Паэтка Наста Кудасава пра сваю кнігу «Побач», жыццё ў Гдыні і пераклады ўдмурцкай паэзіі

«Усе мы кудысьці ідзём, і гэта таксама ёсць выйсце», – распавядае для «Радыё Ўнэт» пра сваю новую кнігу «Побач» Наста Кудасава. Выданне чакала свайго выхаду цэлых 6 гадоў! Спачатку нараджаліся вершы. Потым – ілюстрацыі. А дакладней, малюнкі, якія да кожнага твора зрабіла Святлана Дземідовіч. Атрымалася кніга-шлях, якім ужо прайшлі многія беларускія чытачы.

– Наста, назвай вашай кнігі… Гэта тое, што побач з вамі, або тое, з чым або з кім побач вы?

– І так, і так. Нам усім вельмі важна захоўваць гэтую правільную каардынацыю і разуменне, што мы не адзінокія. І што побач могуць быць людзі, якім таксама патрэбнае гэтае пачуццё не адзінокасці. Каб мы не спыняліся бачыць адно аднаго, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Незалежна ад мовы, на якой мы размаўляем. Мяне апошнім часам палохаюць тэндэнцыі, якія адбываюцца ў грамадствах у нашых рэгіёнах. І мне вельмі хочацца зрабіць націск на тое, каб людзі былі побач адно з адным. У хрысціянскім сэнсе гэтага слова.

– Кніга выйшла накладам 1000 асобнікаў. Яе прэзентацыя адбыліся ў замежжы…

– Але як даставіць гэтую кнігу ў Беларусь, я не вельмі разумею. Спадзяюся, што там яна таксама паступіць у продаж. Для мяне гэта галоўнае, насамрэч.

– Вы зараз спыніліся ў Гдыні. Як складваюцца адносіны з горадам?

– Адчуваю сябе даволі дзіўна. Я эмігрант, якому цяжка гэта ўсё даецца. Я была ўпэўненая да апошняга, што застануся дома, не з’еду. Пакуль усё гэта як сон, але я стараюся з кожнай сітуацыі браць нешта добрае і знаходзіць пазітыў. У Гдыні ёсць цікавыя людзі, краявіды, мора, кабанчыкі, знаходзяцца новыя сябры. Трэба шукаць у гэтым адхланне.

– Ёсць магчымасць займацца творчасцю?

– Няма нават магчымасці займацца ёй як хобі! Мне вельмі гэтага не хапае. У Гдыні я дапамагаю мужу. Ён майстар, вырабляе ўпрыгожванні, а я займаюся менеджарскімі рэчамі. А яшчэ дзеці, дом, хатнія абавязкі.

– Але паэтычныя мары ўсё ж ёсць. Вы захапіліся зараз перакладамі ўдмурцкай паэзіі. Незвычайна!

– Пакуль што перакладаю з удмурцкай мовы тое, што падабаецца мне. Але ёсць ідэя скласці больш-менш прэзентатыўную анталогію. Чаму гэта можа быць цікава беларускаму чытачу? Мы ўсе пражываем падобныя старонкі гісторыі. Прынамсі, апошнія пару стагоддзяў. У нас агульнае ў гэтым сэнсе мінулае, агульныя рэпрэсіі. Калі чытаеш удмурцкія творы, ты як быццам адкрываеш для сябе нейкія родныя сэнсы, наратывы, і таму мне здаецца, што вельмі важна, каб мы ведалі адно аднаго. Бо для нас гэтыя народы трошачкі закрытыя, паміж намі стаіць падушка рускасці. Мы слаба ўяўялем, як жывуць тыя людзі. А таксама вельмі важна іх бачыць, падтрымліваць. Гэта таксама можа паспрыяць таму, што мы хутка зможам мы ўбачыць свет, пра які мару – постакаланіяльны, новы, дзе мы адкрытыя адно аднаму, дзе жывуць розныя народы і ніхто нікому не замінае.

Поўную размову з Настай Кудасавай слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm