«Магія кіно — не пустыя словы»: у журы прэміі «Залаты глобус» увайшлі два беларускіх кінакрытыка — Ірэна Кацяловіч і Максім Карпіцкі

Фота: Global Look Press | FS/AdMedia

Сябры FIPRESCI, кінакрытыкі Ірэна Кацяловіч і Максім Карпіцкі афіцыйна ўключаны ў склад журы прэміі «Залаты глобус-2024» — найвядомейшай амерыканскай узнагароды, якая прысуджаецца Галівудскай асацыяцыяй замежнай прэсы з 1944 года за працы ў кінафільмах і тэлевізійных карцінах, піша Reform.by.

Ірэна Кацяловіч летась стала першым беларускім кінакрытыкам, якая ўключылася ў працу журы другой па прэстыжу прэміі ў амерыканскай кінаіндустрыі пасля «Оскара». Кінаўзнагарода вырашылася на пашырэнне складу ўдзельнікаў пасля крытыкі ў яе бок у пазамінулым годзе, і сёлета гэты трэнд (на пашырэнне) замацоўваецца. Reform.by удалося звязацца з беларускімі сябрамі журы, каб распытаць пра іх чаканні і стаўленне да ўдзелу ў «Залатым глобусе».

Максім Карпіцкі. Фота прадастаўлена аўтарам

Максім Карпіцкі: «Дужа ўсцешаны, што прэмія пашырае склад удзельнікаў»

«Я трохі скептычна стаўлюся да любых прэмій і ўзнагарод, вынікі каторых вызначаюцца сярэднім арыфметычным ад галасоў вялікай колькасці ўдзельнікаў: такім чынам найчасцей перамагае дыхтоўна зробленая пасрэднасць, — падзяліўся сваім поглядам на конкурсы і прэміі сябра FIPRESCI, кінакрытык, рэдактар часопіса Cineticle Максім Карпіцкі. — Але я таксама і рады, бо сярод пераможцаў «Залатога глобуса» бывалі і напраўду вялікія фільмы ды серыялы, гледзячы каторыя адчуваеш, што магія кіно — не пустыя словы. Яшчэ я дужа ўсцешаны, што прэмія пашырае склад удзельнікаў, намагаючыся зрабіць яго больш разнастайным. Раз ужо рабіць нешта вялізнай талакой, дык менавіта так, у стракатай кампаніі людзей з самых розных культур», — зазначыў аўтар.

Ірэна Кацяловіч: «Калі я атрымала прапанову прайсці адбор яшчэ раз, доўга не думала»

Ірэна Кацяловіч. Фота прадастаўлена аўтарам

«Залаты глобус» скарыў мяне эксклюзіўным доступам да велічэзнай колькасці фільмаў, — з ходу адказала на пытанне «чаму кінакрытык пагадзілася зноў на гэты выклік?» сябра FIPRESCI,  прадстаўніца Беларускай Рады культуры і аўтарка «Белсату» Ірэна Кацяловіч. — А калі ты шчасліўчык валодаць такім багаццем, гэта перакрывае вялікую колькасць неаплочвальнай працы, якую трэба зрабіць у дадатак». 

«Да таго ж, мне прыемна, што эксперымент з запрашэннем міжнародных сябраў журы, які Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы зладзіла летась, было вырашана працягваць, — адзначыла аўтарка. — Мне сімпатычнае імкненне прэміі да разнастайнасці воўтэраў — (лаўрэаты прэміі выбіраюцца праз галасаванне, удзельнікамі якіх акурат з’яўляюцца новыя і сталыя сябры журы — удакл. Reform.by), як і то, што на ўручэнні мінулай прэміі выступіў Уладзімір Зяленскі, чаго, напрыклад, не дазволілі зрабіць на “Оскары”. Таму калі я атрымала прапанову прайсці адбор яшчэ раз, доўга не думала. Пастараюся ўбачыць падчас гэтага досведу журэння як мага больш нечаканых выразных мастацкіх прыёмаў», — распавяла адмыслоўца.

Вядома, што сёлета Ірэна Кацяловіч актыўна заахвочвала беларускіх калег падавацца на ўдзел у прэміі.

«Прадстаўнікі прэміі спыталі, ці магу я параіць ім патэнцыйных воўтэраў, — патлумачыла яна гэты момант. — Калі летась да журы дадалося каля 100 міжнародных сябраў журы, сёлета гэты склад пашырыўся яшчэ больш — 215 чалавек дадаліся да 95 воўтэраў з асацыяцыі. Я падзялілася такой магчымасцю з калегамі, і мне вельмі прыемна, што адзін з іх прайшоў адбор, бо гэта, па-першае, пашырае прафесійную прысутнасць беларусаў на міжнародных пляцоўках, па-другое, за кошт прэстыжу “Залатога глобуса” павышае статус беларускай культурніцкай супольнасці. Да таго ж, журэнне дае доступ да той самай вялікай колькасці фільмаў, і мне падавалася, гэта файна — падзяліцца магчымасцю яе атрымаць».

Нагадаем, што падача заявак на ўдзел у «Залатым глобусе» пачынаецца ў верасні гэтага года. Фінальнае галасаванне па вызначэнні пераможцаў адбудзецца ў снежні 2023-га. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання традыцыйна ладзіцца на пачатку студзеня наступнага года. Наперадзе ў беларускіх кінакрытыкаў і іх калег шмат працы.

Пераможцамі сёлетняй, 80-й прэміі «Залатога глобуса» быў прызнаны фільмы: «Фабельманы» Стывена Спілберга і «Баншы Інішэрына» Марціна Макдонаха.

Reform.by