23 красавіка, у Сусветны дзень кнігі, у Беластоку завяршыўся найбуйнейшы гарадскі кніжны кірмаш — на працягу трох дзён на гарадскім стадыёне звыш 80 кнігавыдаўцоў і прадстаўнікоў выдавецтваў паказвалі абсалютна ўнікальны сусвет. Тры дні, поўныя літаратурных навінак, аўтарскіх прэзентацый, аўтограф-сесій і кніг, кніг, кніг.
Асаблівая каштоўнасць сёлетняга кірмаша ў тым, што тут асобным стэндам прысутнічаюць і беларускія выдавецтвы. Якая яна, беларуская літаратура ў эміграцыі? Ці патрэбная яна чытачам, і што прапануюць выдаўцы?
Што такое кніжны кірмаш?
Хацелася б напісаць, што кніжныя кірмашы — гэта адна з «фішак» Польшчы, аднак па праўдзе — хутчэй элемент паўсядзёнасці. Яны адбываюцца мінімум раз на год—два ці не ў кожным буйным горадзе. Выдавецтвы расказваюць і паказваюць сваю дзейнасць, прывозяць папулярных аўтараў і ладзяць аўтограф-сесіі і прэзентацыі навінак. Прычым гэта як агульныя кірмашы, так і тэматычныя — коміксаў, рэлігійнай, крымінальнай, псіхалагічнай, гістарычнай літаратуры… На любы густ.
21–23 красавіка ў Беластоку праходзіў 10-ты фестываль кніжнага кірмаша, арганізатарам якога з’яўляецца фундацыя «Суседзі». Апроч гэтага, таксама адначасова меў месца літаратурны фестываль «На памежжы культур» — дарэчы, у ім прымаў удзел і Міхал Андрасюк — беларускі аўтар з Падляшша, лаўрэат прэміі Ежы Гедройца. А месцам падзей стаў гарадскі стадыён: лакалізацыя на ўскрайку горада абсалютна не замінае гэтаму месцу штовыходныя арганізоўваць выставы-кірмашы якіх заўгодна кірункаў: сыроў, віна, экзатычнай ежы, вырабаў хэндмэйду, кніг…
Тое, што здзіўляе яшчэ на падыходзе — вялікая чарга. Жывы ланцужок з людзей абсалютна розных узростаў, сярэдзіна якога знаходзіцца блізка да ўваходу на тэрыторыю, а канец закручваецца кудысьці ў бок. Пані з бэйджыкам арганізатараў тлумачыць: на прэзентацыю — у чаргу, на кірмаш — проста праходзьце. Гэта ўражвае — адразу ўзнікае пытанне даведацца, што ж гэта там за такі папулярны аўтар, і спроба ўявіць падобнае дома, у Беларусі. Уваход, дарэчы, паўсюль бясплатны.
Кірмаш размяшчаецца на адным з паверхаў (VIP-залы стадыёна), віруе тлумам і ручайкамі людзей. Цеснавата, і, па шчырасці, вочы разбягаюцца — выдавецтвы — паасобку ці ў аб’яднаннях па некалькі, кожны на сваім «станавіску» (месцы) — арганізавалі шафы з кнігамі, столікі, банеры. Вельмі шмат людзей, якія глядзяць, гартаюць і купляюць кнігі. Шмат хто з дзецьмі — яшчэ б, тут столькі дзіцячай літаратуры! У многіх выстаўлены абвесткі пра зніжкі, ляжаць бясплатныя закладкі для кніг. На кнігах — яскравыя налепкі-цэннікі з коштамі. Дарэчы, не кнігамі адзінымі — хапае настольных гульняў, коміксаў, значакаў і дробнай сувеніркі (і нават асобны стэнд з плакатамі!).
Месца 24 «Незалежныя выдавецтвы з Беларусі»
Увесь кірмаш расцягваецца своеасаблівым лабірынтам па паверсе, і агулам, рухаючыся ў натоўпе (а з-за колькасці людзей асабліва іначай і не выходзіць), ацаніць памеры ўсёй плошчы трошкі складана. Але акрамя калідораў са стэндамі выдавецтваў тут ёсць некалькі канферэнц-залаў — там адбываюцца сустрэчы з самымі чаканымі аўтарамі. Іх таймлайн прапісаны ў афішах і раздаткавых флаерах — зручна.
У адным з калідораў — стэнд ад беларускіх выдавецтваў. Акрамя пазнавальных вокладак «ARCHE» тут таксама прадстаўлены кнігі ад выдавецтваў «Янушкевіч», «Камунікат», «Skarynyčy», «Гутэнберг» і «Цымбераў». Прыгожым штрыхом выглядаюць новыя пазлы «Бітва пад Воршай 1514» ад «Гутэнберга» — яны стаяць на адной з шафаў. Ляжыць падборка часопісаў «ARCHE» і зусім трошкі дзіцячых — бо разбіраюць.
За сталом — выдаўцы, смяюцца, размаўляць з пакупнікамі. Моманту, каб нікога з наведвальнікаў не было побач, не выпадае. Хтосьці проста акідае позіркам, хтосьці спыняецца, разглядае, бярэ і гартае кнігі. Нейкі мужчына, праходзячы, упэўнена кажа сваім спадарожнікам па-руску: «Гэта ўкраінскія кнігі, тут усё па-ўкраінску». Але тут няма нічога дзіўнага — на выставе вялізны выбар і разнастайнасць, сапраўды няпроста заўважыць усё і разабрацца.
Загадка, як у гэтым усім атрымліваецца арганізоўваць аўтограф-сесіі — звычайна гэта выглядае як дадатковы стол для пісьменніка з яго кнігамі. Дарэчы, у беларускіх выдавецтваў за гэтыя дні адбылося дзве такія сустрэчы — з Алесем Кудрыцкім, аўтарам кнігі «Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада», і Уладзімірам Арловым, аўтарам легендарнай «Айчыны».
А што кажуць самі выдаўцы?
Бясспрэчны бонус фармату падобнай выставы — магчымасць запытацца штосьці непасрэдна ў саміх выдаўцоў. Ці важны ўдзел беларускіх выдавецтваў у падобнай выставе? Якія перспектывы нашай літаратуры на будучыню? Распыталі пра гэта беларускіх выдаўцоў, а таксама пра тое, як яны агулам ацэньваюць мерапрыемства і свой удзел у ім.
Андрэй Янушкевіч:
«Гэта абавязак выдавецтва ўдзельнічаць у такіх імпрэзах, быць у кожным вялікім мерапрыемстве, куды могуць прыйсці беларусы. Беласток — адзін з тых гарадоў, дзе колькасць беларусаў істотна павялічылася, гэта наша аўдыторыя, і мы не павінны пра яе забываць. Мы прывезлі сюды ў тым ліку кнігі з Беларусі, каб парадаваць нашых чытачоў, як старых, так і новых, і навінкамі, і ўжо нейкімі класічнымі выданнямі. І калі паглядзець на продажы, на колькасць наведвальнікаў — то ацэнка самая аптымістычная.
Я спадзяюся, што з гэтага года выдавецкія ініцыятывы, якія працуюць за мяжой, будуць выязджаць на кожную вялікую выставу. У беластоцкай выставе беларускія выдавецтвы прымаюць удзел ужо пяты ці шосты раз, апошні раз мы тут былі ў 2019 годзе, потым быў перапынак, зараз зноў прыехалі. Так што нас тут ведаюць.
Я б не працаваў, каб не было аўдыторыі, каб не было пакупнікоў і чытачоў. Мы выдаем кнігі таму, што яны карыстаюцца попытам, яны запатрабаваныя. Я не хачу выдаваць кнігі дзеля самога факту выдання, любой кнізе патрэбны чытач. За мяжой апынулася вельмі актыўная частка беларусаў, і зараз вельмі важна — я таксама бачу сваю задачу — рабіць усё магчымае, каб яны не забываліся пра Беларусь, беларушчыну, захоўвалі сваю ідэнтычнасць. А чытанне кніг для гэтага вельмі добры інструмент».
Валянціна Андрэева:
«Кірмашы — рэч вельмі патрэбная, кожны з іх штурхае наперад. Я сустрэлася і падпісала кантракт з адным з аўтараў, памарыла пра новую кніжку з іншым, супрацоўніца друкарні, з якой працуем на адлегласці, прыйшла пазнаёміцца асабіста. А яшчэ ж натхненне ад вялікай колькасці кніжак і настолак: я разглядала вокладкі, тэхналогіі — у звычайныя дні на гэта не стае часу. А найважней — бачыць на свае вочы рэакцыю чытачоў на розныя кнігі. Я толькі цяпер усвядоміла, што наш «Беларускі народны соннік» выклікае палярнае ўражанне: адным вельмі падабаецца, іншым — катэгарычна не. Гаворка не пра выгляд, а пра ідэю, змест. Камусьці гэта цемрашальства, іншым — амаль містычная сувязь з прабабкамі або крыніца этнаграфічных ведаў. Назіраць за чалавекам, калі ён бярэ ў рукі новую кнігу — бясцэнна.
У Варшаве мы плануем быць гэтым разам усе дні. Няма пэўнасці, што паспеем з навінкамі: тое, што запланавана і ў рабоце, складанае да выканання. Але дакладна будуць сюрпрызы і падаруначкі».
Валер Булгакаў:
«Гэтае мерапрыемства не мае цяпер аналагаў у Беларусі. Мы не маем магчымасці ў Беларусі ўдзельнічаць у любых публічных кніжных выставах і мерапрыемствах, якія маглі б быць звязаныя з прасоўваннем кнігавыдавецкіх навінак і кніжных выданняў. Проста няма з чым параўноўваць — у Беларусі мы апынуліся ў сітуацыі, калі забаронена ўсё, і мы нават не ведаем, у які момант мы яшчэ можам працаваць легальна, а калі не зможам. Гэтая палітыка вяла да таго, што пастаянна адклікаюцца, скасоўваюцца выдавецкія ліцэнзіі, ліквідуюцца сродкі масавай інфармацыі, і нас проста выціскаюць за межы.
Трэба сказаць, што асноўная праблема з прысутнасцю тут звязана не столькі з аўдыторыяй, а хутчэй з немагчымасцю дастаўкі нашых выданняў сюды ў патрэбнай колькасці. Мы маем чыста нейкую калекцыю выданняў для такой рэкламнай прэзентацыі, якая абмяжоўваецца адной невялікай скрынкай. Таму, напрыклад, такія выдаўцы, як Андрэй Янушкевіч, яны ўжо ўсталяваліся і працуюць стала, яны значна ў лепшай сітуацыі.
Мы заўсёды былі такім контркультурным праектам, нават калі браць культуру беларускую. Нас не цікавілі масавыя праекты для масавай аўдыторыі, нас цікавілі нішавыя рэчы. І зараз мы дарабляем тое, што было пачата 10–15 гадоў назад. Напрыклад, падрыхтаваны да друку трэці том Мікалая Улашчыка, нашага акадэмічнага гісторыка, 1300 старонак, і вось цяпер думаем, што з гэтым рабіць, друкаваць ці не, і, калі друкаваць, то як. Мы цяпер рыхтуем да друку, да 100-гадовага юбілею, двухтомнік Вацлава Ластоўскага — культавы слоўнік «Руска-крыўска (беларускі)», які выйшаў у Каўнасе 99 гадоў таму».
Наступная міжнародная кніжная выстава, дзе таксама будзе прадстаўлены беларускі павільён, пройдзе 25–28 мая ў Варшаве.