З 27 па 30 красавіка ў нямецкім Лейпцыгу праходзіў другі па велічыні кніжны кірмаш Германіі — Leipziger Buchmesse. Сярод чатырох дзясяткаў краін, прадстаўленых на выставе, ёсць і Беларусь. У кірмашы бралі ўдзел Вольга Гапеева, Дзмітрый Строцаў, Саша Філіпенка, Зміцер Вішнёў, Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч, Святлана Курс, Святлана Алексіевіч. Апошняя разам з Аленай Казловай прэзентавала сваё жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм».
Як распавяла нобелеўская лаурэатка, яна ўсё жыццё сутыкался з чэргамі, спісамі на публікацыю, у якіх былі пераважна мужчыны. Таму пасля атрымання нобелеўскай прэміі яна адразу ведала, на што патраціць ягоную грашовую частку: інтэлектуальны клуб і выдавецтва, якое будзе друкаваць жанчын.
— Напачатку, калі я толькі агучыла гэтую ідэю, мне казалі, што яна недарэчная, што не знойдзецца столькі жанчын-пісьменніц. Думаю, зараз тыя людзі зразумелі, што памыляліся, — распавяла Алексіевіч. — Гэта не проста выдавецтва, мы ствараем свой жаночы сусвет, сусвет аднадумцаў. Калі я глядзела на нашыя маршы ў 2020 годзе, на сотні, тысячы жанчын ў белым, з кветкамі, я думала, што гэта новы жаночы свет, што на роўных уваходзіць у свет сучасны. Без яго адзінокі мужчынскі шлях — гэта шлях самазабойства. Мы гэта бачым на прыкладзе вайны ва Украіне, дзе мы бачым свет у руках старых мужчын, старых уяўленняў. Калі так будзе працяцвацца, гэта самазабойства. Я любуюся ўсімі нашымі аўтаркамі — Юляй Арцёмавай, Вікай Біран, Евай Вежнавец. Прыходзяць маладыя жанчыны, якія кажуць: свет без нас немагчымы. Паўтару: мы, жанчыны, ёсць, і свет без нас немагчымы, ён не выжыве без нас.
Галоўная рэдактарка выдавецтва Алена Казлова расказала пра гісторыю яго ўзнікнення і сэнс назвы. Па словах Алены, яны з Алексіевіч аднойчы сустрэліся ў аэрапорце на шляху да кніжнага кірмашу ў Варшаве. Алена падышла да набеліаткі павітацца, а тая прапанавала разам зрабіць жаночае выдавецтва. Казлова пагадзілася і атрымала першае заданне як галоўная рэдактарка: прыдумаць назву і канцэпцыю выдавецтва.
— Мне адразу прыйшла назва «Пфляўмбаўм», — распавяла Алена. — Яна у гонар беларускай пісьменніцы Яугеніі Пфляўмбаўм, бацька яе быў немцам, спеціялістам-чыгуначнікам, якога запрасілі ў Беларусь, таму ў яе такое нязвыклае прозвішча. У Пфляўмбаўм вельмі цікавая гісторыя, яна была вельмі таленавітая, дэбютавала у 1928 годзе кнігай паэзіі, а потым замаўчала амаль на ўсе жыццё. З ёй здарылася частая гісторыя, якая бывае з таленавіымі жанчынамі: яна выйшла замуж. Муж яе, Максім Лужанін — класік беларускай літаратуры, яго і зараз друкуюць. Ён публікаваў у тым ліку яе пераклады, пад сваім імём, а яна нічога не публікавала. І я хацела паказаць, што мы не з’явіліся на пустым месцы, у нас ёсць карані, да нас былі жанчыны-творцы, якія спрабавалі спраўдзіцца ў літаратуры. У іх не атрымалася, але яны сталі тым грунтам, на якім мы ўзышлі. Гэта імя — вельмі цяжкае па вымаўленню і напісанню для беларусаў, а для жанчын звыкла быць зручнай і лёгкай. І я падумала, што хачу, каб гэты была цяжкая назва, каб людзі прыкладалі высілкі, каб яе вымавіць ці напісаць. Бо вы можаце рабіць высілкі дзеля жанчын. Калі ласка, зрабіце гэта. І яшчэ я спадзявалася, што стварэнне выдавецтва набеліаткай прыцягне увагу да Яугеніі Пфляўмбаўм, яна паўстанне з нябыту, як карабель, падняты з дня акіяна. Людзі пабачаць, які гэты прыгожы карабель і ён адправіцца ў свае новае плаванне.
Самой Алексіевіч, дарэчы, назва спачатку не спадабалася. Але ж яна вырашыла даверыцца інтуіцыі сваёй галоўнай рэдактаркі. І гэта спрацавала.
Трэцяй удзельніцай сустрэчы была адна з аўтарак «Пфляўмбаўма», можна нават сказаць, што ягоны твар, пісьменніца Святлана Курс, якая піша пад псеўданімам Ева Вежнавец.
— Многія беларусы, як у Беларусі, так і за мяжой, знаходзяцца ў стане адчаю, — казала Алена Казлова. — Ім адчайна патрэбна нешта, чым яны могуць ганарыцца. І гэта робяць для іх і для сябе нашы аўтаркі. Я бачу, як палюбілі Еву Вежнавец, бо яна прынесла ў цяжкія часы штосьці вельмі якаснае, высокага ўзроўню, яе кнігі напісаныя вельмі багатай, жывой мовай, якую зараз цяжка знайсці. Для беларусаў, якія павярнуліся да свайго, зараз шукаюць нешта сваё, для іх гэта як крыніца з вадой, якой можна напіцца. Вежнавец піша легка і цікава, і пры гэтым пра вельмі сур’езныя рэчы.
Прысутныя мелі магчымасць пераканацца ў вышэй сказаным асабіста: пасля заканчэння прэзентацыі выдавецтва наступная імпрэза была прысвечана чытанню нямецкага перакладу кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?».
Яўген Ерчак, budzma.org,
фота аўтара