Праект не спынены, нягледзячы на ад’езд з краіны пісьменніка Андрэя Горвата, які распачынаў яго з кампаньёнамі увосень 2020 года.
Журналіст Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале тлумачыць цяперашнюю сітуацыю з аднаўленнем палаца Горватаў у Нароўлі.
Ён нагадвае, што нядаўна пісьменнік Андрэй Горват апублікаваў у сваім акаўнце ў Facebook пост, з якога вынікае, што ён пакінуў краіну: «Роўна месяц таму, у ноч з дзявятага на дзясятага, мне на рукі надзелі кайданкі. Праз некалькі гадзін — знялі. Але за гэты кароткі час усё паламалася. Ціха, нават зусім бязгучна, паламалася ўсё, што трымала мяне там».
«Нараўлянскі палац роду Горватаў XIX стагоддзя восенню 2020 года быў выкуплены на аўкцыёне з мэтай рэстаўрацыі кампаньёнамі ў складзе: Андрэй Горват, Пётр Кузняцоў і Аляксандр Баранаў. З таго моманту ў палацы здарылася ўжо нямала падзей: ён быў цалкам расчышчаны, створаны праект кансервацыі, згодна з ім закладзены асновы даху, створаны і амаль узгоднены праект рэканструкцыі (самы складаны этап, насамрэч). Ва ўсёй гэтай справе Андрэй адыгрываў вядучую публічную ролю і вядучую арганізатарскую: ён пасяліўся ў Нароўлі, непасрэдна арганізоўваў усе працы на месцы, каардынаваў усе намаганні валанцёраў, меў зносіны са СМІ і мясцовай уладай», — нагадвае Пётр Кузняцоў.
З прычыны даволі няяснай заявы Андрэя Горвата, якая спарадзіла чуткі, што ад’езд звязаны якраз з працамі ў Нароўлі, Пётр Кузняцоў тлумачыць: «Чуць пра тое, што нас усіх «прэсуюць з-за Палаца» даводзіцца часта. Гэта няпраўда. Я не магу казаць за Горвата, чаму ён з’ехаў. Але з яго слоў са 100% дакладнасцю сцвярджаю, што справа не ў Палацы і Палац ва ўсёй гэтай гісторыі не фігуруе ніводнай літарай, ніводнай коскай. Там іншая гісторыя, ніяк з Палацам не звязана».
Арганізацыю, на якую зарэгістраваны праект аднаўлення палацу Горватаў, не закрылі.
«Магу сказаць, што на дадзены момант усе працы, якія вяліся па распрацоўцы і ўзгадненню праектнай дакументацыі, працягваюцца мной — нічога не спынілася. Тое, што адбылося, было асабіста для мяне як нечаканы, непрыемны і вельмі непатрэбны снег на галаву — увесну. У мяне вельмі шмат уласных пытанняў з працай і праблемы з дзяржаўнымі органамі, а таксама сям’я і мноства асабістых рэчаў, якія патрабуюць вялізных укладанняў часу і сіл. Уключэнне ў працэсы Палаца на такім узроўні ўцягнутасці — дадатковая велізарная нагрузка», — зазначае Пётр Кузняцоў. Але «пакуль — нічому не канец». «Палац ніхто не рэпрэсаваў і тут пакуль яшчэ ёсць каму ім займацца. А вось што атрымаецца — мы ўжо адносна хутка будзем бачыць. І залежыць усё гэта будзе ад нас з вамі. Буду старацца заставацца аптымістам і далей, прынамсі, у справах і ўчынках», — падкрэсліў Пётр Кузняцоў.