У Францыі патрабуюць дэмантаваць фрэскі Марка Шагала ў Парыжскай оперы

Плафон Гранд-Апера, распісаны Маркам Шагалам. Фота: AFP

Пад роспісам плафону Гранд-Апера, што зрабіў у 1964 годзе Марк Шагал, знаходзіцца яшчэ адзін роспіс — працы французскага мастака Жуля-Эжэна Ленэвё. Ягоныя нашчадкі патрабуюць вярнуць плафон у першапачатковы выгляд.

Гранд-Апера яшчэ называюць Операй Гарнье ў гонар архітэктара Жана-Луі Шарля Гарнье, што збудаваў яе ў 1875 годзе. Тады ж да працы над роспісам столі быў запрошаны ягоны сябар Жуль-Эжэн Ленэвё. Нядаўні поспех выставы, прысвечанай Ленэвё, у Музеі мастацтва Анжэ, натхніў нашчадкаў мастака на тое, каб аднавіць доступ да «схаваных» Маркам Шагалам фрэсак у Гранд-Апера, піша Le Figaro.

У сваім патрабаванні нашчадкі Ленэвё звяртаюць увагу Міністэрства культуры Францыі на тое, што Шагал рабіў свой роспіс на здымных панэлях, таму фрэскі Ленэвё проста прыхаваныя пад працай Шагала. Сапраўды, французскі пісьменнік Андрэ Мальро, які займаў пост міністра культуры ва ўрадзе прэзідэнта Жоржа Пампіду, папрасіў Марка Шагала выканаць роспіс на здымных панэлях. Плафон раздзелены на пяць сектараў — белы, жоўты, сіні, чырвоны, зялёны. На кожным сектары — сюжэт класічнай оперы і славутыя месцы Парыжу.

«Гэты плафон прыносіць у Гранд-Апера колер і святло. Цудоўна пасуе старой залі і дадае ёй нешта новае, больш жывую прывабнасць», — так адгукаўся прэзідэнт Жорж Пампіду пра фрэскі Шагала.

9 траўня нашчадкаў Жуля-Эжэна Ленэвё прымуць у Міністэрстве культуры Францыі, на сустрэчы таксама будзе кіраўніцтва Гранд-Апера. Што праўда, шанцы на поспех у іх невялікія. Паводле намесніка дырэктара Гранд-Апера Марціна Аждары«ідэя дэмантажу працы Шагала выклікала б сур’ёзныя пытанні і таму не стаіць на парадку дня».

budzma.org