Культурнае жыццё Мінска за апошнія тры гады стала як ніколі скупым. Спачатку на яго істотна паўплывала пандэмія каронавіруса, затым — рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў. У 2022-м да таго ж дадалася вайна ва Украіне, якая закранула ў тым ліку культуру. У выніку многія прыватныя культурныя ініцыятывы і тусовачныя пляцоўкі зачыненыя. Частка творчай эліты сядзіць, яшчэ адна частка вымушана эмігравала і зараз ужо адчыняе новыя месцы ў Вільні ці Варшаве. У Мінску ж тым часам адбываецца культурнае зацішша. Папрасілі жыхароў нашай сталіцы падзяліцца сваімі думкамі аб маштабе культурнай стагнацыі, а таксама расказаць, як яны сябе забаўляюць і ратуюць у такі складаны час.

«Здавалася, што далей будзе толькі лепш». Што адбываецца ў тэатрах

За апошнія тры гады Мінск фактычна застаўся без прыватных тэатральных калектываў. Улады сярод іншага закрылі «Сучасны мастацкі тэатр». Не стала тэатральнай кампаніі «Тэрыторыя мюзікла». Перастаў паказваць свае «падпольныя» спектаклі «Свабодны тэатр».

За гэты час быў ліквідаваны цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», які ствараў у тым ліку тэатральныя пастаноўкі, праводзіў міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», фестываль «Арт-Мінск», шматлікія выставы. Ліквідацыі гэтага цэнтра папярэднічала закрыццё культурнага хаба ОК16 на тусовачнай вуліцы Кастрычніцкая ў будынку былога цэха Мінскага станкабудаўнічага завода. Тут «АРТ Карпарэйшн» праводзіла свае мерапрыемствы. У снежні 2022 года комплекс будынкаў ОК16 быў выстаўлены на аўкцыён, але ён у выніку не адбыўся.

— Да 2020 года тэатральнае жыццё Мінска бурліла: лабараторыі для рэжысёраў і драматургаў, фестывалі, гастролі, лекцыі, чыткі п’ес з наступным абмеркаваннем. Часам было складана вырашыць, куды пайсці: хацелася апынуцца ўсюды і адразу, на некаторыя пастаноўкі даводзілася чакаць білеты, каб своечасова іх купіць, — расказвае 34-гадовая мінчанка Дар’я, якая раней актыўна хадзіла ў тэатры. — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (РТБД), Купалаўскі тэатр, Тэатр лялек, ОК16, Культурны цэнтр «Корпус» — гэта месцы, дзе я бывала часцей за ўсё. Здавалася, што далей будзе толькі лепш, цікавей і багацей. А потым здарыўся 2020 год…

Дар’я кажа, што «з горыччу чытае навіны аб сыходах, звальненнях, арыштах людзей, звязаных з тэатрам і культурным асяроддзем». «Цяпер мясцовае тэатральнае жыццё складана назваць жыццём. Гэта манеўраванне, саступкі і спроба неяк далей дыхаць, самастойных пляцовак не засталося, тэма дазволенага звузілася», — кажа Дар’я.

Ок16, актуальнае фота

Мінчане, з якім мы пагутарылі аб культурным жыцці ў горадзе, шмат гавораць пра Купалаўскі тэатр. Нагадаем, з гэтага тэатра ў жніўні 2020 года звольніліся 58 чалавек (36 з якіх — акцёры). На той момант у трупе тэатра з 57 чалавек застаўся 21. Засталося некалькі акцёраў са старажылаў, а мастацкай кіраўніком тэатра стала заслужаная артыстка Вольга Няфёдава. У тэатр неаднаразова ладзілі кастынгі. Цяпер сярод артыстаў — шмат моладзі, выпускнікі і студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў. Не так даўно ў трупе з’явіліся расійскія акцёры.

— Купалаўскага тэатра больш няма. Не варта аналізаваць ніякі там яго рэпертуар цяпер. Няма гэтага тэатра. І гэта вялізная страта, — тлумачыць 26-гадовая мінчанка Марыя.

Са старога, усім добра вядомага рэпертуару Купалаўскага можна ўбачыць «Вечар» і «Чорную панну Нясвіжа» (пастаноўкі Валерыя Раеўскага) і абавязковую «Паўлінку» рэжысёра Льва Літвінава (раней «Паўлінку» ставіў Мікалай Пінігін).

— За апошнія два гады хадзіла некалькі разоў у гэты тэатр па старой памяці, вельмі любіла гэты тэатр заўсёды, — расказвае 30-гадовая мінчанка Таццяна— На новыя прынцыпова не брала квіткі. Была на пастаноўцы «Вечара». Зубкова, Аўсяннікаў граюць па-ранейшаму добра, але былой радасці гэта ўжо не прыносіць. А «Чорную панну Нясвіжа» і «Паўлінку» ўвогуле не змагла з новымі акцёрамі ўспрымаць!

У 2021 годзе Купалаўскі тэатр выпусціў усяго 3 спектаклі: казку «Гісторыя шакаладнага дрэва», «Жаніцьба» паводле Гогаля і «DONNA SOLA» (камерная сцэна). У 2022 годзе дадалося яшчэ 5 пастановак: «Гадзіна жыцця», «Гарачае сэрца», «Наш космас», «Апошні атракцыён» і «Чакана гучна і да болю блізка» (камерная сцэна).

— Калі Купалаўскага не стала, Тэатр юнага гледача нібы спрабаваў заняць нішу гэтай беларускасці, — кажа Марыя— У той час ТЮГ ставіў рэчы вельмі смелыя. Быў у іх, напрыклад, спектакль «Калі прачнецца Бог» паводле Геніюш, пра Багдановіча быў спектакль, пра Коласа. Так, яны па ўзроўні не дацягвалі да Купалаўскага, але што яны закраналі такія тэмы, было вельмі крута. Мы хадзілі туды, нягледзячы на тое, што мастацкі ўзровень не адпавядаў таму, да якога мы прызвычаіліся. Ну, і што з тэатрам здарылася ў выніку? У яго змянілі дырэктара.

Марыя і Дар’я лічаць, што адзін з самых перадавых тэатраў у краіне — РТБД.

— Часам РТБД арганізуе чытанні п’ес беларускіх аўтараў. Вядома, ёсць пастаноўкі, якія я асабіста не стамляюся глядзець, напрыклад, выступленні Карняга ў РТБД і лялечныя спектаклі, і я радуюся, калі бачу іх на афішы, — распавядае Дар’я.

— Нягледзячы на рэпрэсіі, яны імкнуцца трымаць руку на пульсе і рабіць актуальныя пастаноўкі. Актуальныя не ў сэнсе палітычных падзеяў, не, гэта хутчэй гістарычныя спектаклі, але якія добра пераклікаюцца з нашым сёння, там шмат падтэксту, алюзій. Спектакль «Мудрамер», «Сірожа», пастаноўка пра Скарыну «Кар’ера доктара Раўса» (гэты спектакль увогуле немагчыма глядзець без слёз)… Але ў Беларусі зараз такая сітуацыя, якую складана бывае зразумець тым, хто з’ехаў. Я не магу, не хачу і не буду зараз хадзіць на такія пастаноўкі. Мне б вельмі, напрыклад, хацелася пайсці на «Альпійскую баладу» ў РТБД. Гэта ж спектакль па сутнасці пра тое, што мы пражываем зараз. Але зараз у нас тут асноўныя сілы ідуць на банальнае выжыванне, — тлумачыць Марыя— Оперны паставіў «Дзікае паляванне караля Стаха», а я, напрыклад, не магу купіць квіткі. Ну не магу дазволіць сабе пайсці туды пасля таго, як яны звольнілі саліста тэатра Іллю Сільчукова. З іншага боку, атрымліваецца, што хадзіць увогуле няма куды. Але гэта вечная дылема. Хаця нядаўна я ўсё ж дазволіла сабе пайсці ў ТЮГ. І мусіць, таму што не чакала шмат, была вельмі прыемна ўражаная. Мяне вельмі парадавалі і ўзровень пастаноўкі, і сцэнаграфія, і музыка, ігра акцёраў, рэжысёрскія знаходкі. Гэта, дарэчы, быў беларускамоўны спектакль «Кентэрвільскі прывід» паводле Оскара Уайлда.

Марыя расказвае, што тэатральныя дзеячы, «якія не працуюць у дзяржаўных тэатрах, вымушаны працаваць толькі ў падпольных умовах, рабіць кватэрнікі тыя ж».

— І гэта такая канспірацыя! Гэта так невыносна. А яны ж не ставяць нічога крамольнага, гэта нават хутчэй спектаклі-суцяшэнні, тое, што можа падтрымаць і дапамагчы. Чаму ў іх няма месца, чаму яны мусяць хавацца? — задае дзяўчына пытанне.

Якая сітуацыя з канцэртамі

— Ніякага культурнага жыцця зараз у Беларусі няма. Хтосьці скажа, што мінчане так заўсёды гавораць. Не, я не з такіх. Я бачыла, як пачаў у гэтым плане змяняцца Мінск з 2015 года, — кажа Таццяна— Якое прыемнае было адчуванне, калі ты адкрываеш афішу на citydog або 34mag, і ў цябе кожны дзень ёсць выбар, куды пайсці, што паглядзець, дзе класна правесці час. Мы маглі схадзіць на спектаклі Свабоднага тэатра! Так, гэта было далёка, душна і па-ранейшаму небяспечна, але мы маглі. Мы маглі слухаць любімую «Пятлю» ў Мінску, а не ў Батумі ці Вільні. Але часам хочацца проста схадзіць на круты канцэрт і адарвацца як раней. А табе што прапануюць? Грыгорыя Лепса? Дзяніса Майданава?

Таццяна прыводзіць прыклад, каб «зразумець, у якім месцы знаходзіцца культура ў Беларусі».

— Я вельмі люблю ютуб-блогера Любу Цярлецкую, яна аглядае ўсякія старыя музычныя шоу. Робіць гэта іранічна, смешна, мяне адцягвае такі кантэнт ад змрочных думак. У яе нядаўна скончыўся агляд на шоў «Хачу да Меладзэ». Там удзельнічаў і наш выканаўца Дзіма Каракін (Litesound). І ў адным з выпускаў Люба кажа сваім падпісантам, што Дзіма затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА. (24 сакавіка гэтага года Суд Савецкага раёна Мінска вынес прыгавор братам Дзмітрыю і Уладзіміру Каракіным, іх прыгаварылі да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову на тэрмін 2 гады 6 месяцаў. Такое ж пакаранне атрымалі іх бацькі Вольга Крайко і Юрый Каракін. — Заўвага рэд.).

Нагадаем, многія беларускія артысты вымушана з’ехалі з краіны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і падзей у краіне. Сярод іх — гурты Nizkiz, J:МОРС, Лявон Вольскі, Ганна Шаркунова і многія іншыя.

Калі вывучыць афішу канцэртаў, то на красавік у Мінску запланаваны канцэрты ў тым ліку расійскіх артыстаў Уладзіміра Вінакура, Марыны Федункін, гурта «Кіпелаў». З беларускіх выканаўцаў — ансамбль «Бяседа», Сяргей Валчкоў.

На май запланаваны выступленні ў тым ліку ансамбля «Бацька Атаман», Алега Міцяева, шансанье Юрыя Кузняцова-Таёжнага.

У лютым, напрыклад, мінчане маглі схадзіць у асноўным на выступленні расійскіх выканаўцаў — Славу, Клаву Коку, Яўгена Грыгор’ева (Жэка), Грыгорыя Лепса, Лёшу Свіка. З беларускіх выканаўцаў — заслужаны калектыў «Чысты голас», гурт «Дразды».

Таццяна дадае, што ў Мінску яшчэ адзін варыянт вольнага часу — пайсці ў філармонію.

— Старая добрая філармонія, класіка. Я не магу сказаць, што я вялікі прыхільнік філармоніі, проста кожны год хаджу туды на канцэрт памяці Мулявіна. І так, магу сказаць, што гэтыя канцэрты сапсаваліся. Арганізатары таксама, як і ўсе, узгадняюць спісы ўдзельнікаў. Тых, хто мог годна прадставіць спадчыну Мулявіна, не пускаюць на сцэну. На афішу толькі правераныя імёны выносяцца. У мінулым годзе быў, на мой погляд, самы слабы канцэрт. Я ўжо сёлета нават не хацела ісці. Але пайшла, таму што ўбачыла імя Яна Жанчака (беларускі рок-выканаўца. — заўвага рэд.), падумала, што гэта будзе сольнік. Гэта сапраўды быў яго сольнік, і з пункту гледжання арганізатараў — правільнае рашэнне. Раней на гэтых канцэртах заўжды спявалася «Пагоня» на вершы Багдановіча. Зала заўсёды ўставала і слухала стоячы, як гімн. Гэта не забароненая песня, не экстрэмісцкая, але зразумела, што зараз яе больш не выконваюць. Таму я зараз забаўляюся так: чытаю кнігі, гляджу фільмы і серыялы ў інтэрнэце, выбіраюся смачна паесці з сябрамі.

Якая сітуацыя з тусовачнымі вуліцамі Кастрычніцкай і Зыбіцкай, а таксама з прасторай «Корпус»

Культурны хаб ОК16 быў адным з «якароў» на вуліцы Кастрычніцкай. Яго закрыццё ў 2021-м, як і Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у 2020-м, адбіліся на актыўнасці на гэтай тусовачнай вуліцы, плынь людзей паменшылася. Цяпер тут застаюцца працаваць установы грамадскага харчавання, студыя ёгі.

Таксама на Кастрычніцкай працягвае функцыянаваць культурная прастора «Вершы». Напрыклад, 21 студзеня тут адкрылі праект «Пад знакам пустаты», ён павінен быў пазнаёміць мінчан з творчасцю беларускіх сучасных мастакоў Алены Толабавай, Марыі Панамаровай і Сямёна Маталянца.

На Кастрычніцкай таксама працуе арт-прастора «Окна», у якой праводзяць у тым ліку вяселлі. Але былой культурнай актыўнасці на некалі тусовачнай ужо няма.

Што тычыцца тусовачнай вуліцы Зыбіцкай, за апошнія некалькі месяцаў тут закрылася некалькі ўстаноў. Сярод іх — паб Malt & Hops, які прапрацаваў тут амаль 10 гадоў. У Instagram установы напісана, што «закрыта назаўжды». Аб’ява аб здачы ў арэнду гэтага памяшкання актыўная да гэтага часу. З іншых зачыненых устаноў — бар «Чардак» і гастрапаб «Лес», іх па-ранейшаму спрабуюць здаць у арэнду. «У гэтым памяшканні адкрывалася адно з першых кафэ на Зыбіцкай», — гаворыцца ў аб’яве па арэндзе «Лес». Усяго на гэтай тусовачнай вуліцы выстаўлены на продаж або для арэнды пяць устаноў.

Як пісала раней выданне Officelife, закрыццё ўстановы можа быць звязана з тым, што апошнім часам на Зыбіцкай стала менш людзей. «Многія плацежаздольныя кліенты працавалі там жа ў офісах, хадзілі ў кавярні і рэстараны на абед, адпачывалі ў іх па вечарах. І хаця ў офісы збольшага ўехалі новыя арандатары, праходнасць устаноў усё роўна знізілася», — пісала раней выданне.

— Людзей на Зыбіцкай па адчуваннях зараз менш, чым раней, але іх тут па-ранейшаму хапае, асабліва ўвечары пятніцы і ў выходныя. Як і ў цэлым у цэнтры горада, стала нашмат больш расейцаў. Відаць, пасля ўсіх падзей за апошні год сталі часцей да нас прыязджаць, — расказвае мінчанка Алена.

Яшчэ адзін былы цэнтр культурнага жыцця Мінска — «Корпус», які быў зачынены ў чэрвені 2022 года, таксама не атрымаў другое дыханне. Каля памяшкання з’яўляліся новыя арандатары. Тут праходзілі выставы ў рамках праекта Heart for Art. Пазней на першым паверсе адкрыўся рыбны рэстаран — Heart for Art kitchen. Але 7 студзеня гэтага года ўладальнікі праекта абесцілі, што «выходзяць з прасторы Машэрава 9к8 у свабоднае плаванне».

Але ў сакавіку гэтага года каманда «Корпуса» аб’явіла, што перазапускае праект у польскім горадзе Шчэцін.

Нагадаем, у «Корпусе» ў свой час выступалі «СБПЧ» і «Аигель». Тут быў паказаны арт-праект пра беларусаў часопіса «Імёны», выставачны праект ад інстытута імя Гётэ «Мяжа», прайшла важная сацыяльная выстава #адкрытажыць” пра жанчын, якія перажылі хатні гвалт.

budzma.org