19 чэрвеня Васілю Быкаву споўнілася б 99 год. А 22 чэрвеня пройдзе ўжо 20 гадоў з дня смерці беларускага пісьменніка. Музей-дача Васіля Быкава штогод з 19 па 22 чэрвеня ладзіць творчы праект “Быкаўскія дні”, аб’ядноўваючы дзве даты – сёлета “дні” пройдуць 21 і 22 чэрвеня.
Так, гэтым разам філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ў межах праекта задумаў правесці “Васільковы пленэр”. Тэматыка пленэру – адлюстраванне вобразаў Васіля Быкава праз наіўнае (інсітнае) мастацтва.
Пленэр уключае ў сябе экскурсію, практычны лекторый, а таксама майстар-клас па вырабе шопераў з выявай класіка беларускай літаратуры ў інсітнай манеры. Мерапрыемства, якое будзе ладзіцца на свежым паветры, “у двары быкаўскага лецішча, пад шатамі славутых “быкаўскіх” бяроз”, правядзе старшая навуковая супрацоўніца музея, куратарка Музея-дачы Васіля Быкава, мастачка Ірына Князева.
Каб трапіць на занятак, трэба запісацца, бо колькасць месцаў абмежаваня – прастора лецішча Васіля Быкава не валодае вялікімі плошчамі.
Музей-дача аўтара “Жураўлінага крыку”, “Трэцяй ракеты”, “Альпійскай балады”, “Мёртвым не баліць”, “Сотнікава” ды іншых твораў знаходзіцца ў аргарадку Ждановічы-6, вуліца Дачная, 62.
Пачатак мерапрыемстваў 21 і 22 чэрвеня – 14.00.
Запісацца на “Васільковы плэнер” можна тут.