У жніўні 2025-га міне пяць гадоў з моманту правядзення прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх вялікая колькасць беларусаў прагаласавала за Святлану Ціханоўскую. Гэтае падтрыманне дазволіла ёй праз нейкі час абазначыць свой статус як прэзідэнт-элект. Ну а раз з’явіўся такі статус, то ў яго нібыта з’явіўся і «тэрмін дзеяння»: паводле Канстытуцыі, прэзідэнта абіраюць на пяць гадоў, якія заканчваюцца акурат налета. Дык што станецца з легітымнасцю Ціханоўскай пасля 2025-га? Belsat.eu паразмаўляў з экспертамі.
Пытанне 2025 года
Пытанне легітымнасці Святланы Ціханоўскай ужо сёння даволі актыўна абмяркоўваецца ў медыйнай прасторы – як сярод апанентаў, гэтак і сярод прыхільнікаў, дыскутуюць пра гэта і ў асяроддзі незалежных аналітыкаў (напрыклад, Аляксандр Класкоўскі, Арцём Шрайбман, Юрый Дракахруст).
Можна меркаваць, што ў хуткім часе праблему 2025 года будзе педаляваць і прапаганда. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Дастаткова прыгадаць, як пракрамлёўскія медыі актыўна мусіравалі тэму легітымнасці Уладзіміра Зяленскага ў траўні 2024-га.
Рыхтуецца да 2025 года і рэжым у Менску. Аляксандр Лукашэнка не так даўно даручыў кіраўніку ЦВК Ігару Карпенку правесці «выбары» так, «каб камар носа не падтачыў». З усяго відаць, Лукашэнка збіраецца «пераабрацца» на іх, нягледзячы на тое, што яму ўжо гарантаванае «цёплае месца» ва Усебеларускім народным сходзе. Калі ж «выбары» пройдуць «гладка», гэта, верагодна, ізноў дазволіць Лукашэнку казаць пра ўсенароднае падтрыманне і трактаваць 2020 год як нейкі збой у «народнай любові».
Але ці трэба «пераабірацца», «пацвярджаць легітымнасць» і Святлане Ціханоўскай? Ці можна карыстацца крэдытам даверу, які выказаў ёй беларускі народ у 2020 годзе? Якія наагул аргументы будуць прыводзіцца з абодвух бакоў? Каб добра адказваць на гэтае пытанне ў 2025-м, мо варта прадумаць іх ужо цяпер?
Што такое легітымнасць
Калі ў двух словах, то легітымнасць – гэта добраахвотная згода народу прызнаць за ўладаю права на прыняцце пастановаў, на права ўлады. Ёсць таксама легітымнасць вонкавая, калі ўлады ў краіне прызнаюцца замежнымі дзяржавамі.
На думку беларускага палітолага Паўла Усава, у 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка сутыкнуўся менавіта з крызісам інстытуцыйнай, або электаральнай легітымнасці і перацяканнем электаральнага даверу да Святланы Ціханоўскай падчас правядзення выбараў.
Але вось Ціханоўская гэтай інстытуцыйнай легітымнасцю, мяркуе палітолаг, не скарысталася ці, хутчэй, не адважылася прыняць на сябе абавязкі прэзідэнцтва ў першыя ж паслявыбарчыя дні. Прэзідэнтам-электам яна назвала сябе са спазненнем, што, паводле Паўла Усава, моцна падарвала ейную інстытуцыйную легітымнасць.
Нагадаем, што прэзідэнтам-электам (або абранаю прэзідэнткаю) Ціханоўская назвала сябе толькі ў лістападзе 2022 года ў калонцы для бельгійскага выдання «Politico». Тады Офіс Святланы Ціханоўскай канкрэтызаваў: паводле шматлікіх сведчанняў назіральнікаў, апытанняў і электроннага галасавання, Ціханоўская сапраўды перамагла на выбарах 2020 года. Але паколькі афіцыйныя вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, яна не ўступіла на пасаду і засталася прэзідэнткай, якую выбралі – прэзідэнтам-электам. Місіяй Ціханоўскай у гэтай ролі абвяшчалася забеспячэнне транзітнага перыяду і правядзенне новых выбараў.
Тым не менш, працягвае Павел Усаў, калі ўсё ж Святлана Ціханоўская пачала дзеяць у такім «працэдуральна-інстытуцыйным аспекце легітымізацыі як прэзідэнт-элект», то гэты статус трэба будзе «нечым пацвердзіць» у 2025 годзе, бо заканчваецца электаральны цыкл, вызначаны Канстытуцыяй:
«Калі б яна не называла сябе прэзідэнт-элект, а проста была б нацыянальным лідарам, то з гэтага не вынікала б ніякіх праблемаў».
Пры гэтым палітолаг падкрэслівае: магчымасці пацвердзіць гэты статус сёння папросту не існуе, і таму далейшае яго выкарыстанне будзе «неканстытуцыйным», «самазванчым».
Ёсць таксама яшчэ адзін тып легітымнасці, які базуецца на эмацыйным успрыняцці лідара народам. Але з гэтым, адзначае палітолаг, у Ціханоўскай таксама ёсць пытанні, што нібыта паказалі выбары ў Каардынацыйную раду, на якіх прагаласавала малая колькасць выбарнікаў (6723 чалавекі, або 0,097 % патэнцыйна магчымых выбарнікаў). Таму пытанне, з якім хутка сутыкнецца Святлана Ціханоўская, на думку Паўла Усава, – гэта «крызіс даверу».
Усё будзе залежаць ад пазіцыі Захаду?
Прыблізна такіх жа думак прытрымліваецца і палітолаг Дзмітрый Балкунец. Ён сцвярджае, што цікавасць да Святланы Ціханоўскай сёння падае і спасылаецца на метрыкі «Вікіпедыі» і «Google Trends» (дазваляе аналізаваць запыты карыстальнікаў «Google»). Адметна, што на сваёй старонцы палітолаг прыводзіць рэйтынг цікавасці да беларускіх палітычных дзеячаў на падставе праглядаў старонак у «Вікіпедыі» і пошукавых запытаў «Яндекса», у якім Ціханоўская якраз займае другі радок пасля Лукашэнкі.
Як і Павел Усаў, Дзмітрый Балкунец думае, што пацвярджэннем нізкага даверу да Святланы Ціханоўскай у краіны сталіся выбары ў Каардынацыйную раду. Маўляў, Ціханоўская заклікала падтрымаць выбары, але колькасць удзельнікаў была вельмі малая, што нібыта паказвае недавер да структураў, звязаных з ёю.
Што да праблемы 2025 года, то шмат што, паводле Дзмітрыя Балкунца, будзе залежаць ад пазіцыі заходніх краінаў, іх гатовасці працягваць дыялог, і ад донараў, якім неабходна «патраціць сродкі, выдаткаваныя іхнымі ўрадамі». Пры гэтым суразмоўца адзначае, што замежныя краіны «не жывуць у мінулым», і з 2020 года ў Еўропе шмат дзе змяніліся ўрады, шмат хто «нават не ведае, хто такая Святлана Ціханоўская».
Палітолаг дапускае, што падчас чарговых прэзідэнцкіх «выбараў» у Беларусі можа з’явіцца нейкая іншая асоба, якая «выскачыць з-пад плінтуса». Але калі «выбары» пройдуць «стэрыльна», то, верагодна, заходнім палітыкам па-ранейшаму будзе зручна кантактаваць са Святланай Ціханоўскай або з некім яшчэ з былых кандыдатаў на прэзідэнта, як Андрэй Саннікаў ці Зянон Пазняк, бо, на думку Балкунца, яны таксама ёсць прадстаўнікамі беларускага палітычнага ландшафту, і Святлана Ціханоўская нічым ад іх не адрозніваецца.
Легітымнасць = давер
Легітымнасць – гэта давер, кажа дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» і дарадца Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька. Па-першае, гэта давер ад людзей Беларусі, па-другое, ад міжнароднай супольнасці. Каб зразумець, ці ёсць давер да Святланы Ціханоўскай з боку замежных партнёраў, Анатоль Лябедзька прапануе паглядзець на статус сустрэчаў, на якія яе запрашаюць: гэта і саміт міністраў G7, і саміт спікераў парламентаў 30 краінаў, і сустрэчы з урадамі 26 еўрапейскіх краінаў з 27, якія ўваходзяць у Еўразвяз.
«Ці ёсць гэта легітымнасць і давер? – задае пытанне Анатоль Лябедзька. – Відавочна».
Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка таксама адзначае, што беларуская дэмакратычная лідарка мае давер і легітымнасць, здабытыя не толькі ў 2020-м, але і дасягнутыя дзякуючы ейнай дзейнасці цягам апошніх гадоў.
Што да даверу ў Беларусі, то Анатоль Лябедзька прапанаваў зыходзіць з таго, што ў краіне няма дэмакратыі, а значыць, няма незалежных апытанняў і выбараў, якія б маглі вызначыць ступень даверу або легітымнасці да таго ці іншага палітыка. У той жа час рэжым сваймі паводзінамі адказвае на пытанне, ці ёсць легітымнасць у Ціханоўскай. Бо ў адваротным выпадку дазволіў бы правесці свабодныя выбары, у якіх магла б узяць удзел Святлана. Тым не менш такі сцэнар цяжка сабе ўявіць, адзначае Анатоль Лябедзька.
Не зможа перабіць легітымнасці Ціханоўскай і Каардынацыйная рада, якая, на думку Анатоля Лябедзькі, не здолела пакуль стацца другім альтэрнатыўным палітычным цэнтрам праз малую колькасць удзельнікаў у галасаванні.
Перабольшаная праблема
На думку Франака Вячоркі, праблема легітымнасці Святланы Ціханоўскай «перабольшаная і ў асноўным выкарыстоўваецца прапагандаю»:
«Фармальна Ціханоўская не ўступіла ў пасаду, і яе прэзідэнцкі тэрмін не пачынаўся. Але калі ён пачнецца, яе адзінаю задачаю будзе правесці хутка свабодныя выбары. Гэта яна абяцала беларусам у 2020-м».
Палітык дадае, што легітымнасць Ціханоўскай будзе наймацнейшая да таго часу, пакуль у Беларусі не адбудуцца новыя выбары «з магчымасцю ўдзелу прынамсі не горш, чымся ў 2020-м». Але ў цяперашніх умовах правесці агульнанацыянальныя выбары немагчыма, каб нейкім чынам пацвердзіць ці зняпраўдзіць легітымнасць Святланы Ціханоўскай.
Вячорка адзначае, што тыя, хто лічаць Ціханоўскую легітымнаю сёння, будуць лічыць яе такой і пасля 2025 года. А тыя, хто не падтрымлівалі, наўрад ці зменяць сваё стаўленне нават пасля выбараў:
«Тое, што адбылося ў 2020-м, памяняла сітуацыю ў Беларусі, мы выйшлі за межы выбарчых цыклаў. Патрабаванні, з якімі выходзілі беларусы на вуліцы, не выкананыя: новыя свабодныя выбары, вызваленне палітвязняў, пакаранне памагатых рэжыму».
«Чыста каляндарным» лічыць узнікненне пытання легітымнасці Святланы Ціханоўскай і каардынатар «Нашай візіі» Вадзім Мажэйка. Ён праводзіць паралелі з тым, што не так даўно адбывалася ва Украіне з Уладзімірам Зяленскім, калі прапагандысты ў межах інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў уздымалі гэтую тэму як мага гучней:
«Насамрэч я б адзначыў, што тэрміны паўнамоцтваў прэзідэнтаў адлічваюцца з дня інаўгурацыі, а не з дня выбараў ува ўсім свеце. Інаўгурацыі Святлана Ціханоўская не праводзіла, так што няма ад чаго адлічваць, калі казаць чыста фармальна. Але тут больш важная справа палітычная».
На думку Мажэйкі, працэдурная легітымнасць Ціханоўскай (праз выбары) не ідэальная, і кожны год, які праходзіць з выбараў 2020-га, не ідзе ёй у плюс. Але ў той жа час няма нейкай «чароўнай даты», да якой яна можа называцца прэзідэнткай, а пасля якой – не.
«Для лепшай працэдурнай легітымнасці нам патрэбныя лепшыя працэдуры. Зрэшты, гэта і ёсць праграма Ціханоўскай: правесці прымальныя сумленныя выбары, без палітзняволеных, без гвалту. І, канечне, той, хто перамог бы на такіх выбарах, меў бы больш легітымнасці за Ціханоўскую», – разважае Вадзім Мажэйка і дадае, што пакуль нічога падобнага ў краіне зрабіць немагчыма.
Варта не пазбавіцца голасу
У той жа час палітолаг Павел Усаў мяркуе, што ва ўмовах, калі Ціханоўская не кіруе краінаю, падкрэсліванне нейкага «прэзідэнцкага мандату» неапраўданае. Таму «выключная манаполія» Ціханоўскай на прадстаўнічасць Беларусі будзе падарваная, адбудзецца з’яўленне новых палітычных постацяў, у сувязі з чым у 2025 годзе мы апынёмся ў сітуацыі шматлідарства. Для аслаблення ўплыву Ціханоўскай якраз такі будзе выкарыстоўвацца факт заканчэння прэзідэнцкага электаральнага тэрміну.
У гэтай сітуацыі, паводле Усава, мае адбыцца перафарматаванне лідарства, калі Ціханоўская павінна змяніцца і стацца ўнутраным лідарам (бо, на думку палітолага, Ціханоўская агучвае не свае думкі, а думкі свайго атачэння). Па-другое, маюць быць сфармуляваныя агульная кансалідаваная нацыянальна-дэмакратычная ідэалогія і каштоўнасці, на якія трэба абапірацца, і нарэшце сфармаванае шырокае рушанне – нацыянальны фронт, які б абапіраўся на ўзброеныя элементы, у тым ліку полк Каліноўскага.
«Вось гэта тры галоўныя структурныя элементы, без якіх апазіцыя будзе проста развальвацца далей і шанцаў на паляпшэнне сітуацыі не будзе», – падкрэсліў Павел Усаў.
Дзмітрый Балкунец дапускае, што далей Ціханоўская можа заставацца адным з лідараў апазіцыйнага руху. Цяпер не варта «мерацца легітымнасцю», а трэба «зняць з сябе карону» і прыйсці за стол перамоваў з рознымі палітычнымі групамі, каб абмеркаваць надзённыя пытанні – напрыклад, вызвалення палітычных вязняў.
У сваю чаргу Вадзім Мажэйка адзначае, што на сёння тэхнічнай і легальнай магчымасці займець «лепшую легітымнасць», чымся ў Святланы Ціханоўскай, няма ні ў кога. Таму з тым статусам, які цяпер ёсць у Ціханоўскай, «мы і жывём», бо гэта інструмент для ўсіх беларусаў, якога не было пасля выбараў 2006 ці 2010 гадоў.
У сувязі з гэтым, мяркуе Мажэйка, пасля 2025 года Святлана Ціханоўская будзе працягваць займацца тым, чым займалася да гэтага:
«Пакуль у Беларусі не адбудуцца выбары з большаю ступенню празрыстасці і дэмакратычнасці, чымся ў 2020 годзе, да гэтага часу ніякай лепшай фігуры, якая будзе мець большую легітымнасць, я проста не бачу, проста не ўяўляю інструментаў, як яна знойдзецца».
У той жа час, адзначае Франак Вячорка, важна, «каб дэмакратычныя сілы не загразлі ва ўнутраных канфліктах, бо тады Беларусь проста згубіць суб’ектнасць на міжнароднай арэне». А каб быць падстрахаванымі на той выпадак, калі раптам Ціханоўская сапраўды з нейкіх прычынах выйдзе з палітычнай барацьбы, варта будаваць альтэрнатыўныя інстытуты ўлады, якія змогуць працаваць і існаваць незалежна ад асобаў, якія туды ўваходзяць. «Гэта і Кабінет, і Каардынацыйная рада. Але без Ціханоўскай адчыняць любыя дзверы будзе вельмі складана», – адзначае Вячорка.
Калі ж нават уявіць сітуацыю, што нейкім чынам сёння ўдалося «пазбавіць» Ціханоўскую легітымнасці, то для беларусаў гэта была б «вялікая параза і моцны палітычны крызіс», мяркуе Анатоль Лябедзька:
«Мы як ніколі маем вельмі моцны голас, які чуюць і ў Вашынгтоне, і ў Бруселі, і ў любой еўрапейскай сталіцы. Пазбавімся гэтага голасу – мы ўсе будзем нешта шаптаць. Нас, можа, будуць чуць людзі, якія вакол нас, але не будзе чуць міжнародная супольнасць, мы не зможам трымаць Беларусі ў міжнародным парадку дня. Трэба прызнаць, што гэта вынік усіх нашых намаганняў. Але галоўным інвестарам у гэта ёсць голас Ціханоўскай. І калі мы яго хочам страціць і хочам хрыпець ці казаць нешта шэптам – і гэта таксама сцэнар, таксама пэўная альтэрнатыва. Але хто ад гэтага выйграе? Не выйграе народ Беларусі, не выйграюць прыхільнікі пераменаў, не выйграе сама Беларусь».