У Вільні на акцыю выйшлі каля 300 беларусаў. Шэсці і мітынгі 26 красавіка, у 37-ю гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС таксама адбыліся ў іншых гарадах свету, дзе аселі беларусы.
Намер Масквы размясціць ядзерную зброю ў Беларусі дадаў іншае гучанне традыцыйнай акцыі ў гэты дзень. Удзельнікі акцыі сабраліся на мітынг на Лукішскай плошчы, а потым прайшлі праз горад да амбасады Расеі ў Літве.
У галаве калоны «сілавікі» ў чорным і ў балаклавах неслі макет ядзернай ракеты, якую па завяршэнні мітынга спалілі ў скверы Барыса Нямцова побач з расейскай амбасадай.
Шэсце адбылося пад беларускімі, украінскімі і літоўскімі сцягамі.
Там жа, ля расейскай амбасады, была прынятая рэзалюцыя Чарнобыльскага шляху-2023.
«Урокі Чарнобыля не засвоеныя. У той час як на Захадзе недаацэньваюць рызыкі і не ўжываюць усіх мер, Расея, Беларусь і Паўночная Карэя працягваюць ядзерную экспансію. Расея, якая не абмяжоўваецца ваеннымі атакамі на атамныя электрастанцыі і іх захопам, пагражае ядзернай зброяй, і сёння гэта пагроза вяртання сродкаў наземнага базавання ў Беларусь», — зазначаецца ў рэзалюцыі.
Падкрэслена, што «дзеянням па захопу Расеяй АЭС і вяртанню ядзернай зброі ў Беларусь не дадзена прававой ацэнкі, што стварае небяспечны прэцэдэнт, за якім могуць прыйсці іншыя, яшчэ больш небяспечныя і маштабныя».
Рэзалюцыя патрабуе ад міжнароднай супольнасці адказу на ядзерныя пагрозы і выклікі калектыўнай бяспецы, у тым ліку «прыняцця неадкладных мер па спыненні фінансавай і тэхналагічнай падтрымкі ядзернай экспансіі Расеі, уключна з забаронай на пастаўкі тэхналогій атамнай прамысловасці і для вытворчасці ядзернай зброі».