Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» распачынае прыём заявак ад беларускіх кінатворцаў. Кожны беларускі фільм, створаны ў 2022-2023 гадах і пададзены на Open Call, можа стаць часткай Беларускага конкурсу 9-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне».

З 2020 года на «Паўночным ззянні» існуе Беларускі конкурс — праграма беларускага кіно, якая аб’ядноўвае новыя таленавітыя фільмы беларускіх кінематаграфістаў. На працягу кінафестывалю іх ацэньвае міжнароднае журы і выбірае пераможцу.

Сёлета арганізатары кінафэсту шукаюць фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі ў 2022-2023 гадах у любой краіне, у любым жанры і любога хронаметражу. Дакументальныя, ігравыя, гібрыдныя, анімацыйныя, кароткаметражныя ці поўнаметражныя — не мае значэння, — усе фільмы будуць разгледжаныя адборшчыкам Беларускага конкурсу для ўдзелу ў кінафестывалі «Паўночнае ззянне».

Нагадаем, у 2023 годзе «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада. Кінастужкі Беларускага конкурсу будуць паказваць у offline-фармаце па-за межамі Беларусі і online па ўсім свеце.

Каб прапанаваць свой фільм для ўдзелу ў «Паўночным ззянні — 2023», трэба запоўніць невялікую форму да 31 ліпеня 2023 года (уключна). Калі вы маеце пытанні, пішыце у сацыяльныя сеткі праекта InstagramTelegramFBці на пошту support@northernlightsff.com.

паводле прэс-рэлізу