25 красавіка студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пакажуць перфоманс «Мірны атам?» у жанры дакументальнага тэатра. 40-хвілінная імпрэза падрыхтавана ў рамках Чарнобыльскага тыдня, ініцыяванага экаактывістамі.
Перфоманс створаны на падставе ўражанняў удзельнікаў ад экскурсіі на Ігналінскую атамную станцыю, асабістых і сямейных гісторый.
Пасля перфомансу пройдзе пытанне-адказ з Ірынай Сухій, вядомай экаактывісткай, удзельніцай Беларускай антыядзернай кампаніі. Гаворка пойдзе пра месца атамнай энергетыкі ў сучасным сусвеце і геапалітычным кантэксце, вепанізацыю атамных станцый і ці рэальна працуюць альтэрнатывы.
Перад пачаткам перформансу на другім паверсе навучальнага корпуса адкрыецца выстава калажоў, створаных студэнтамі і студэнткамі ЕГУ на майстар-класе сузаснавальніка Мінскага тыдня дызайну, мастака і архітэктара Юры Таўбкіна.
Як паведамляе прэс-служба ЕГУ, уваход на мерапрыемства вольны, але колькасць месцаў абмежавана аб’ёмам камернай глядальніцкай залі — 25 чалавек.
Калі: 25 красавіка, 17:30
Дзе: ЕГУ, Savičiaus g. 17, 01126.
Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы OSUN Science Shop у ЕГУ.