Асвяціць велікодныя стравы і далучыцца да супольнай малітвы: беларусы Варшавы рыхтуюцца да Вялікадня

Неўзабаве каталіцкія вернікі ўсяго свету адзначаць самую вялікую хрысціянскую ўрачыстасць, а ў беларусаў Варшавы сёлета ізноў будзе магчымасць адсвяткаваць Вялікдзень сваёй супольнасцю. У чацвер у касцёле св. Аляксандра, што на плошчы Трох крыжаў, распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум.

Пра асаблівыя цэлебрацыі, на якіх будуць успамінаць укрыжаванне, пахаванне і ўваскарсенне Езуса Хрыста ў эфіры «Радыё Ўнэт» распавялі прадстаўнікі рады супольнасці беларусаў-каталікоў у Варшаве Лілія Еўтух і Арцём Ткачук.

«Дзякуй Богу, другі год запар мы будзем адзначаць Вялікдзень разам, − запрашае Арцём у касцёл св. Аляксандра і кажа, што сёлета свята адгукаецца ў душы асабліва». 

«Пакутуюць цэлыя народы. І беларусы, і ўкраінцы. Гэта такі цяжар… Асабіста я спрабую не апускаць рукі і, як банальна гэта б не гучала, імкнуся заставацца чалавекам. Я не магу змяніць увесь свет, але магу зрабіць так, каб людзі не пакутвалі хаця б праз мяне. Каб ад мяне не сыходзіў негатыў і штосьці кепскае».

Пасля нядзельнай Імшы ў 11:30 у парафіяльным доме пройдзе сёлета і  святочны абед. Лілія запрашае да сумеснага стала ўсіх беларусаў −  незалежна ад веравызвання і поглядаў.  

«Шмат хто на эміграцыі не зможа паехаць да блізкіх, не можа паехаць дадому.  Таму мы вырашылі зрабіць такую вось прастору. Прыходзьце. Пап’ём кавы, пачастуемся, паспяваем песні».

Традыцыйна ўсе набажэнствы беларускіх каталікоў у Варшаве пройдуць у касцёле св. Аляксандра:  

  • Вялікі Чацвер (06.04) − Імша а 18-ай у верхнім касцёле разам з польскай парафіяй.
  • Вялікая пятніца (07.04) − Крыжовы шлях а 18-ай, пасля − Літургія Мукі Пана ў дольным касцёле. 
  • Вялікая субота (08.04) − святая Пасхальная Вігілія ў 22.00 у верхнім касцёле. 

Асвячэнне страваў на велікодны стол будзе ў суботу пасля Вігілійнай Імшы і ў нядзелю.

Імшы ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана і ў Велікодны панядзелак як заўсёды − у 11:30 і 18:00.

Яшчэ больш інфармацыі можна знайсці на старонцы супольнасці беларусаў-каталікоў. А па спасылцы можна паслухаць вялікую размову з Арцёмам Ткачуком і Ліліяй Еўтух пра велікодныя цэлебрацыі, святочныя традыцыі і планы беларуска-каталіцкай суполкі на бліжэйшы час. 

radiounet.fm