Аляксандр Фрыдман: Украіна не зацікаўлена, каб сітуацыя ў Беларусі пагоршылася

Дзень Волі ў Батумі 25.03.2023. Ілюстрацыйная выява

Беларусы атрымалі порцыю аптымізму ад Уладзіміра Зяленскага. 13 траўня прэзідэнт Украіны ў інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу адзначыў, што «Беларусь — гэта не Расія» і што беларускі народ працягвае барацьбу за сваю свабоду і каштоўнасці. Афіцыйны Кіеў змяніў рыторыку. Але ці азначае гэта змену рэальнай палітыкі? «Новы Час» пагаварыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

«Я не лічу, што Беларусь — гэта Расія. Расія робіць усё, каб зрабіць з Беларусі Расію… Нават не так, яны іх не паважаюць… Каб зрабіць яе часткай Расіі, каб там усім кіраваць, узброенымі сіламі… бо ў іх там у многіх інстытутах ужо ёсць свае людзі, якія кіруюць тымі ці іншымі працэсамі. Але людзі, больш за 70% людзей, насельніцтва Беларусі сёння супраць Расіі, яны супраць вайны, яны спачуваюць Украіне», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

А наступным днём, у ходзе цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага ў нямецкім Ахене Зяленскі паціснуў руку Святлане Ціханоўскай. Дагэтуль украінскі кіраўнік пазбягаў з ёй кантактаў, каб не справакаваць Лукашэнку на яшчэ больш варожыя дзеянні супраць Украіны.

— Убачым, ці заява Зяленскага сітуатыўная, ці гэта прыкмета сур’ёзных змен, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Што адбылося? Відавочна, падчас інтэрв’ю італьянскім журналістам Зяленскі напэўна ўжо ведаў, які будзе пратакол сустрэчы падчас цырымоніі ўручэння прэміі ў Ахене, ведаў, што апынецца на адным подыуме з Ціханоўскай. Ён таксама ведаў, што як мінімум давядзецца паціснуць ёй руку. 

Разглядаючы сітуацыю з гэтай перспектывы, мы бачым, што, магчыма, там прысутнічаў пэўны разлік: раз мы з Ціханоўскай сустракаемся, а яе атачэнне зробіць усё, каб данесці гэта да шырокай беларускай публікі (падчас нямецкай трансляцыі, якую я глядзеў, было бачна Франака Вячорку, які робіць фотаздымкі), Зяленскі рашыў скарыстацца сітуацыяй на ўсе 100 адсоткаў.

Галоўным для Ціханоўскай было атрымаць гэта відэа і поціск рукі — атрымала ўсё.

Таму і прагучалі заявы, вельмі прыемныя для беларускага боку. Не факт, што яны адпавядаюць рэчаіснасці, прынамсі, у той форме, у якой падаў Зяленскі (70% беларусаў на баку Украіны — гэта выглядае занадта аптымістычна). Але Зяленскі сказаў добрыя словы: яны станоўча ўспрыняты ў Еўропе, напэўна, і ва Украіне іх успрынялі станоўча.

Ці маюць гэтыя заявы нейкае дачыненне да Лукашэнкі? Раней казалі, што Зяленскі дыстанцыюецца ад Ціханоўскай і не сустракаецца з ёй, каб яшчэ больш не пагаршаць адносін з Лукашэнкам. Канешне, можна дапусціць, што Лукашэнка слабы, магчыма, да ўлады ўвогуле ўжо не вернецца — можна і паціснуць руку Ціханоўскай. Але мне такая версія здаецца надуманай.

— Ці прывядзе змена рыторыкі да змены рэальнай палітыкі афіцыйнага Кіева? Гэта піяр-крок ці ўжо ўсё тут пахне рэальнай стратэгіяй?

— Пакуль цяжка ацаніць, бо прагучалі толькі гэтыя заявы. Трэба глядзець, што будзе далей. Зяленскага ніхто не прымушаў казаць тое, што сказаў. У інтэрв’ю ён адмыслова сказаў, што беларусы вядуць сваю барацьбу. Магчыма, Украіна зыходзіць з таго, што час Лукашэнкі ў Беларусі хутка скончыцца, распачнецца барацьба — безумоўна, у інтарэсах Украіны, каб сітуацыя ў Беларусі, прынамсі, не пагоршылася, каб не прыйшлі да ўлады людзі, якія павядуць беларускае войска на вайну ва Украіну.

З іншага боку, калі ў Беларусі пачнецца нейкая дэстабілізацыя, якая адцягне ўвагу Расіі, і ёй давядзецца частку падраздзяленняў паслаць на «ўціхамірванне» Беларусі, гэта таксама можа стаць паслабленнем для Украіны.

Але калі зараз у Беларусі нешта здарыцца, то прагназаваць сітуацыю немагчыма. Магчыма ўсё: ад выхаду людзей на вуліцу і вызвалення палітвязняў да ўсталявання ваенна-паліцэйскай хунты на чале з Вальфовічам, Церцелем або Хрэніным.

З майго пункту гледжання, у Лукашэнкі няма пераемніка, якога б ён назваў. Пераемнік не рыхтаваўся, бо Лукашэнка не давярае свайму атачэнню. А ўмовы неспрыяльныя: можа ўзнікнуць сітуацыя, калі Лукашэнка кіраваць не здолее, а пераемнік не прызначаны. У такой сітуацыі можа выйсці на першы план асоба, пра якую мы ўвогуле не думаем. Як у Туркменістане з Бердымухамедавым: увогуле ніхто не ведаў міністра аховы здароўя, якога пасля абралі прэзідэнтам.

Юрась Дубчук, novychas.online