Уроцлаў — прыгожы польскі горад на Одры, адкуль да Берліна столькі ж, як і да Варшавы, а да Прагі яшчэ бліжэй. Калісьці чэшскі, калісьці нямецкі, багаты на гісторыю і гістарычныя мясціны горад стаў ужо крыху беларускім — праз вялікую колькасць і актыўную дзейнасць у ім беларусаў.

Ва Уроцлаве шмат беларускіх анлайн-ініцыятываў ды афлайн-пляцовак, дзе рэгулярна праходзяць беларускія мерапрыемствы. Дзе менавіта і як іх шукаць? Расказваем у нашым гайдзе.

Мурал, прысвечаны беларусам, на вул. Легніцкай у г. Уроцлаў, фота @lesya_holidays

Беларускі Уроцлаў анлайн

«Беларусы ва Уроцлаве» — гэта найбуйнейшая пляцоўка у Фэйсбуку, дзе беларусы даюць аб’явы, задаюць і адказваюць на пытанні на розныя тэмы. Тут вы можаце нават задаць складанае юрыдычнае пытанне — і хутчэй за ўсё атрымаеце адказ.

Найбольш папулярны і шматлюдны чат у Тэлеграме — гэта чат беларусаў, назву якога трэба пісаць з зорачкамі, і вы ведаеце, чаму.

Акрамя таго, існуе вялікая колькасць і разнастайнасць бізнесаў, якія працуюць ва Уроцлаве, большасць з іх ужо ёсць на мапцы.

Мурал з выявай Марка Шагала «Над горадам» ва ўроцлаўскім раёне «Nadodrze», фота Ганны Ліпчанскай

Арганізацыі

Суполка беларусаў Уроцлава — таварыства, своранае беларусамі і для беларусаў два гады таму. Суполка арганізоўвае шмат грамадскіх і культурных мерапрыемстваў, у тым ліку — напісанне лістоў палітвязням, акцыі салідарнасці з беларусамі, канцэрты і выступы беларускіх артыстаў.

У рамках Суполкі беларусаў Уроцлава дзейнічае школка беларускай і польскай мовы для дзетак, польскі размоўны клуб для дарослых, а таксама моладзевая ініцыятыва «Студэнцкая прысутнасць».

Суполка мае сваю сядзібу ў цэнтры Уроцлава па адрасе вул. Касцюшкі, 35а, дзе праходзяць моўныя заняткі, майстар-класы і тэматычныя сустрэчы беларусаў.

Моладзевы Клуб развіцця і культуры «Spadčyna» — гэта бяспечная прастора для падлеткаў і моладзі (удзельнікі клубу — ад 8 да 16 год), дзе яны самі могуць арганізаваць розныя віды актыўнасці альбо прыняць удзел у праектах і мерапрыемствах, што прапаноўваюць арганізатары.

Галоўная мэта клубу — адраджэнне беларускай мовы, культуры, гісторыі і традыцый.

Фундацыя «За вольнасць вашу і нашу», створаная яшчэ ў 2009 годзе, удзельнічае ў арганізацыі міжкультурных мерапрыемстваў з мэтай падтрымаць і прасунуць беларускую культуру і дзейнасць беларусаў у Польшчы агулам і ва Уроцлаве ў прыватнасці. Фундацыя таксама арганізоўвае ва Уроцлаве фестывалі беларускай культуры.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ва Уроцлаве ў Дзень палітвязня 21 траўня 2023 г. фота Суполкі беларусаў Уроцлава

Ініцыятывы

Праект «Мова Нанова» ва Уроцлаве — заняткі па беларускай мове, дзе штотыднёва навучаюць беларускай мове, а таксама запрашаюць цікавых гасцей. Заняткі праходзяць па ўсім горадзе, таксама ладзяцца выязныя экскурсіі.

Размоўны клуб беларускай мовы — магчымасць для беларусаў сабрацца і паразмаўляць на патрэбныя тэмы, адначасова ўдасканальваючы валоданне роднай мовай. Абвескі пра сустрэчы клуба публікуюцца ў згаданых вышэй беларускіх чатах у Фэйсбуку і тэлеграме.

Кніжны клуб — афлайнавыя сустрэчы аматараў кніг на беларускай мове, дзе абмяркоўваюць сюжэт прачытанай кнігі, дзеляцца думкамі і ўражаннямі ад яе. На некаторыя з сустрэч па магчымасці запрашаюць аўтараў.

Праект «ІдзеМы ў горы» збірае беларусаў і іх сяброў раз на некалькі тыдняў і вядзе ў горы, якіх на паўднёвым захадзе Польшчы шмат. У вясёлыя аднадзённыя паходы, бывае, збіраецца больш за 100 чалавек.

Беларусы Уроцлава ў чарговай вандроўцы з праектам «ІдзеМы ў горы». Фота аўтараў праекта

«Беларускія традыцыйныя танцы» — гэта ініцыятыва, якой увосень будзе ўжо два гады. Штотыдзень беларусы Уроцлава збіраюцца, каб патанчыць беларускія традыцыйныя танцы пад жывую музыку. У цёплы час танцы адбываюцца на свежым паветры, а ў халодны — пад дахам у залі.

Нядзельны вечар з беларускімі традыцыйнымі танцамі на пл. Вольнасці. Фота @holowinskigrzesiek

«Беларускія традыцыйныя спевы» — гэта магчымасць для беларусаў, якія цікавяцца беларускімі спевамі, аб’яднацца і спяваць. У межах ініцыятывы ва Уроцлаве арганізоўваюцца беларускія традыцыйныя святы і абрады. Ініцыятыва пакуль не мае сваіх старонак у сацсетках. Каб далучыцца і спяваць, сачыце за абвесткамі ў беларускіх чатах у Фэйсбуку і тэлеграме.

Беларуская кавярня

Кавярня «Шэры заяц» — смачная кропка на мапе Уроцлава. Тут гатуюць беларускія стравы, снедаюць і абедаюць беларускія артысты, што прыязджаюць ва Уроцлаў, пакідаючы на сцяне кавярні свае аўтографы. Тут беларусы таксама часта збіраюцца на сустрэчы — ці то размовы па-беларуску, ці гульню «Мафія».

Друкарня

«Drukuj Wro» — друкарня ва Уроцлаве, заснаваная беларусамі. Тут на месцы робіцца дызайн матэрыялаў і друк. Можна замовіць візітоўкі, паштоўкі, запрашэнні, постэры, пераплёт пружынай, ламініраванне ды іншыя паслугі. У друкарні ўжо выйшла і працягвае выходзіць шмат друкаваных матэрыялаў з беларускай тэматыкай.

А яшчэ ў офісе друкарні праводзяць арт-тэрапеўтычныя заняткі ды майстар-класы на невялікую колькасць чалавек.

Майстар-клас па стварэнні коміксаў у офісе друкарні. Фота: instagram.com

***

Запрашаем вас наведаць Уроцлаў. У гэтым горадзе многія беларускія гістарычныя постаці пакінулі свой след. Можа, і цяпер беларусы дзесьці на паўднёвым захадзе Польшчы ў стане праславіць Радзіму тут, па-за яе межамі. Хто ведае — будуць гэта тыя, хто ўжо жыве ва Уроцлаве, ці тыя, хто туды толькі збіраецца.

Чытайце яшчэ:

Гайд па беларускім Кракаве

Гайд па беларускім Беластоку

Гайд па беларускай Варшаве

Гайд па беларускай Вільні

Ганна Ліпчанская, budzma.org