Напярэдадні Вялікадня на сайце Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы з’явілася вось такая абвестка.
“Указам Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна №1-01/022 з 6 красавіка 2023 года забаронены ў святарстве клірык Мінскай епархіі іерэй Аляксандр Кухта.
Пакаранне накладзена на падставе канонаў Святой Царквы: 15-га правіла Святых апосталаў, 15-га і 16-га правілаў I Усяленскага сабора, 20-га правіла IV Усяленскага сабора…” І далей ідзе вялікі пералік правіл, а потым і іх “расшыфроўка” ў выглядзе цытат з царкоўных дакументаў.
У сваю чаргу, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній таксама выдаў указ адносна протаіерэя Георгія Роя. Тэкст таксама размешчаны на сайце епархіі. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што яму часова забаронена насіць святарскія адзенні і іерэйскі крыж. Архіепіскап Антоній заклікаў айца Георгія да пакаяння і вяртання ва ўлонне кананічнай праваслаўнай царквы.
Такім чынам, два беларускіх святара з’ехалі з Беларусі і перайшлі ва ўлонне Сусветнага (яшчэ яго называюць Канстанцінопальскім) Патрыярхату. І ў Велікодную ноч у Вільнюсе адбылася першая служба суполкі вернікаў Канстанцінопальскага патрыярхата на беларускай мове.
Дык чаму святары не знялі святарскае адзенне і чаму па-ранейшаму ладзяць богаслужэнне? Што ўсё гэта азначае? Што адбылося? «Народная Воля» прапануе адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні.
- Што значыць “перайшлі ў Сусветны Патрыярхат”?
Гэта значыць змянілі сваё падпарадкаванне – перасталі падпарадкоўвацца аднаму кіраўніку і сталі падпарадкоўвацца іншаму.
У свеце налічваецца 16 праваслаўных цэркваў. Пасля таго, як у 1054 годзе адбыўся раскол хрысціянтва на католікаў і праваслаўных, менавіта Канстанцінопальскі патрыярхат носіць тытул цэрквы нумар адзін у праваслаўі, а Канстанцінопальскі патрыярх мае тытул “патрыярх новага Рыма і Сусветны”.
Руская праваслаўная царква хоць і з’яўляецца адной з самых буйных, але мае толькі пяты нумар у праваслаўнай іерархіі.
- На падставе “адпускной граматы”…
У нармальнай царкоўнай сітуацыі пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую (напрыклад, пры змене месца жыхарства) гэта звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазбягаць злоўжыванняў. Працэдура чымсьці нагадвае змену грамадзянства: святар просіць у свайго епіскапа дакумент – “адпускную грамату”, якая пацвярджае, што ён не знаходзіцца пад кананічнымі пакараннямі і да яго няма прэтэнзій з боку мінулага кіраўніцтва. На падставе “адпускной граматы” святара і прымае новы архірэй.
У Рускай праваслаўнай царкве пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэнне Святога Сінода, нават экзарх БПЦ такое рашэнне прыняць не можа.
- Чаму святары Аляксандр Кухта і Георгій Рой не пайшлі па гэтай працэдуры?
Напэўна, таму, што сітуацыя, у якой яны апынуліся, не з’яўляецца нармальнай. Абое ў 2020-м годзе выступілі супраць гвалту і рэпрэсій з боку беларускіх улад, у 2022-м асудзілі вайну ва Украіне. Пасля гэтага яны вымушаны былі з’ехаць з краіны.
Калі б святары маглі заставацца ў Беларусі і не падвяргаліся б сур’ёзным рызыкам у плане сваёй бяспекі або абмежаванням працягваць служэнне ў адпаведнасці са сваімі хрысціянскімі і маральнымі перакананнямі, ім бы наогул не трэба было нікуды пераходзіць.
Не сакрэт, што кіраўніцтва РПЦ адкрыта падтрымлівае вайну, і для многіх людзей (як для святароў, так і для вернікаў) гэта стварае праблему і не дазваляе далей заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату, асацыяваць сябе з ім.
Не з’яўляецца нармальнай і царкоўная сітуацыя – Маскоўскі Патрыярхат пасля адколу праваслаўнай царквы Украіны знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Сусветным патрыярхатам, аж да таго, што Масква спыніла зносіны з Канстанцінопалем. Таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсці з адной юрысдыкцыі ў іншую святарам на дадзены момант немагчыма.
- Калі нельга, то чаму ўсё ж такі можна?
Усяленскі Патрыярхат – першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў – выступае як вышэйшая апеляцыйная інстанцыя. Таму ў выключных выпадках, разабраўшыся ў сітуацыі, можа скарыстацца сваім правам прымаць у сваю юрысдыкцыю без “адпускной граматы”. Такія прэцэдэнты ёсць, а ў кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны, у рамках якой Маскоўскі Патрыярхат выступае ідэалагічным інструментам для апраўдання агрэсіі, яны пачасціліся.
Святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта звярнуліся да Сусветнага Патрыярха менавіта ў рамках гэтай выключнай працэдуры – і той прыняў рашэнне, што падставы для змены юрысдыкцыі ў святароў дастаткова сур’ёзныя. Фактычна адбылося прадастаўленне не палітычнага, але кананічнага прытулку.
- А за што забарона ў святарстве?
Паколькі РПЦ у прынцыпе аспрэчвае выключнае права Канстанцінопаля, то лічыць незаконнай любую змену юрысдыкцыі без выканання фармальнай працэдуры з “адпускной граматай”. Таму ўказы аб забароне Роя і Кухты ў святарстве – гэта звычайная рэакцыя ў падобных выпадках. БПЦ такім чынам пазбаўляе святароў права здзяйсняць набажэнствы ад яе імя. Гэта таксама значыць, што ў храмах, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі РПЦ, ім могуць забараніць здзяйсняць набажэнства.
- Дык святары могуць служыць ці не?
Для Канстанцінопаля і ўсіх, хто прызнае рашэнні Усяленскага патрыярха (а гэта ўсе памесныя цэрквы, акрамя РПЦ), – яны з’яўляюцца дзеючымі святарамі. З 6 красавіка 2023 года святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта былі прыняты ў Сусветны Патрыярхат і цяпер знаходзяцца ў прамым падначаленні Патрыярха Варфаламея. Значыць, ён зараз і з’яўляецца іх непасрэдным царкоўным кіраўніком, узнагароджвае іх ці карае.
Рашэнні епіскапаў БПЦ аб забароне служэння на святароў, якія перайшлі ў падпарадкаванне іншага патрыярха, не распаўсюджваюцца – ні кананічна, ні фактычна. Яны могуць працягваць здзяйсняць набажэнствы і ажыццяўляць пастырскае акармленне вернікаў – у поўнай адпаведнасці са сваёй праваслаўнай верай і хрысціянскім сумленнем.