Лексе Зохан 18 гадоў. Дзяўчына паехала скараць модную індустрыю ў Кітаі, але першы месяц правяла на карантыне ў кватэры.
Кітайская мара
— Паехаць у Кітай было маёй дзіцячай марай. Хацела паспрабаваць сябе там у якасьці мадэлі. Каб марыць пра Італію ці Францыю, я недастаткова высокая. Для гэтых краінаў падыходзяць подыюмныя мадэлі — паненкі, чый рост большы за 173 см, ды і тое гэта вельмі нізкая плянка. Звычайна шанцы зьяўляюцца толькі ў тых, хто вышэй за 175 см. Дзяўчынкі з маім ростам могуць працаваць у Эўропе толькі ў якасьці фотамадэлі. Кітай жа — ідэальнае месца, каб напрацаваць партфоліа, паглядзець, як гэтая сфера ўвогуле працуе. Мадэлі з Эўропы з ростам 168–173 см тут горача вітаюцца. У Кітаі добра разьвітая фэшн-індустрыя, тут шмат працы.
Я плянавала такую паездку яшчэ тры гады таму. Але тады займалася баскетболам і думала: як гэта так, кінуць спорт і кудысьці паехаць. А зараз я скончыла з баскетболам і падумала, што пакуль у мяне ёсьць мая зьнешнасьць, мая маладосьць і ёсьць такая магчымасьць, трэба неадкладна ёй скарыстацца. Да таго ж невядома, ці будзем мы як чалавецтва ўвогуле існаваць далей, ці не здарыцца, напрыклад, ядзернай вайны. Калі не зараз — тады калі?
З навучаньнем ва ўнівэрсітэце гэтую паездку таксама зручна сумяшчаць, бо ў мяне так званы індывідуальны плян. У нашым унівэрсітэце пакуль толькі тры прадметы, навучаньне займае 2–3 дні на тыдзень.
Мама падтрымала маю ідэю, таму што ведала, што я даволі самастойная і ў мяне ёсьць галава на плячох. Да таго ж у яе ў свой час таксама была падобная магчымасьць пабачыць сьвет, папрацаваць, даведацца больш пра сябе і пра іншых, якой яна не скарысталася. І ўвогуле я лічу, што сепарацыя ад бацькоў — гэта крута.
Кітайскі камунізм
— Да гэтай паездкі я мала што ведала пра камунізм. Зараз пачынаю паглыбляцца ў гэтыя пытаньні. Пра кітайскі камуністычны рэжым даведалася, калі шчыра, толькі перад вылетам. І вось ужо на месцы крыху стала разьбірацца, што тут да чаго.
З таго, што кінулася ў вочы — кітайцы лічаць сябе самай вялікай нацыяй. Яны ўвогуле не валодаюць ангельскай мовай. Калі зьвяртаешся да іх і кажаш, што не разумееш кітайскую, яны ўсё адно працягваюць адказваць на сваёй мове. У мяне такое адчуваньне, што кітайцы не жадаюць вывучаць нічога іншага і новага. Для іх галоўнае — Кітай, Кітай, Кітай.
Цікава, што ў кожнай школы тут ёсьць свая ўніформа, і ўсе школьнікі, падаецца, з радасьцю яе апранаюць. Узгадваю нашую школу ў Беларусі, там некалькі гадоў таму зьбіраліся ўвесьці адзіную форму. Пачаўся ледзьве ня бунт сярод школьнікаў.
У інтэрнэце тут дазваляецца карыстацца толькі ўсім кітайскім. Не працуюць Instagram, Telegram, YouTube, Google. Неабходна выкарыстоўваць кітайскія адпаведнікі. Я вось сяджу ў інтэрнэце праз VPN, хаця гэта тут забаронена. На тэлефоне VPN у мяне працуе, а вось ноўтбук бясплатныя праграмы ігнаруе. Платныя лепш не выкарыстоўваць, бо начыталася, што потым на мяжы могуць узьнікнуць праблемы.
Зараз тут усе павінны здаваць тэсты на каранавірус, выконваць вялізную колькасьць прадпісаньняў. Не ведаю, як бы падобнае адбывалася ў Беларусі, а тут усе слухаюцца, робяць тое, што загадана. Нібы так і заведзена спрадвек.
Як трапіць у Кітай на працу?
— Увогуле я павінна была ехаць у Кітай яшчэ летась, але ў сувязі з каранавірусам рэйс адмянілі і ўсё сарвалося. Таму ў гэтым годзе рабіла ўсё зноўку. У мяне ёсьць так званае «матчынае» мадэльнае агенцтва ў Беларусі, яно прапануе сваіх мадэляў для разнастайных здымкаў, мерапрыемстваў, івэнтаў. У тым ліку яны могуць прапаноўваць мяне іншым агенцтвам, напрыклад, у Кітаі. Агенцтвы зьвязваюцца між сабою, дасылаюць мадэлям кантракт.
Я праглядзела, ці ўсё ў кантракце мяне задавальняе, і пасьля падпісала. Далей трэба рабіць вакцыну, калі папярэдне яе не было. Наступны крок — зрабіць візу. Потым трэба набыць квіток на самалёт і зьбіраць рэчы. Мне давялося ляцець з трыма перасадкамі. Даляцела з Беларусі да Расеі, адтуль да Ганконгу, дзе прабыла тры дні, а потым на аўтобусе даехала ўласна да Кітаю. Там мяне чакаў карантын на тыдзень. Пасьля я прыехала ў горад, дзе пляную працаваць, і там таксама прасядзела тры дні на хатнім карантыне. Потым нарэшце можна было выходзіць на вуліцу, але пры гэтым кожны дзень здаваць тэсты на каранавірус. Пра гэта я нават выкладвала ролікі на YouTube.
Зараз я знаходжуся ў Гуанджоу. Гэта не Пэкін ці Шанхай, вядома, але для мадэльнай працы горад вельмі прыдатны.
Тэсты
— Мы здаём тэсты кожны дзень, таму што горад зачынілі на лакдаўн. У Кітаі праводзяць палітыку Zero Covid — так улады спадзяюцца максімальна зьнізіць колькасьць інфікаваных, пакуль хворых увогуле не застанецца.
На вуліцах стаяць спецыяльныя пункты, на якіх трэба здаваць тэсты. Кожны дзень я павінна сама падыходзіць туды, каб здаць аналіз, а калі не зраблю гэтага, тады ў дзяржаўным прыкладаньні WeChat будзе стаяць адпаведная пазнака. WeChat правяраюць паўсюль. Каб зайсьці ў краму, неабходна адсканаваць qr-код сьвежага (не больш за 24 гадзіны) тэсту. Такое ж спрацоўвае і з іншымі ўстановамі. Увогуле, каб перасоўвацца па вуліцы, трэба паўсюль сканаваць.
Пратэсты
— На свае вочы кітайскія пратэсты я ня бачыла, бо зноў жа: сядзелі дома амаль увесь час. Але ж бачыла ў сацсетках, як кітайцы масава выходзілі на вуліцы галоўных гарадоў. Я спрабавала параспытваць пра абстаноўку ў кітайцаў, зь якімі зьвязвалася асабіста, але гэта складана, яны ж зусім не размаўляюць па-ангельску.
Атмасфэра вакол напружаная. Людзі сядзяць па дамох, яны ня могуць працаваць. Я не ўяўляю, як кітайцы зараз жывуць, як атрымліваюць грошы. Сумарна карантын і лакдаўн цягнуліся месяц, адпаведна ўвесь гэты час на працу яны не хадзілі. Месяц не маглі гуляць нармалёва ў горадзе. А калі каханы чалавек жыве ў іншым раёне горада — няма магчымасьці нават ўбачыцца. Ты ня можаш нічога. Як пракарміць сябе і сям’ю? Калі працуеш не на выдаленай працы, а, напрыклад, трымаеш сваю лаўку — як зарабляць? Зразумела, што кітайцы з гэтай прычыны злыя і незадаволеныя. Пры гэтым даказана, што палітыка Zero Covid ня дзейнічае. Але ж ніхто ня ведае, калі гэта скончыцца, тут ад людзей нічога не залежыць.
Па перыметры нашага кварталу стаяць высокія агароджы, разьвешаныя пазнакі, што нельга прайсьці. Усё кантралюецца паліцыяй. Але кітайцы шукаюць спосабы зьбегчы, пераехаць у іншыя раёны. Напрыклад, былі выпадкі, калі людзі спэцыяльна выклікалі хуткую дапамогу, каб на ёй выехаць у іншы раён.
Заробак
— Пакуль для мяне гэтае пытаньне не зусім актуальнае. Гэта мая першая паездка, і зараз толькі першыя дні пасьля доўгага лакдаўну, калі можна кудысьці паехаць на кастынг, паспрабаваць папрацаваць. У мяне былі два прагляды — але няма вынікаў, невядома, ці ёсьць на гэты момант у мяне хоць нейкая праца. Дзяўчыны, зь якімі я тут размаўляю, кажуць, што ў спрыяльныя часы за тры месяцы працы ў Кітаі мадэль можа зарабіць і 50 тысячаў даляраў.
Але бываюць выпадкі, калі мадэль за ўвесь час кантракту нічога не зарабляе. Гэта справа выпадку. Можна прыляцець два ці тры разы на тры месяцы і нічога не зарабіць зусім, а на чацьвёрты раз атрымаецца вялікі заробак. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў: у які горад ты трапіла, у якую палову году, якая сытуацыя на рынку, якое запатрабаваньне ў гэты момант твайго тыпажу зьнешнасьці. Атрымаецца ці не — прадказаць немагчыма.
Калегі
— Падчас лакдаўну мы шмат размаўлялі зь дзяўчынкамі-мадэлямі, зь якімі жывём разам. У той жа час давалі адна адной магчымасьць пабыць сам-насам з сабою, не навязваліся, бо разумелі, што ўсе мы знаходзімся ў адной і той жа складанай і стрэсавай сытуацыі. Дома мы праводзілі фотасэсіі, займаліся ёгай, глядзелі фільмы.
Але ўвогуле прынялі ўсё гэта як надзвычай карысны досьвед. Нам неабходна разьвіць стрэсаўстойлівасьць.
Падчас нашага інтэрвію ў кватэру Лексы пагрукалі — і мэдсупрацоўнікі ўвайшлі рабіць усім паненкам тэсты.
Свабода
— Цікавае пытаньне, дзе я адчувала сябе больш несвабоднай — на радзіме ці ў Кітаі.
Шмат пра гэта думала і магу адказаць — у Кітаі. У параўнаньні з жыцьцём тут мы надзвычай свабодныя ў Беларусі. Мы, прынамсі, можам хадзіць на вуліцу, у кавярні, гуляць у парках, езьдзіць у іншы раён і горад. Зразумела, беларусы не могуць сказаць услых усё тое, што жадаюць, але ж могуць хаця б адносна бясьпечна перапісвацца. У Кітаі ёсьць дзяржаўная прылада WeChat, весьці прыватныя перапіскі можна толькі там. Яна кантралюецца. Вядома ж, там нельга агучыць аніякую крытыку ў дачыненьні да дзяржавы, інакш адразу прыйдуць. Па звычайных тэлефонах тут таксама нельга выказваць свае альтэрнатыўныя думкі, бо і яны праслухоўваюцца. Тут я сябе адчуваю зусім несвабоднай.
За месяц у Кітаі я ня бачыла Кітаю зусім. Толькі пакой і крама.