Пра адвечны беларускі дуалізм можна гаварыць бясконца: паміж Усходам і Захадам, два сьцягі і два гербы, Менск і Мінск і г.д. Разважаючы пра лёсы Бацькаўшчыны і пры гэтым круцячы ў пальцах пацямнелую рублёвую манэтку, знойдзеную ў самай далёкай шуфлядзе рубрыкі «Прыдарожны пыл» на Budzma.org, Валера Руселік уважліва разглядае абодва яе бакі. І нездарма…
Ці памятаеце гэтую старую, яшчэ савецкую показку, шматкроць перафразаваную, у тым ліку і на беларускі капыл? Сядзяць у яме з гноем людзі, а таго гною прыбывае ўсё больш: вось ужо па шыю, вось па самае падбародзьдзе, па вусны… Усе на дыбкі паўставалі, цягнуцца ўгару, вусны сьціснулі — каб у рот не залілося. Урэшце адзін хлопец не вытрымлівае і пачынае крычаць: «Ды колькі ж можна гэта цярпець, людцы? Трэба ж нешта рабіць, неяк выбірацца!» А астатнія на яго толькі незадаволена шыкаюць: «Слышь, ты, не нагоняй волну!»
Штораз згадваю гэты жарт, калі чую пра «надо потерпеть», «не делите беларусов по языковому признаку», «что вы заладили со своей мовай и культурой — давайте сперва жизнь наладим» і г.д.
Як быццам у нас ёсьць нейкае іншае жыцьцё, каб пражыць яго інакш — без адкладаньня нашых каштоўнасьцяў на потым, на сьвятое ніколі. Як быццам чым больш церпім і чакаем, нічога ня робячы, тым лепшым робіцца сьвет вакол нас.

Ёсьць такі выраз: «Адваротны бок мэдаля». Кажуць, ён пайшоў ад францускага «l’envers de la médaille» і скіроўвае да традыцыі заходнеэўрапейскіх чэканшчыкаў, якія звычайна рабілі адваротны бок мэдаля куды прасьцейшым і горшым за парадны.
То бок на ўсё можна зірнуць з розных бакоў: добра ці дрэнна — гэта як паглядзець.
Ну вось да прыкладу — дзьве навіны з апошняга часу. Мірскі замак увайшоў у топ-100 найлепшых замкаў і фартэцыяў сьвету, паводле вэрсіі нямецкага выдавецтва «Worth a Journey». Ва ўсясьветным рэйтынгу — 89-е месца з 100, у эўрапейскім — 69-е зь 75-ці.
Ну ачмурэнна ж, ці не праўда? Як тут не прыгадаць нашую адвечную Гардарыку — Краіну замкаў, слаўную мінуўшчыну зь непераможнымі князямі і рыцарамі — адметную й неад’емную частку Эўропы?

І побач жа — працяг гісторыі з «Маяками русского мира». Пасьля правальна нешматлюднай сустрэчы ў Менску маскоўскі лектар Аляксей Комаў паехаў у Гальшаны, дзе адразу ж прапанаваў усталяваць помнік князю Даўмонту — дакладней, копію помніка, які ўжо стаіць у… расейскім Пскове. А таксама адбудаваць з руінаў мясцовы замак Сапегаў XVII стагодзьдзя… на ўзор імпэратарскага палацу ў маскоўскім Царыцыне.
Іншых жа узораў для каталіцкага мястэчка ў самым сэрцы былога Вялікага Княства — па-сутнасьці, сымбаля ўсяго таго, што расейцы нішчылі і працягваюць нішчыць на нашай зямлі — не знайшлося, праўда?
Вось табе і Гардарыка. Вось табе і два бакі мэдалю…

Зрэшты, што будзе з той адбудовай у Гальшанах — пакуль што незразумела. Але пэрспэктывы змрочныя — як ты ні круці той мэдаль. Літаральна за два тыдні да прыезду рускамірца Комава праектавальнік і рэстаўратар Ігар Раханскі, які шмат гадоў кіраваў праектам кансэрвацыі Гальшанскага замку, паведаміў у сацсетках пра спыненьне дзяржаўнага фінансаваньня ўсіх працаў і пра тое, што ён цяпер «па-за гульнёй і сядзіць на лаўцы запасных».
А ці не таму і адсунулі, каб пад нагамі ў рускамірцаў ня боўтаўся? І што з фінансаваньнем будзе далей? Калі праект застанецца бяз грошай — замак гэтак і не акрыяе, не ажыве, паступова згібее.
Ну а калі замест дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» гальшанскую славутасьць усунуць у якую-небудзь праграму «Маяки Русского мира» пад эгідай гэтак званага Саюзнага гасударства — то што тады? Замест замку Сапегаў — навабуд-копія маскоўскага Царыцына?
Божа, няўжо ў цябе для нас, беларусаў, не знайшлося якога-небудзь іншага мэдаля — каб хоць адзін яго бок ня быў гэткі змрочны?

Але, вяртаючыся да самага пачатку нашай размовы, варта зазначыць наступнае. Вядома, можна моўчкі назіраць за тым, як наш Край залівае сьмярдзючая жыжа «русского мира», ставіць замест нашых замкаў свае «маяки». Можна з апошніх сілаў цягнуцца на дыбачках у спадзеве патануць у той жыжы як мага пазьней і гнеўна лыпаць вачыма ў бок нязгодных і неабыякавых, якія, бач ты, «нагоняют волну».
А можна прыкласьці ўсе намаганьні, каб, урэшце, перагарнуць наш Беларускі мэдаль на лепшы бок. І паспрабаваць усё-ткі выкараскацца з тае жыжы. Вярнуць нацыянальны гонар, адрадзіць — найперш у сабе — родную мову, далучыцца да роднае культуры, даведацца пра ўласную гісторыю. Быць беларусамі!
Які бок мэдаля абіраеш ты?
