Вызвалены адзін з фігурантаў справы «Маёнтка Падароск» Юрась Меляшкевіч

З турмы ў Гродна вызвалены пад паручальніцтва адзін з фігурантаў справы «Маёнтка Падароск» Юрась Меляшкевіч. Пра гэта паведамляе старэйшая беларуская газета з рысункамі.

Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» займалася аднаўленнем сядзібы Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску. Турыстычны комплекс мае на мэце прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання. Ініцыятыва фінансавалася бізнэсоўцам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым.

Разам з Меляшкевічам па справе праходзяць фінансавы дырэктар маёнтка Зміцер Карабач і супрацоўнік Фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. Пра вызваленне Макарэвіча пад паручальніцтва стала вядома раней, 12 красавіка.

Юрась Меляшкевіч быў намеснікам старшыні грамадскай арганізацыі «БНФ «Адраджэнне», актывістам руху «За Свабоду!». Апошнім часам быў намеснікам старшыні «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Падчас зачысткі грамадзянскай супольнасці арганізацыя была ліквідаваная Вярхоўным судом.

Юрась Меляшкевіч займаўся захаваннем і папулярызацыяй нашай спадчыны. Ён удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руін пахавання Бохвіцаў у маёнтку Падароск.

Увечары 26 кастрычніка ці раніцай наступнага дня Меляшкевіча затрымалі ў Ваўкавыску.

Сябры Меляшкевіча паведамілі выданню «Н*ш* Н*ва», што яго вызвалілі пад паручальніцтва бацькоў. Але пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

budzma.org