21 красавіка Мінскі гарадскі суд будзе разглядаць справу праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва, якога судзілі завочна, піша «Народная Воля».
Старшынстваваць на пасяджэнні прызначана суддзя Святлана Бандарэнка.
Нагадаем, што прыгавор ім быў вынесены 3 сакавіка. Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў усіх чатырох вінаватымі ў падрыхтоўцы асоб да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або фінансаванні такой дзейнасці (ч.2 артыкул 342 Крымінальнага кодэкса), а таксама кантрабандзе (ч.4 артыкула 228). І прыгаварыў да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Дзмітрый Салаўёў, які знаходзіцца за межамі Беларусі, быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Нягледзячы на тое, што прыгавор вельмі жорсткі, пракурор Аляксандр Кароль падаў на яго скаргу. Пра гэта ў лісце з-за кратаў некаторы час таму паведаміў Валянцін Стэфановіч.
Цікава, што па частцы 2 артыкула 342 Крымінальны кодэкс прадугледжвае пакаранне ад арышту і да трох гадоў зняволення. А вось кантрабанда, арганізаваная злачыннай групай (ч.4 артыкула 228) караецца тэрмінамі ад сямі да дванаццаці гадоў зняволення. Так што сапраўды ёсць магчымасць вынесці больш жорсткія прысуды.
9 лютага, калі ў пасяджэнні пачаліся судовыя спрэчкі, пракурор Аляксандр Кароль запрошваў наступныя тэрміны пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму:
– Алесю Бяляцкаму – 12 гадоў калоніі;
– Валянціну Стэфановічу – 11 гадоў калоніі;
– Уладзіміру Лабковічу – 9 гадоў калоніі;
– Дзмітрыю Салаўёву – 10 гадоў калоніі завочна.
А таксама кожнаму – штраф у 5000 базавых велічынь (185 тысяч беларускіх рублёў або больш 73 тысяч долараў).
Суддзя Марына Запаснік вырашыла па-іншаму, і пракурора, відаць, гэта не задаволіла…
Наколькі вядома, праваабронцаў яшчэ не перавялі ў калоніі, і яны па-ранейшаму знаходзяцца ў СІЗА-1 (на “Валадарцы”).