«Будзьма!» працягвае расповед пра трох беларускіх паэтак, якія дэбютавалі разам у 1926 годзе, а сёлета наноў адкрыліся для беларускага чытача дзякуючы выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаўм». Наўздагон артыкулам пра Наталлю Вішнеўскую «Будзьма!» прапануе тры прычыны, чаму варта звярнуць увагу на Зінаіду Бандарыну і кнігу яе выбраных вершаў «Да новага заўтра».

Прывезла Беларусь у Сібір

Зінаіда Бандарына нарадзілася ў 1909 годзе ў Гародні і зазнала лёс, тыповы для многіх дзяцей таго пакалення: падчас вайны бацьку мабілізавалі, а сям’я мусіла весці вадроўны лад жыцця. Яны пераязджалі ў Дзвінск, Маскву, Іванава, качавалі па прыфрантавой паласе, пакуль не аселі ў Мінску ў 1918-м. Тут дзяўчына вучылася ў сямігадовай школе і пачала пісаць вершы, якія змясціла ў насценным друку і нават паказала Янку Купалу. Невядома, што сказаў на гэта класік, аднак у школе належным чынам ацанілі творчы дэбют і пачалі называць вучаніцу «наша паэтэса».

Вокладка новай кнігі. Крыніца: інстаграм-старонка выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм»

Атрымаўшы атэстат, Зінаіда паехала ў Койданава (цяпер Дзяржынск), каб стварыць першы ў раёне дзіцячы садок і стаць яго загадчыцай. Наўрад ці хто чакаў, што 16-гадовае дзяўчо так спрытна возьмецца за справу. Узварушыўшы ўсё мястэчка, яна арганізавала тэрміновы рамонт закінутага дома, куды неўзабаве паваліла дзятва, і атрымала за сваю прагу да дзейнасці мянушку «Неспакойная». Метадычных дапаможнікаў на той час не было, таму Бандарына рабіла сваю працу так, як сама разумела: перапрацоўвала найбольш зразумелыя творы Купалы і Коласа ды чытала іх маленькім слухачам.

Пасля двух гадоў працы ў дзіцячым садку Зінаіда паехала вучыцца ў мінскі Белпедтэхнікум, дзе далучылася да авангарду маладой беларускай літаратуры. Паводле ўспамінаў Міколы Хведаровіча, у 1925 годзе «ў рэдакцыю літаратурнага часопіса „Маладняк“, баязліва пераступіўшы парог, зайшла белакурая дзяўчынка. Яна прынесла свае вершы. Гэта было так нечакана. Маладыя пісьменнікі тых гадоў, з якімі нам даводзілася сустракацца, прайшлі скрозь агонь грамадзянскай вайны, многа перажылі, шмат чаго перабачылі. І раптам — дзяўчынка-паэтэса».

Юная Зінаіда Бандарына. Крыніца: zviazda.by

Варта адзначыць, што ў справе жаночай паэзіі яна была не адна. У 1926 годзе адбылася сапраўдная падзея: пабачыў свет маладнякоўскі зборнік «Вершы», які ўтрымліваў творы Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай, Яўгеніі Пфляўмбаўм. Як адрэгавала крытыка? Мікола Байкоў напісаў: «Зборнічак вершаў Бандарынай і К° навочна паказвае, што беларуская камсамолка выходзіць на шлях шырокай грамадзянскай дзейнасьці. Грамадзянскія мотывы асабліва выразна чуваць у вершах Бандарынай». А Максім Гарэцкі ў артыкуле, прысвечаным «выдатным і тыповым маладнякоўцам», даў наступнае рэзюмэ тагачаснай творчасці Зінаіды: «Услаўленне працы жнеек, успаміны аб няволі і радасць вызвалення, сацыяльная радасць у дзень жаночага свята, апяванне вёскі, матывы кахання».

З трапнымі характарыстыкамі крытыкаў варта пагадзіцца, бо з трох аўтарак Бандарына і праўда вылучалася найбольш выразнай грамадзянскай лірыкай. Усё тут як трэба: і юнацка-бунтарскі задор маладнякоўцаў, і захапленне гулам заводаў, і заклік «ад расы да расы працаваць». Як і паплечніцы, Зінаіда любіць пагуляцца з падвойнымі словамі (смяяцца-весяліцца, чырванню-плынню, шуліва-цёмныя), а то і нешта сваё прыдумаць:

Завіхурыла спевам машына,
Расквітае зарою ўсход.
Гэта — ў хвалях вясёлых чырвань
Плытагоніць жыцця веснаход.

Нельга не адзначыць і іншы бок ранняй творчасці Бандарынай, бо той жа Гарэцкі сцісла падсумаваў: «Вершы гладкія, мілагучныя». А часам і досыць лірычныя:

Не кажы, што адну ты кахаеш,
Не кажы, што я люба твая.
Зорнай ночкай з табой другая,
Я ж сумую адна...
Адна...

Пафас будаўніцтва светлай будучыні, якім прасякнута творчасць маладой паэткі, можа выклікаць у сучаснага чытача скепсіс. Аднак варта аддаць належнае аўтарцы: яе словы не разыходзіліся са справай. Скончыўшы Белпедтэхнікум, у 1927 годзе Бандарына едзе ў Сібір, каб вучыць дзяцей беларускіх перасяленцаў.

Што яны там рабілі? У вершы «Бліскавіцы» аўтарка распавядае пра сялян, якія ў 1908 годзе развіталіся з роднымі краямі ды паехалі «па шчасце, па долю ў пагоню». А калі казаць прасцей, то ў пошуках адказу на адвечнае беларускае пытанне:

Там халады, ды без меры зямлі.
Колькі захочаш заворвай, бяры.

У сваіх успамінах Мікола Хведаровіч падкрэсліваў, што ў такую вандроўку паэтка выправілася па асабістым жаданні. Вядома ж, да мемуарыстыкі савецкіх часоў варта ставіцца з асцярожнасцю, таму няхай пра свае пачуцці аўтарка раскажа сама. У першы (але не апошні) раз звернемся да самага цікавага раздзелу новай кнігі з рукапісамі вершаў, якія не публікаваліся пры жыцці. У 1958 годзе Бандарына напіша:

Колькі год была я пад надзорам
І не мела права жыць у краіне роднай.
Колькі год у замеці марознай
Я зайздросціла маім сябрам у астрозе?
...
Маладосць маю пад пылам пахавалі,
І ніхто не ведаў, не чакалі.

Імаверна, у гэтых словах паэтка ўвасобіла не толькі сібірскі досвед, але і ўвогуле свой вандроўны лад жыцця: апроч беларускіх гарадоў Зінаіда будзе жыць у Маскве, Ленінградзе, Архангельску, Грозным (не кажучы ўжо пра перасоўванні ў ваенны час). Аднак радок «колькі год у замеці марознай» дае зразумець, што ў працытаваным вершы не абышлося і без той самай камандзіроўкі «па асабістым жаданні».

Вокладка кнігі «Веснацвет» (1931). Крыніца: zviazda.by

Разам з тым адной згадкі замала, каб рабіць грунтоўныя высновы, таму пашукаем намёкі ў «сібірскай» нізцы паэтычных твораў, якія ўвайшлі ў другі зборнік Бандарынай «Веснацвет» (1931). Напрыклад, верш «У школе»:

Патанулі ў шэрані далі,
Чую плач ціхі леры ўдалёк,
Сэрца смутак няведамы паліць,
Словы стынуць у асмяглых грудзёх.

Аднак танальнасць твора мяняецца, калі справа даходзіць да расповеду пра вучняў:

Мы ў Сібіры жывём і не мёрзнем,
Будзем наскія кніжкі чытаць.

І яшчэ:

Няхай радасць трывогай атручана,
У вачох павуціннем туга, —
Навучу я маленечкіх вучняў
Родны край свой нязмерна кахаць.

Тужлівыя, настальгічныя ноты яшчэ не раз прагучаць у «сібірскай» нізцы, аднак на іх фоне выразна чуваць і чыста беларускі матыў. У вершы «Перамога» маладая настаўніца Галіна прамаўляе суайчыннікам:

— Хто сказаў вам,
што вашая мова —
дар нікчэмны
пражытых гадоў?

Самы час звярнуць увагу на тое, што вершы гэтага цыклу былі надрукаваны ў зборніку, які выйшаў у 1931 годзе, то-бок у час, калі ўжо зменены палітычны курс, згорнута палітыка беларусізацыі, прагрымела справа «Саюза вызвалення Беларусі». Творы з намёкам на нацыянальную арыентацыю сталі калі яшчэ не зусім крамольнымі, то ўжо і не дужа ўхвальнымі. Ці абавязкова было ў такой сітуацыі падкрэсліваць, што маладая настаўніца заахвочвала чытаць «наскія» кнігі, любіць родны край і размаўляць на сваёй мове? Куды бяспечней было б пазбягаць нязручных тэм. Аднак падаецца, што аўтарка лічыла важным сказаць менавіта пра гэта.

Прыцыпова адмовілася ўзводзіць паклёп на апальных пісьменнікаў

Суровы клімат і тужлівы настрой негатыўна адбіліся на стане здароўя: Бандарына захварэла на сухоты, вярнулася ў Мінск і была на часовай інваліднасці. У Сібір яна больш не паедзе, аднак гісторыя з тамтэйшымі вучнямі яшчэ не скончана.

Крыніца: zviazda.by

Ачуняўшы, Зінаіда атабарылася ў Гомелі, дзе працавала ў рэдакцыі газеты «Палеская праўда» (цяпер — «Гомельская праўда»). Наконт гэтага перыяду свайго жыцця яна зрабіла ў аўтабіяграфіі наступны запіс: «Тут провинилась (не поверила в контрреволюц[ионность] некоторых белор[усских] писателей. По моей вине материал о них был напечатан с опозданием)».

Пад гэтай цьмянай фармулёўкай маецца на ўвазе знакаміты «Ліст трох», падпісаны А. Александровічам, А. Дударом і М. Зарэцкім і надрукаваны ў газеце «Савецкая Беларусь». Нагадаем, што аўтары сенсацыйнага тэксту звярнулі ўвагу на цкаванне беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў БДУ і заявілі пра намер пашыраць сваю асвету ў іншых ВНУ.

Гэтая падзея справакавала нечуваны вэрхал, які хутка абляцеў усе СМІ. Асабліва вызначылася тая самая «Палеская праўда», дзе адбыўся сапраўдны дэмарш: загадчыца літаддзела Бандарына нечакана адмовілася перакладаць на беларускую мову артыкул мінскага спецкора «Антыпартыйныя выступленні беларускіх пісьменнікаў». Зацятая спрэчка, якая пачалася ў сценах рэдакцыі, неўзабаве вылілася і на старонкі газеты. Вядома, Зінаіда не магла прама сказаць пра матывы сваіх дзеянняў, але пэўны намёк пакінула: «Гэты артыкул я не перакладала таму, што была занятая тэрміновай падрыхтоўкай матар’ялаў да 10-годдзя жанаддзелу Беларусі… З назвай артыкула таксама была ня згодна…» Аднак на той жа старонцы быў размешчаны і тэкст невядомага аўтара наступнага зместу: «Тов. Бандарина демонстративно отказалась от перевода статьи, несмотря на двукратное предложение редакции. А отказалась потому, что была не согласна со статьёй…»

Праз тыдзень з’явілася яшчэ адна публікацыя, з якой вынікала, што пры разглядзе справы ў камсамоле

«Бандарына зусім недвухсэнсоўна выказала сваю салідарнасць з антыпартыйным выступленнем трох беларускіх пісьменнікаў з лістом у газ. „Савецкая Беларусь“, прычым гэтую сваю салідарнасць даказала на справе, дэманстратыўна адмаўляючыся перакласці на белмову атрыманую рэдакцыяй інфармацыю аб гэтым выступленні».

Апроч таго, паэтка палічыла патрэбным адзначыць юбілей Цішкі Гартнага, які падтрымаў Дудара і таксама трапіў у няміласць. Пасля такіх абвінавачанняў невядомы аўтар рэзюмаваў: «У З. Бандарынай ёсць наогул шкодная думка, што пісьменніка мы павінны разглядаць па яго творчасці, без сувязі з яго грамадскай чыннасцю».

Чым скончылася спроба публічнай прачуханкі? Бандарына не саступіла і ў знак пратэсту сама падала заяву аб выключэнні з камсамола. А сярод яе рукапісаў будуць знойдзены радкі, напісаныя ў 1958 годзе:

Архівы паднімі. О, як мяне не катавалі,
Я на сяброў не клевятала,
Знарок ад іх я ўцякала,
Ілжывых паказанняў не давала
І галаву сваю я ставіла ў заклад:
Не ворагі яны, клявешча на іх гад.

Шукала праўду да самага канца

На шчасце, гісторыя з «лістом трох» не мела для Бандарынай крытычных наступстваў: у аўтабіяграфіі аўтарка пазначыла, што «на исправление меня взяли в качестве секретаря отдела печати в ЦК КПбБ». Пасля яна скончыла інстытут кінематаграфіі ў Маскве, аспірантуру акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, працавала ў тэатральных і культурных установах, працягваючы пісаць. А ў 1939 годзе ў Грозным пабралася шлюбам з тэатральным дэкламатарам.

Крыніца: zviazda.by

Калі пачалася вайна, жанчына з падарваным здароўем добраахвотна пайшла на фронт, каб стаць санінструктарам і прыняць непасрэдны ўдзел у баях. Далей раскажа чырвонаармеец Мікалай Акуліч: «На нашы акопы падалі снарады. Адзін з іх грымнуў недзе паблізу. Мне ў твар шуганула гарачай зямлёю, я выпусціў з рук аўтамат. Больш нічога не памятаю. Было гэта ў рэдкалессі, а прачнуўся ў цёмным яры. Адчуў, што шыя, рука і твар у мяне забінтаваны. Губы запякліся ад смагі. На каленях стаіць каля мяне мая настаўніца Зінаіда Аляксандраўна ў гімнасцёрцы з пагонамі лейтэнанта медыцынскай службы». Вось так паэтка і сустрэлася з былым сібірскім вучнем, выратаваўшы яму жыццё.

У 1942 годзе Бандарына атрымала адпачынак па медыцынскай камісіі і на фронт ужо не вярнулася, бо трапіла ў рэзерв, а потым нарадзіла сына Канстанціна. Лічылася, што муж загінуў, аднак ён вярнуўся і перавёз сям’ю ў Гродна. Праўда, сумеснае жыццё не было доўгім: паехаўшы на гастролі, ён ужо не вярнуўся.

Пасля вайны паэтка перайшла да мірнай працы ў галіне літаратуры і культуры, аднак баі ў яе жыцці не скончыліся. У 1958 годзе яна напіша верш «Пасля бою без перамогі. З дзённіка франтавічкі», дзе будуць такія радкі:

— Сілы страчаны, — з адчаем я шапчу ў адказ. —
«Праўда» кажуць, у кіёску толькі ёсць у нас.
Не шукайце ж сваёй праўды ў наш час.

У каментарах да гэтага верша прыводзіцца ўрывак з ліста яе сяброўкі, Веры Ніжанкоўскай (жонкі Браніслава Тарашкевіча і пляменніцы Аляксандра Уласава), дзе тая піша: «Бедная Зіна, яна была і беларускім дон Кіхотам, і за пошук праўды, кажуць, за гэта пакутавала. Кажуць, што за нейкі ліст Хрушчову яе выгналі з Каралішчавіч і пазбавілі персанальнай пенсіі. Гэта, відаць, паскорыла і так блізкую смерць».

Зінаіда Бандарына з Верай Ніжанкоўскай у лесе пад Радашковічамі, 1950-я гады. Крыніца: zviazda.by

Зінаіда Бандарына памерла 16 красавіка 1959 г. і была пахавана на Усходніх могілках у Мінску. Да свайго 50-годдзя паэтка планавала прымеркаваць выхад новага зборніка і за некалькі месяцаў да скону звярнулася ў Саюз пісьменнікаў з заявай: «Вельмі прашу вас не марудзіць з гэтай справай, улічваючы мой стан здароўя…» Разам з тым кніга не пабачыла свет ні пры жыцці паэткі, ні праз некалькі гадоў, калі яе сваякі занеслі рукапісы ў выдавецтва.

Чаму? Унутраны рэцэнзент Аляксей Зарыцкі адзначыў, што вершы былі напісаны «ў стане душэўнай дэпрэсіі» і гавораць «аб няўдалым каханні, адзіноце, безнадзейным смутку, блізкай смерці» (вядома ж, у краіне развітага сацыялізму паэзія можа быць толькі жыццярадаснай), да таго ж прапанаваўшы выкінуць большую палову з прычыны «мастацкай слабасці». Але ж нават у такім выглядзе кніга не выйшла.

Калі з некаторымі заўвагамі наконт формы можна пагадзіцца, то па сутнасці, на думку аўтара гэтых радкоў, ненадрукаваны зборнік — гэта лепшае, што напісала паэтка. Досыць «наеўшыся» сацыялістычнай рэчаіснасці, у апошнія годы жыцця яна шчыра пісала пра сябе і свае пачуцці. Дэпрэсіі тут і сапраўды хапае, аднак ці можна ёй напужаць беларуса?

Укладальніца кнігі «Да новага заўтра» Аксана Данільчык. Крыніца: zviazda.by

Сёлета гістарычная справядлівасць была адноўлена: праз выдавецкую ініцыятыву «Пфляўмбаўм» пабачыла свет кніга «Да новага заўтра», дзякуючы якой у нас з’явілася магчымасць адкрыць для сябе новае імя ў беларускай жаночай паэзіі.

Выданне ўключае як тэксты апублікаваных зборнікаў, так і вершы, якія нідзе не друкаваліся. Укладальніца кнігі Аксана Данільчык рупліва сабрала, сістэматызавала архіўныя матэрыялы, напісала прадмову і каментары, з дапамогай якіх мы можам не толькі азнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам паэткі, але і лепей зразумець саму Зінаіду Бандарыну — нястомную шукальніцу праўды.

Чагось не хапае, шукаю... Дзіўлюся,
Хіба васількоў больш няма ў Беларусі?!
Паўсвета прайшла б я і ўсюды шукала
Любімую кветку. Іду я памалу,
Разважліва ў думках свой лёс правяраю,
Без клопату жыць жа не маю я права.
Хаджу я, блукаю па жытніх палетках,
Шукаю любімую простую кветку.

Юрась Гарэлка, budzma.org