03-04.06 – У Кракаве пройдзе фестываль, прысвечаны беларускай культуры ў эміграцыі

Віла Дэцыуса. Фота: willadecjusza

3-4 чэрвеня кракаўскі Інстытут культуры «Віла Дэцыуса» праводзіць фестываль «Культура на эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса», піша reform.by.

Гэта мастацка-літаратурная падзея, падчас якіх пройдуць дэбаты, польска-беларускія літаратурныя сустрэчы, канцэрты і выставы.

«“Культура на эміграцыі. Дні салідарнасці на Віле Дэцыуса” – наш адказ на цяжкае становішча дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі і крызіс дэмакратычных каштоўнасцяў і грамадзянскіх свабод, які паглыбляецца ў гэтай дзяржаве, – паведамляецца пра фэст на сайце ўстановы. – Маючы ў памяці постаці і высілкі польскіх дзеячаў культуры ў выгнанні, мы запрашаем да размовы беларусаў – ахвяр палітычнага прыгнёту, якія былі вымушаныя эміграваць са сваёй радзімы, каб знайсці новае месца для жыцця і творчай працы».

Падчас фестывалю будзе працаваць польска-беларускі кніжны кірмаш.

Адбудуцца сустрэчы і дыскусіі пра лёс беларускай літаратуры, размовы з беларускімі літаратарамі і прэзентацыі кніг, напрыклад, прэм’ера польскага перакладу зборніка вершаў Уладзіміра Някляева і прэзентацыя кнігі пра Алеся Бяляцкага.

Пакажуць дзіцячы спектакаль і візуальны праект мастачкі з Беларусі Марыі Алены Банэт “Заручыны з морам” у спалучэнні з музычным выступам Віктара Сямашкі. Адбудзецца выступ канцэрт этнаграфічнага хору на чале з Настай Хмель.

4 чэрвеня вілу наведае Святлана Ціханоўская, якая зробіць выступ на тэму перспектываў вольнай Беларусі.

Мерапрыемствы будуць праходзіць на польскай і беларускай мовах.

Праграму можна паглядзець тут.

reform.by