З афішы серыяла «За паўгадзіны да вясны» пра музыку Уладзіміра Мулявіна і савецкі ансамбль «Песняры» прыбралі актораў Дзмітрыя Есяневіча і Георгія Пятрэнка (вылучаны на старой версіі афішы ніжэй), паведамляе «Священный Белавуд». Таксама, паводле звестак тг-канала, іх максімальна прыбралі з праекту, перамантаваўшы сцэны з іх прысутнасцю на экране.
Акторы гралі чальцоў «Песняроў». Есяневіч, дарэчы, раней быў у складзе трупы купалаўцаў, якая сышла з тэатра ў 2020 годзе праз гвалт з боку ўлад. Пасля гэтага купалаўцы і іншыя нелаяльныя ўладзе акторы трапіі у «чорны спіс» Мінкульта.
Таксама ў фільме зняўся яшчэ адзін актор-купалавец Міхась Зуй. Магчыма, сцэны з імі таксама прыбралі з серыяла.
Можна меркаваць, цэнзура адбылася, каб атрымаць у Мінкульта дазвол на паказ серыяла ў Беларусі. Пакуль інфармацыі пра паказ у краіне няма. У Расіі серыял з 10 красавіка дэманструюць на «1-ым канале» і платформе Start (пакуль там дзве серыі).
Раней Мінкульт ужо клаў на паліцу праекты, у якіх гралі нелаяльныя ўладзе акторы.
budzma.org паводле «Священный Белавуд»