Да 90-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў творцы з усяго свету зладзілі адмысловы флэшмоб і стварылі паэтычную відэа-хрэстаматыю «Не загаснуць зоркі ў небе».
Сёння ў знак салідарнасці з беларускімі пісьменнікамі празаік, паэт, эсэіст, перакладчык, папулярызатар гісторыі Беларусі Уладзімір Арлоў чытае верш «Таўры» Уладзіміра Караткевіча.
З чаго ўсё пачыналася
90 год таму ў Мінску пачала стварацца новая арганізацыя: Саюз пісьменнікаў БССР. Мінулыя суполкі былі знесеныя бульдозерам прапагандысцкай машыны, разнастайнасць не віталася, патрабавалася толькі адна афіцыйная лінія літаратуры. Пісьменнікі, якія пазбеглі рэпрэсій пачатку 1930-х, згуртаваліся для выжывання ў страшныя часы.
Чорная ноч беларускай літаратуры
На жаль, пасля ўрачыстага І пісьменніцкага з’езду ў чэрвені 1934 года рэпрэсіі не спыніліся і дасягнулі свайго апагею ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі беларуская літаратура страціла многіх найлепшых творцаў, нядаўніх заснавальнікаў Саюза пісьменнікаў: былі расстраляныя Алесь Дудар, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Мойшэ Кульбак, Міхась Чарот… Сотні трапілі ў турмы і зніклі ў лагерах ГУЛАГу.
Да пачатку ІІ сусветнай вайны ў Саюзе пісьменнікаў заставалася ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, якія цудам пазбеглі арышту. Але арганізацыя працягвала працаваць.
Ад росквіту да ліквідацыі
Пасля вайны арганізацыя працягвала лабіраваць інтарэсы пісьменніцкай супольнасці. Дзякуючы спыненню масавага тэрору, беларускай літаратуры ўдалося акрыяць. З’явіліся новыя выдатныя імёны, раз за разам выходзілі яркія кнігі прозы і паэзіі, крытыкі, перакладаў і драматургіі. Да апошніх дзён, пакуль гэта было магчыма, Саюз беларускіх пісьменнікаў імкнуўся падтрымаць усё добрае, што працавала на карысць нашай мовы і літаратуры, падкрэсліць найважнейшую ролю кнігі і чытання для развіцця грамадства. Тым не менш, 1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны Суд РБ прыняў рашэнне аб ліквідацыі СБП.
Беларускае слова жыве
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў прапануе прыгадаць арганізацыю, якая не проста існавала, а актыўна дзейнічала з 1930-х і да 2020-х гадоў. Напярэдадні 90-гадовага юбілею СБП творцы з усяго свету прачыталі ўлюбёныя вершы паэтаў розных часоў, якія склалі паэтычную хрэстаматыю «Не загаснуць зоркі ў небе».
У флэш-мобе бяруць удзел Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава, Зміцер Вайцюшкевіч, Анхела Эспіноса-Руіс, Кацярына Ваданосава, Сяргей Дубавец, Уладзімір Арлоў, Дзмітрый Плакс ды іншыя творцы.
Відэаролікі флэш-моба будуць выходзіць на ютуб-канале Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў двойчы на тыдзень. Падпішыцеся на канал, каб не прапусціць. Падтрымайце беларускае слова праглядамі і лайкамі.
Глядзіце яшчэ:
Міжнародны паэтычны флэш-моб: Сяргей Харэўскі чытае «Пагоню» Багдановіча
Міжнародны паэтычны флэш-моб: Іна Снарская чытае «Новую зямлю» Якуба Коласа