX стагоддзя маёнтак меў добрую гаспадарчую рэпутацыю. У губернскіх справаздачах за 1804 і 1823 гады згадваюцца конны завод і мануфактурная фабрыка, якія дзейнічалі ва ўладаннях Дзмітрыя Талстога. Асаблівую цікавасць выклікае гісторыя мануфактуры. У 1823 годзе на дзесяці ткацкіх станках прыгонныя ткачыхі вырабілі 6250 аршынаў палатна — як простага тонкага, гэтак і фламандскага. Пазней у Грудзінаўцы паўсталі бровар і шкляны завод. 

Фота палаца ў паваенны час. Фота: lib-bykhov.by 

Варта, аднак, памятаць, што за гэтым гаспадарчым поспехам стаяла прыгонная праца. У 1863 годзе, падчас сялянскай рэформы, у маёнтку налічвалася 1147 прыгонных сялянаў. 

Рэформа не азначала імгненнага знікнення сацыяльнай няроўнасці. Варункі землекарыстання абмяжоўвалі магчымасці сялянаў. У прыватнасці, рэгуляваліся паляванне і рыбалоўства на маёнткавых землях і вадаёмах. Зямля, атрыманая сялянскімі гаспадаркамі, заставалася ў калектыўнай уласнасці грамады.

Галоўная архітэктурная каштоўнасць Грудзінаўкі — палац у стылі класіцызму, які ўзвышаецца над навакольным паркам.

Порцік палаца. Фота: be.wikipedia.org

Гэта не магнацкая рэзідэнцыя, якая павінна ўражваць сваім маштабам. Наадварот, будынак мае адносна сціплы памер, але вельмі выразную кампазіцыю. Яго прыгажосць — у прапорцыях, сіметрыі і ўдала абраным месцы. Цэнтральная частка палаца — квадратная ў плане, двухпавярховая, завершаная сферычным купалам. Галоўны фасад вылучаецца адкрытай паўкруглай верандай, да якой вядуць высокія мураваныя сходы. На другім паверсе размешчаны балкон, з якога адкрываецца від на парк, сажалку і колішні сад. Абапал цэнтральнага корпуса знаходзяцца ніжэйшыя аднапавярховыя крылы. Дзякуючы гэтаму будынак выглядае гарманічна.

У афармленні фасаду выкарыстаныя характэрныя для класіцызму элементы: пілястры, дэкаратыўныя нішы, сандрыкі, фігурныя кранштэйны і масіўныя карнізы.

Унутры палаца ў цэнтральнай частцы быў шырокі вестыбюль са сходамі, над якім размяшчалася парадная зала. Пакоі былі злучаныя калідорнай сістэмай.

Цікава і тое, якім чынам будынак быў улучаны ў навакольны ландшафт. Яго паставілі на ўзвышшы, каб з веранды і балкона адкрывалася панарама парку. Гэта была частка агульнай архітэктурнай задумы.

Планіроўка парку грунтавалася на пейзажным прынцыпе: прырода павінна была выглядаць натуральна, але насамрэч усе віды, прысады і перспектыва былі прадуманыя. У цэнтры кампазіцыі былі палац, партэр з фантанам і від на вялікі стаў. Перад палацам — паўкруглы партэр, абсаджаны ліпамі. Ад яго адыходзіла галоўная ліпавая алея. Побач месціўся масіў еўрапейскай лістоўніцы, а да гаспадарчага двара вяла алея з туямі. Заходнюю частку парку займала вялікая сажалка плошчай каля трох гектараў. 

Парк вакол палаца. Фота: lib-bykhov.by, be.wikipedia.org 

Асаблівую каштоўнасць парку надавала раслінная разнастайнасць: амаль 60 відаў дрэваў і кустоў. Для тагачаснай Беларусі гэта была сапраўдная батанічная калекцыя. Сярод рэдкіх раслін згадваюцца сібірская кедравая хвоя, змеепадобная елка, пірамідальны дуб, крымская ліпа, расчэчалістая шэрая вольха, канадская таполя і пенсільванскі ясень. Экзатычныя дрэвы прывозілі з-за мяжы. Яны павінны былі падкрэсліваць адукаванасць, заможнасць і добры густ гаспадароў.

Грудзінаўскі парк і сёння захоўвае частку сваёй былой велічы. Некаторыя старыя дубы, туі і іншыя рэдкія дрэвы перажылі некалькі пакаленняў гаспадароў, рэвалюцыю, войны і змены ў прызначэнні сядзібы. У 1963 годзе парк атрымаў статус помніка прыроды і садова-паркавага мастацтва рэспубліканскага значэння.

Графіня Аляксандра Талстая: апошняя гаспадыня Грудзінаўкі

Пасля смерці Дзмітрыя Талстога маёнтак заставаўся ва ўласнасці ягоных нашчадкаў. Істотныя змены ў гісторыі Грудзінаўкі адбыліся ў другой палове XIX стагоддзя.

У 1875 годзе памёр Павел Талстой, сын першага гаспадара. Маёнтак перайшоў да ягонага сына Дзмітрыя (1853–1894), які служыў пры Міністэрстве імператарскага двара. Пасля ягонай смерці мужчынская лінія ўладальнікаў Грудзінаўкі перарвалася.

Гаспадыняй маёнтка стала ўдава Дзмітрыя — графіня Аляксандра Талстая, народжаная князёўна Шчарбатавa. Яна паходзіла са старажытнага княскага роду, які залічваў сваіх продкаў да Рурыкавічаў. Графіня жыла пераважна ў Пецярбургу, але летам прыязджала ў свой беларускі маёнтак. Яна падтрымлівала гаспадарку, развівала вытворчасць і займалася дабрачыннасцю.

Аляксандра Талстая. Фота: lib-bykhov.by

Адным з найбольш прыкметных ейных праектаў стаў шпіталь у суседняй вёсцы Рыжкаўка, прыкладна за тры кіламетры ад Грудзінаўкі. Для таго часу гэта была надзвычай добра абсталяваная медыцынская ўстанова: яна мела вадаправод і каналізацыю, калі гэта яшчэ не было звычайнай з’явай нават у многіх гарадскіх будынках.

Графіня запрашала добрых лекараў і аплочвала працу медычнага персаналу. Разам з дочкамі наведвала хворых, а дзеці, народжаныя ў мясцовым шпіталі, атрымлівалі гэтак званы дзіцячы пасаг.

Захаваліся ўспаміны пра тое, што на вялікія святы графіня частавала жыхароў вёскі. Такія гісторыі перадаваліся ад старэйшага пакалення да малодшага і сталі часткай мясцовай памяці пра апошнюю гаспадыню маёнтка.

Таксама ў Грудзінаўцы дагэтуль ведаюць сям’ю Ратнікавых пад мянушкай Шакаладныя. Паводле мясцовага падання, аднойчы графіня папрасіла свайго конюха Ратнікава прынесці да абеду салаты. Але той няправільна зразумеў загад і замест салаты прывёз шакаладу. 

Пры Аляксандры Талстой гаспадарка Грудзінаўкі была арганізаваная найлепшым чынам. Тут былі сады, ягадныя плантацыі і аранжарэі, у якіх вырошчвалі персікі ды іншыя расліны, нехарактэрныя для мясцовага клімату. У гаспадарцы разводзілі племянных коней, а на малочнай ферме трымалі кароваў альгаўскай пароды. Каб палепшыць якасць жывёлаў, закупляліся новыя племянныя вытворцы і насенне высокаўрадлівых сельскагаспадарчых культур. У апісаннях згадваюцца трохпольная сістэма земляробства, амерыканскі авёс і французская люцэрна, якія выкарыстоўваліся ў тым ліку для кармлення жывёлы.

У пачатку XX стагоддзя графіня занялася перабудовай маёнтка і мадэрнізацыяй гаспадаркі. З гэтым звязана асобная старонка гісторыі маёнтка — вінаробства і вытворчасць спірту. У 1908 годзе ў Грудзінаўцы з удзелам польскіх майстроў і на базе польскага абсталявання пабудавалі невялікі вінакурны завод. Першапачатковая задума была звязаная з вырабам віна, але яна не прынесла чаканага выніку. Затое наладзілася вытворчасць бульбянога спірту-сырцу — завод мог вырабляць да ста вёдраў спірту ў дзень. Фабрыка працавала сезонна, выкарыстоўвала торф у якасці паліва і забяспечвала працай каля сарака чалавек.

Усё змянілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Ужо ў лістападзе Грудзінаўка была пад савецкай уладай. Аляксандра Талстая пакінула Беларусь і пераехала ў Францыю, а маёнтак быў нацыяналізаваны. Палац пачаў выкарыстоўвацца для новых патрэбаў. 

Спачатку тут размясціўся штаб фармавання Чырвонай Арміі. Пазней у скляпах былой графскай рэзідэнцыі працаваў вінзавод. А ў 1919 годзе на землях маёнтка было арганізаванае савецкае гаспадарчае прадпрыемства — саўгас «Грудзінаўка». Яму перадалі зямлю, вінакурны завод, паравы млын, палац і іншыя пабудовы разам з гаспадарчым інвентаром.

Пазней частку комплекса выкарыстоўвалі для адукацыйных і сацыяльных патрэбаў. У флігелі да вайны размяшчалася сярэдняя школа, але ў 1943 годзе ён згарэў праз неасцярожнае абыходжанне з агнём нямецкіх вайскоўцаў — падчас Другой сусветнай вайны ў маёнтку месціліся нямецкі шпіталь і вайсковая часць.

Пасля вызвалення Грудзінаўка атрымала яшчэ адну функцыю. У 1945–1961 гадах у былым палацы дзейнічаў дзіцячы дом для сіротаў, якія страцілі бацькоў падчас вайны. Дзеці жылі ў пакоях, дзе некалі прымалі гасцей графы Талстыя. Пры гэтым парк захоўваўся — дзеці прыбіралі сухое галлё і апалае лісце, сачылі за парадкам у прысадах. 

Менавіта ў гэты перыяд у парку з’явілася шмат новых клёнаў і бярозаў, высаджаных без асаблівай сувязі з першапачатковай кампазіцыяй. Пасля дзіцячага дома ў палацы месцілася школа-інтэрнат для дзяцей з захворваннямі сэрца. Тут яны маглі адначасова вучыцца і праходзіць лячэнне. У 1990 годзе школа-інтэрнат была зачынена праз наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. А ў наступным годзе на тэрыторыю былой сядзібы пераехаў шпіталь з Рыжкаўкі, які заняў корпус былой школы-інтэрната.

У пачатку 1990-х гадоў з’явілася надзея, што Грудзінаўка зможа атрымаць новае жыццё. У 1991 годзе лёсам сядзібы зацікавіліся мясцовыя грамадскія дзеячы і адмыслоўцы. Асаблівую ролю адыграў Мікалай Кугель — заслужаны лекар Беларусі і дэпутат абласной Рады. Былі праведзеныя тапаграфічныя даследаванні, падрыхтаваная дакументацыя, пачалася праца па ачыстцы паркавай сажалкі. Мясцовая гаспадарка атрымала даручэнне ўзяць сядзібу пад ахову, а на добраўпарадкаванне парку выдзелілі 50 тысяч рублёў. Але праект так і не быў рэалізаваны. 

Падрыхтаваная дакументацыя недзе згубілася, а працы спыніліся. 

Паступова парк страціў першапачатковую планіроўку. Знікалі старыя ліпавыя алеі, змянялася тэрыторыя каля сажалкі, а на партэрах і палянах з’яўляліся новыя дрэвы, высаджаныя без уліку гістарычнай кампазіцыі. Паводле апісанняў падарожнікаў, якія наведвалі Грудзінаўку ў апошнія гады, будынак палаца знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане і патрабуе сур’ёзнай рэстаўрацыі.

Ю.К., budzma.org