Жонка Паўла Севярынца распавяла «Народнай Волі» пра тое, якімі былі для сям’і тры гады без бацькі і мужа.
Нагадаем, што палітык быў затрыманы ў Мінску 7 чэрвеня 2020 года. Пасля гэтага ў дачыненні да яго былі вынесены тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах за ўдзел у перадвыбарных пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.
Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на волю, а перавялі ў СІЗА №1 у статусе падазраванага па арт.293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў).
У выніку палітык быў асуджаны на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адбывае пакаранне Павел Севярынец у Шклоўскай папраўчай калоніі №17.
— Якімі былі для нашай сям’і гэтыя тры гады? – кажа Вольга Севярынец. – З аднаго боку гэта былі вельмі цяжкія і балючыя гады. А з іншага – гэта гады веры, надзеі і любові, таму што было шмат добрых сустрэч, шмат падтрымкі ад людзей, шмат напоўненых каханнем лістоў ад Паўла.
І шмат было малітваў, у якіх вера і надзея, што ўсё кепскае Гасподзь зможа перамяніць на дабро і наступіць дзень, калі мы ізноў будзем разам – Паша, Францішак, я, нашы бацькі.
— Калі Паўла затрымалі, малому Францішку было ўсяго два гады…
— Зараз гэта ўжо сур’ёзны хлопец – вясной яму споўнілася 5 гадоў. Ён, безумоўна, вельмі змяніўся за апошні час, але ўсё роўна памятае тату, моліцца за яго, чакае. З такім унутраным сцісканнем слухае гісторыі пра Паўла, пры гэтым заўсёды ўнутрана засяроджваецца, уважліва слухае. Яму вельмі цікава пра тату слухаць.
А Паша нязменна піша Францішку асобныя лісты ад таты сыну.
— Ёсць у Францішка ўжо нейкія здольнасці?
— Цікавасці ў дзяцей нярэдка змяняюцца. Адзінае бачна, што ў сына праяўляецца моцная воля, севярынцаўская настойлівасць, якую я ніяк і нічым не магу перамагчы.
Калі Францішку нешта патрэбна, то ён упарта будзе стаяць на сваім, пакуль не дасягне таго, што яму патрэбна.
Увогуле ж, сын любіць маляваць, бо ў гэтым плане ў яго ідзе параўнанне з татам. Паша дасылае яму лісты з турмы з малюнкамі, і сын таксама яму ў адказ малюе.
Але зараз у Францішка любімая цацка – самакат. Гойсае на ім па вуліцы, як эстрэмал.
— Ці ёсць нейкія апошнія навіны ад Паўла?
— Пэўны перыяд Паша быў у штрафным ізалятары, а зараз яго змясцілі на тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). З сувязі з мужам засталіся толькі рэдкія лісты ад яго…