“Таму што мы – беларусы”. Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?

“Галоўнае вучыцца разам з дзецьмі, знайсці на гэта час. Інакш мы ніколі не пашырым беларускую мову”, – кажа Кацярына Хольцапфэль-Варажун, якая жыве ў Вене і выхоўвае сына Алекса

Мова Гомель распытала Кацярыну Хольцапфэль-Варажун пра яе ўласны досвед выхавання дзіцяці на беларускай мове.

Кацярына Хольцапфэль-Варажун

Калі мы гаворым пра выхаванне дзіцяці ў іншамоўным асяроддзі, то гэта можа быць любое асяроддзе. Калі нават узяць бацькоў у Беларусі, якія выхоўваюць дзяцей па-беларуску, то гэта фактычна выхаванне таксама ў іншамоўным асяроддзі…

– Гэта тое ж самае, няма ніякай розніцы. Гэта тое, што варта даводзіць рэальна грамадзянам Беларусі, што выхаванне беларусаў у Беларусі – гэта тое ж самае, што выхаванне беларусаў за межамі Беларусі. Ніякай розніцы няма, калі б я, напрыклад, выхоўвала сына ў Расеі па-беларуску, і калі б я выхоўвала яго ў Беларусі. Невялічкая розніца толькі ў тым, што пакуль што ў школах ёсць абавязковы прадмет “беларуская мова і літаратурнае чытанне”. Але ніхто не расказвае дзецям, навошта яны вучаць гэтую мову. Усё настолькі пераблытанае, што нават слова “беларус” людзі будуць успрымаць па-рознаму, будуць укладаць у гэтае слова абсалютна розныя сэнсы, значэнні, паняцці. Падзяленне людзей ментальна ўжо адбылося. І пра гэта таксама не кажуць, як і пра дэнацыяналізацыю не кажуць, асіміляцыю пасля 2020 года, нават пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны пра гэта не кажуць. Таму важна падымаць гэтую тэму, тлумачыць людзям, каб яны сталі задумвацца, нават калі ім гэта не спадабаецца.

Тут, у Вене, у сына ёсць толькі я, з кім ён размаўляе па-беларуску

Калі вяртацца да выхавання дзяцей, то многія дзеці могуць спытаць: “А навошта нам гэта патрэбнае? Навошта нам гэтая беларуская мова?” Вось у вашым выпадку, ці вы чулі ад свайго сына такое пытанне, і як на яго адказалі?

– Справа ў тым, што ў мяне ёсць усведамленне таго, што быць беларусам без ведання беларускай мовы, а без гэтага ведання немагчыма чытаць беларускую літаратуру, беларускую гісторыю, паглыбляцца ў беларускую культуру, немагчыма. Кожны раз я прыводжу такі прыклад: рускі сябе ніколі не назаве рускім, калі ён не ведае рускай мовы, паляк не назаве сябе палякам, калі ён не ведае польскай мовы. Ён хто заўгодна, але ён ні рускі і ні паляк. Да мяне прыйшло ў 2017 годзе гэтае ўсведамленне, я памятаю гэты момант, мы сядзелі ў машыне, і мяне як “шыбанула” па галаве, што калі я хачу быць беларускай, адчуваць сябе беларускай, я мушу валодаць і мець у сваёй свядомасці беларускую мову як мову думак, як мову выхавання дзіцяці. Я памятаю, што я сядзела, павярнулася і сказала сыну: “Алекс (яго завуць Алекс, Аляксандр), з сённяшняга дня я з табой буду размаўляць па-беларуску”. Ён тады мне адказаў па-руску, што ён нічога не разумее, і навошта яму гэта. Я яму адказала адным сказам: “Таму што мы – беларусы, мы – не рускія”. І пасля ніводнага пытання больш не было. Яшчэ ўзрост у яго такі быў, 5,5 гадоў, калі лягчэй гэта ўсё адбываецца. Праз паўгода я памятаю, як мы ехалі ў таксі ў Мінску, былі зімовыя канікулы і мы прыехалі ў Беларусь, сын мой размаўляў па-беларуску, а кіроўца спытаў, ці мы зусім не размаўляем па-руску. Сын сам яму адказаў, што ён словы рускія забыўся. Таму, калі прыбраць усё, прынамсі ў хаце, у сям’і, рускамоўнае, то за паўгода можна выдатна навучыць дзіця гаварыць па-беларуску.

І ў вашым выпадку, і напэўна агульна можна сказаць, што гэта павінна быць сямейнае выхаванне, усё бярэцца з сям’і, з дома?

– Так. У мяне ёсць адно правіла, якога я трымаюся да сённяшняга дня. Калі нават сын спрабуе (а яму ўжо 11 гадоў) крышачку правакаваць і нешта сказаць па-нямецку, то нават калі я разумею, то гляджу на яго, каб у нас быў кантакт вочы ў вочы, і кажу: “Са мною на якой трэба размаўляць мове?” Ён усміхаецца і адказвае, што на беларускай. І толькі такім чынам, калі вось так прынцыпова падыходзіць, то можна захаваць у дзіцяці, так скажам, “канал беларускі” у галаве, каб не было мяшанкі. Таму што калі бацькі не звяртаюць увагі на тое, што адно слова па-нямецку, ці па-польску, ці па-руску, ці на іншай мове, потым два словы, потым тры, потым чатыры, потым утвараецца “мяшанка” і ўрэшце дзіця пераходзіць на найбольш распаўсюджаную мову, нават у сям’і.

– Так атрымліваецца, што тут, у Вене, у сына ёсць толькі я, з кім ён размаўляе па-беларуску, і каб падтрымліваць беларускую мову ў чыстым выглядзе, не змешваючы з іншымі мовамі (таму што ў школе яго атачэнне размаўляе на нямецкай мове, ён у школе вывучае англійскую мову і яшчэ раз на тыдзень факультатыўна ў яго французская мова), мне трэба прынцыпова прытрымлівацца правіла, што са мной сын гаворыць толькі на беларускай мове. У мяне атрымліваецца гэта ўжо шэсць гадоў. Пры тым, што праз імгненне ён тату можа нешта сказаць па-нямецку, а да мяне зноў па-беларуску.

 Раней таксама часта можна было пачуць такі аргумент, што цяжка выхоўваць дзіця па-беларуску, бо няма дастатковай колькасць візуальных і іншых дапаможнікаў. Але на сённяшні дзень, напэўна, сітуацыя, кардынальна змянілася, і пры жаданні можна знайсці па-беларуску практычна ўсё?

– Усё спазнаецца ў параўнанні. Калі параўнаць з колькасцю рускамоўнага кантэнту, то яго ў тысячу разоў больш. Насамрэч не хапае ўсяго, таму што тых жа энцыклапедый, асабліва навукова-папулярнай літаратуры па псіхалогіі, фізіялогіі, сексуальнаму выхаванню, няма на беларускай мове і ніколі не існавала, дарэчы. Гэта таксама праблема, на якую я звяртаю ў сацыяльных сетках увагу, што выдавецтвы гэтым не займаюцца. Што датычыць кніг для дзяцей гадоў да 10, то мастацкай беларускай літаратуры хапае. Аднак яшчэ я звяртаю ўвагу на тое, што выдаюць кнігі часта з памылкамі, і калі дзіця не ведае, што гэта памылка, то ён так і запомніць. Калі мы чытаем з сынам, то я яму звяртаю ўвагу, што там памылка. Што было нечакана для мяне, што большасць памылак можна сустрэць у кнігах недзяржаўных выдавецтваў.

Мультфільмы з субцітрамі ці без? І які выбраць правапіс?

Кацярына Хольцапфэль-Варажун лічыць, што мультфільмы трэба агучваць па-беларуску, і прыводзіць прыклад з уласнага досведу.

– Некалькі разоў я заказвала пераклады мульцікаў дыснееўскіх, і гэта зрабілі з субцітрамі. Мы глядзелі з сынам разам, ён паспявае чытаць субцітры, але ўспрымае на слых англійскую мову, і пачынае паўтараць некаторыя фразы не па-беларуску, а па-англійску.

 Субцітры працуюць на замацаванне не беларускай мовы, а іншай мовы, у нашым выпадку – англійскай.

 – Таксама я не разумею падзялення на два правапісы, бо гэта ўплывае на вымаўленне, пачынаецца блытаніна, калі адны кажуць “план”, іншыя “плян”. Дзецям не патрэбна вывучаць асаблівасці, розныя гучанні, ім патрэбна адна норма, якая павінна падтрымлівацца ўсім кантэнтам, тымі ж мульцікамі, фільмамі, кантэнтам на юцюбе і так далей. Такая мешаніна вельмі перашкаджае вывучэнню мовы нават дарослымі, што ўжо казаць пра дзяцей. МАЯ ПАРАДА: пачынаць з вывучэння акадэмічнай, літаратурнай нормы беларускай мовы. Ёсць падручнікі, слоўнікі, цяпер ёсць “Моўная даведка”, куды можна звяртацца.

І яшчэ некалькі парадаў

На думку Кацярыны, з аўдыёкантэнтам сітуацыя лепшая. Яна раіць звярнуць увагу на два якасныя рэсурсы: “Кніжны Воз” і “Краіна казак”. Ёсць яшчэ “Гаварун” на youtube для больш маленькіх дзяцей.

 – Асабліва “Кніжны воз” мне вельмі падабаецца. І адна з першых кніг, якая вельмі спадабалася Алексу, гэта кніга Людмілы Урублеўскай пра “Мышку Пік-Пік”. Вось для тых, хто пачынае, слухаць гэтую кнігу – адно задавальненне.  Маўленне перадаецца толькі праз маўленне. Таму трэба слухаць і паўтараць, слухаць і паўтараць. І падтрымліваць тых, хто робіць такую справу.

– Але кантэнту якаснага не хапае. Не хапае візуальных лёгкіх, кароткіх відэа, як правільна вымаўляць. Яшчэ хачу дадаць, што з сынам я займаюся па падручніках на беларускай мове, іх можна скачаць з сайта uchebniki.by. Па гэтых падручніках я навучыла сына чытаць і пісаць па-беларуску, пры гэтым у мяне няма ніякай педагагічнай або філалагічнай адукацыі, але гэта вельмі проста. З сынам мы займаемся кожны дзень, акрамя выхадных, а чытаем мы з ім кожны вечар. А яшчэ ёсць на Беларускім радыё “Культура” аўдыёспектаклі, іх можна слухаць у раздзеле “Архівы”. Галоўнае, знайсці час, і вучыцца разам. Інакш мы не пашырым ніколі беларускую мову.

Мова Гомель адмыслова для Штодзень,
фота з facebook Кацярыны Хольцапфэль-Варажун