Кінааналітык Ігар Сукманаў далучыўся да каманды фестывалю «Паўночнае ззянне»

Кінааналітык Ігар Сукманаў стаў часткай каманды фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне». Ён далучыўся ў якасці праграмнага дырэктара Беларускага конкурсу.

Ігар Сукманаў — сябар Еўрапейскай кінаакадэміі і прэзідэнт беларускай секцыі Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў (FIPRESCI). З 2021 года ён уваходзіць у склад Праграмнай кансультатыўнай рады Адэскага міжнароднага кінафестывалю. А нядаўна далучыўся да каманды Варшаўскага кінафестывалю як праграмны дырэктар.

Акрамя гэтага, Ігар Сукманаў і Воля Чайкоўская, дырэктарка кінафестывалю «Паўночнае ззянне», увайшлі ў лік заснавальнікаў Беларускай незалежнай акадэміі, аб стварэнні якой аб’явілі на Берлінале сёлета. Там і пачалося супрацоўніцтва кінааналітыка з кінафестам «Паўночнае ззянне».

«Паколькі Воля Чайкоўская запрасіла мяне займацца праграмінгам у краіне, дзе зарадзіўся рамантызм, то асацыяцыі, якія прыходзяць на розум у сувязі з будучай працай, можна апісаць наступным чынам, — адзначае Ігар Сукманаў. — Беларускае кіно ва ўсе часы ўяўляла для многіх невырашальную загадку. Афіцыйнае і незалежнае, яно часта было то імперскім фантомам, то партызанскай хронатоп’ю. У апошнія гады яго голас загучаў асабліва па-юнацку: дзякуючы лічбавай рэвалюцыі ў індустрыю прыйшло пакаленне, якім няма яшчэ 30 гадоў, і мы нават заспелі росквіт цэлай хвалі ў няпростыя дні ’’буры і націску’’. Але сёння жыццё падкідвае новае выпрабаванне — ледзь прабіўшыся на паверхню, апынуўшыся ў цэнтры міжнароднай увагі прафесіяналаў і гледачоў, незалежны кінематограф Беларусі па-ранейшаму вядзе прывіднае існаванне. Яго прадстаўнікі раскіданыя па ўсім свеце, яго фільмы не заўсёды і не ўсюды даступныя, а „праклятае“ пытанне аб яго існаванні ніяк не выключаецца з парадку дня. Уласна, нам нічога іншага не застаецца, як развенчваць скепсіс і не дапусціць мантажнага прыёму ’’сыход у зацямненне’’».

Ігар Сукманаў 11 гадоў курыраваў праграмную секцыю ігравога кіно Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у Мінску — да моманту адхілення «Арт-Карпарэйшн» ад правядзення мінскага кінаагляду, а крыху пазней ліквідацыі кампаніі па рашэнні Мінгарвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам «Лістапад» прадстаўляў кіно былога СССР або краін з агульным камуністычным мінулым Усходняй Еўропы, Азіі, уключаючы Кітай. На пытанне: «Чым будзе займацца „Паўночнае ззянне“ сёлета з удзелам Ігара Сукманава?» — кінааналітык адказвае метафарычна:

— Шукаць папараць-кветку, бо, як інфармуе нас Вікіпедыя, міфічная кветка, якая адкрывае яго ўладальніку скарбы і таямніцы свету, даруе празорлівасць і ўладу над нячыстым духам. Мы будзем фармаваць і дэманстраваць нацыянальную праграму фільмаў, якія будуць умацоўваць дух праўды, творчай свабоды і неўтаймоўнай волі сцвярджаць боль і шчасце быць беларусам.

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» ў 2022 годзе часткова вярнуўся ў offline і сабраў поўныя залы ў Таліне і Вільні, а ахвотных глядзець фільмы фэсту online набралася больш за 2 тысячы чалавек. Гледачам яшчэ невядомыя даты «Паўночнага ззяння — 2023». Аднак каб даць магчымасць камандзе кінафестывалю працягваць паказваць беларусам і беларускам класнае якаснае кіно — падтрымайце іх дзейнасць данатам.

Сачыце за навінамі кінафэсту ў сацыяльных сетках InstagramTelegramFB.

Ззя!

Арганізатар: кінакампанія Volia Films.

budzma.org