Праблема захавання беларускай мовы і культуры ўзнятая ў Еўрасаюзе на вельмі высокім узроўні, заявіла прадстаўніца Кабінета Святланы Ціханоўскай па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.
Аліна Коўшык спадзяецца на дапамогу ЕС у захаванні беларускай мовы. Пра гэта яна распавяла ў сацсетках Пераходнага кабінета.
— Я хацела б выказаць глыбокую ўдзячнасць віцэ-прэм’еру, міністру культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Пятру Глінскаму за тое, што ўзняў праблему захавання беларускай мовы і культуры на форуме Еўрасаюза ў Бруселі.
Польшча лічыць неабходным распрацаваць агульнаеўрапейскі план дзеянняў, каб падтрымаць намаганні беларусаў па абароне сваёй мовы, нацыянальных каштоўнасцей, традыцый, ідэнтычнасці.
Абмеркаванне гэтага балючага пытання стала магчымым дзякуючы актыўным беларусам — прадстаўнікам народных амбасадаў — і нашай згуртаванай працы.
Разам з імі мы накіравалі ліст усім міністрам культуры краін ЕС, у якім распавялі пра рэпрэсіі рэжыму ў дачыненні да культурных дзеячаў, пра выцісканне беларускай мовы з публічнай прасторы, у тым ліку з навучальных устаноў, пра знішчэнне грамадскіх арганізацый, якія займаліся захаваннем і папулярызацыяй беларускай мовы і культуры.
У лісце мы таксама папрасілі міністраў аб пошуку магчымасцей для падтрымкі беларускіх дзеячаў культуры, адукацыі на беларускай мове, беларускага кнігавыдання і інш.
Тое, што наша супольная праблема ўзнятая на такім высокім узроўні, дае нам спадзяванні, што намеры Еўрасаюза па падтрымцы беларускай культуры будуць рэалізаваныя. Ва ўмовах агрэсіўнай экспансіі «рускага свету» гэта асабліва важна.