У Беларусі ад рэпрэсіяў пацярпелі больш за 5 тысячаў прадстаўнікоў навуковай і выкладчыцкай супольнасці. У Польшчы створаная Асацыяцыя падтрымкі рэпрэсаваных настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў. Пра дзейнасць, магчымасці і планы Асацыяцыі «Новы Час» пагаварыў з яе ініцыятарам і кіраўніком Паўлам Церашковічам.
— Мэта асацыяцыі — кансалідацыя беларускай адукацыйнай і навуковай супольнасці на падмурку дэмакратычных каштоўнасцей дзеля арганізацыі ўзаемнай дапамогі, абароны законных правоў, прадстаўлення інтарэсаў, а таксама рэалізацыя адукацыйных і даследчых праектаў, падрыхтоўка рэфармавання сістэмы адукацыі і навукі ў будучай дэмакратычнай Беларусі.
Сярод задач варта адзначыць наступныя: стварэнне інфраструктуры прафесійнай навукова-педагагічнай супольнасці; рэалізацыя і распрацоўка механізмаў, накіраваных на супрацьдзеянне рэпрэсіям супраць прадстаўнікоў адукацыйнай і навуковай супольнасці Беларусі; распрацоўка праектаў і праграм, накіраваных на падтрымку рэпрэсаваных прадстаўнікоў нашай супольнасці, аказанне гуманітарнай і юрыдычнай падтрымкі.
Асацыяцыя падтрымкі настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў зарэгістраваная ў якасці партнёра Руха беларускай салідарнасці (РБС), мы ўваходзім у структуру гэтай арганізацыі і сумесна з ёй рэалізуем нашыя праекты. Пакуль у нас яшчэ няма рэсурсаў, каб зарэгістравацца самастойна.
— З чаго Асацыяцыя пачала сваю дзейнасць?
— Мы пачалі з абмеркавання з таго, што трэба рабіць. Але практычна ўсе, хто ўвайшоў у асацыяцыю, сутыкнуліся з праблемамі, якія адчулі выкладчыкі, настаўнікі, навукоўцы, апынуўшыся за мяжой. Гэта праблема інтэграцыі ў навуковую і выкладчыцкую прастору — каб захаваць сябе як спецыяліста, гэта праблема юрыдычнай легалізацыі і, даруйце, гэта праблема фізічнага выжывання. Нехта з нас ужо прайшоў праз гэтыя выпрабаванні, нехта толькі праходзіць — гэта балючае пытанне, дзеля вырашэння якога мы ўсе і аб’ядноўваемся.
Але ўсе праблемы і складанасці, з якімі мы сутыкнуліся па-за межамі Беларусі, усё-такі не тыя жахлівыя праблемы, якія перажывае акадэмічная супольнасць у самой Беларусі. Таму мы будзем выпрацоўваць механізмы і праграмы для нашых калегаў, якія з-за розных прычынаў не могуць выехаць з краіны. Тым калегам, якія атрымалі на рукі «воўчы білет» ці забарону на прафесію па ідэалагічных прычынах, мы таксама збіраемся дапамагаць.
— Ці вядомыя маштабы рэпрэсіяў сярод настаўніцтва і навукоўцаў?
— Агульных звестак няма па той простай прычыне, што значная частка тых, хто патрапіў пад рэпрэсіі і застаецца ў Беларусі, папросту хаваюць гэтыя факты нават ад самых блізкіх людзей, бо баяцца, што само іх апублічванне стане падставай для далейшых рэпрэсій. Але ёсць прыкладныя звесткі, што агулам пацярпела звыш 5 тысяч чалавек. Я кансультаваўся з міжнароднай арганізацыяй «Sholars at Risk» («Навукоўцы пад рызыкай») — арганізацыяй, якая працуе больш за 15 гадоў у гэтай сферы, яна «здзіўленая нашай дэмаграфіяй». Пад дэмаграфіяй яны маюць на ўвазе колькасць тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі ці з рызыкай трапіць пад рэпрэсіі, — гэта сапраўды вялікая лічба.
— Якая частка з гэтых людзей далучылася да Асацыяцыі?
— Каб прымаць новых сяброў, перш трэба пабудаваць інфраструктуру — зараз мы гэтым займаемся. У тэставым рэжыме ўжо працуе сайт «Адукацыйны кірмаш»: мы плануем, што ён стане электроннай пляцоўкай, на якой сустрэнуцца і тыя, хто шукае працу, і патэнцыйныя працадаўцы, і хто шукае адукацыйныя магчымасці для сваіх дзетак, і той, хто можа прапанаваць свае паслугі (курсы, напрыклад). Мы зараз актыўна вывешваем інфармацыю пра магчымасці атрымаць стыпендыі, гранты, па навуковым і адукацыйным абмену. То-бок, сайт ужо працуе, але ў нас пакуль не хапае фізічных і фінансавых рэсурсаў, каб разгарнуць яго на ўсю моц. Нядаўна мы падалі заяўку на грант і спадзяемся, што хутка яго атрымаем.
— Ці наладзілі вы кантакты з міжнароднымі фондамі, з навуковай і акадэмічнай супольнасцю Польшчы?
— Так, я ўжо сказаў пра кантакты з «Scholars at Risk» — самай вядомай міжнароднай арганізацыяй. Але з размовы з імі мы зразумелі, што беларусы не галоўны іхні прыярытэт, бо зараз яны больш арыентаваныя на Украіну і Афганістан. Але, я спадзяюся, мая размова і маштабы рэпрэсіяў у Беларусі ўнясуць карэктывы ў прыярытэты яе дзейнасці.
У нас ёсць добрыя кантакты з нямецкай арганізацыяй «Science at Risk», з якой, магчыма, атрымаецца сумесны праект па падтрымцы рэпрэсаваных навукоўцаў.
Паціху мы развіваем нашы міжнародныя кантакты.
— Якую дапамогу Асацыяцыя можа аказаць калегам, якія трапілі пад рэпрэсіі, але застаюцца ў Беларусі?
— Паўтаруся: у нас пакуль няма рэсурсаў на аказанне дапамогі, мы займаемся зборам рэсурсаў. Пакуль жа мы не заўсёды можам дапамагчы нават сябрам Асацыяцыі. Мы робім толькі першыя крокі, але ў бліжэйшы месяц-два стане вядома, на што мы здольныя.
Адукацыйны кірмаш — пляцоўка не толькі Асацыяцыі, мы яе і задумвалі як нейтральнае месца. Разам з тым мы распрацоўваем сайт-візітоўку нашай Асацыяцыі, дзе будуць указаны ўсе кантакты, Статут, форма для прыёму ў Асацыяцыю. Пакуль нас стрымліваюць арганізацыйныя пытанні, ці тэхнічныя: у адной краіне рахунак, у другой — Асацыяцыя. На вырашэнне ўсіх праблемаў патрабуецца час.
І ведаеце, як высветлілася, чым ужо карысная нашая арганізацыя. Было некалькі конкурсаў-праектаў, для ўдзелу ў якіх выстаўлялася ўмова: той, хто апынуўся за мяжой, можа падаваць заяўкі толькі ад імя арганізацыі. У гэтым выпадку наша Асацыяцыя і выканала сваю ролю, бо інакш прэтэндэнты не змаглі б удзельнічаць у конкурсе. А пры стварэнні Асацыяцыі мы нават не думалі, што яна спатрэбіцца і ў такой ролі.