Пасхальныя сюжэты з намёкам на беларускую рэчаіснасць прадставіў нядаўна створаны ў Варшаве сямейна-сяброўскі тэатр «Батлейка» разам з Хорам вольных беларусаў. Артысты і спевакі ўпершыню наведалі са спектаклем Беласток і выступілі ў беларускім хабе «Новая зямля», піша «Радыё Ўнэт».
Сюжэт спектакля «Адпусці народ», як і апавядаецца ў Бібліі, тычыцца выключна Богам абранага народу – іўдэяў, аднак дыялогі лялек у батлейцы нагадваюць сучасныя наратывы ў Беларусі: як было спакойна ў няволі, чаго гэты незадаволеныя хочуць нейкай свабоды, навошта нам да чагосьці імкнуцца і спрабаваць змяніць рабства на волю.
Хоць спектакль быў пазначаны як дзіцячы, дарослым ён таксама быў цікавы. Асаблівую прывабнасць яго першай частцы прыдавалі перакладзеныя на беларускую мову словы сусветна вядомай песні Let my people go.
Такім чынам першая частка тычылася Песаха – іўдэйскай Пасхі. У сваю чаргу другая змяшчала галоўныя новазапаветныя моманты – расповяды пра апошнія дні зямнога жыцця Ісуса Хрыста і яго ўваскрасенне, што ёсць ужо Вялікаднём хрысціянскім.
Пасля спектакля пра «Батлейку» і Хор вольных беларусаў мне распавялі каардынатар праекта Марыя Вайтовіч і рэжысер-пастаноўшчык сямейна-сяброўскага тэатру Ганна Апановіч. Паводле іх, ён узнік у Варшаве на пераломе 2022-2023 гадоў з ініцыятывы былога лідара «Маладога фронту», а цяпер пратэстанцкага пастара Зміцера Хведарука, і складаецца галоўным чынам з удзельнікаў Хору вольных беларусаў. Дэбютаваў тэатр спектаклем на тэму Нараджэння Хрыстовага. Гэты спектакль пакуль не быў прадстаўлены ў Беластоку, куды артысты – як дарослыя, так і дзеці прыехалі з адзінай вышэйзгаданай пастаноўкай.
«Частка тых, хто актыўныя ўдзельнікі «Батлейкі», яны і актыўныя ўдзельнікі хора. Проста тут складана разарваць гэта спалучэнне», – кажа Марыя Вайтовіч.
«На той момант хор рыхтаваў калядныя праграмы, і ў яго былі амаль ужо ўсе песні. Зміцер нам прынёс сцэнар, і чытаючы сцэнар мы проста ўбачылі, як гэта ўсё добра спалучаецца, пасуе, так добра дапаўняе», – адзначыла ў сваю чаргу Ганна Апановіч.