Фалькларыстка Алена Ляшкевіч вандруе па Падляшшы і дзеліцца з чытачамі «Будзьма!» падарожнымі нататкамі. Семяноўка — вёска на беразе аднайменнага штучнага вадасховішча. Яна ацалела ад затаплення, калі будавалі вадаём, а вось суседнім населеным пунктам так не пашанцавала. У Семяноўцы большасць жыхароў размаўляе па-беларуску. Як так склалася і якое дачыненне да вёскі мае фільм «Хронікі Нарніі»? Распавядаем гісторыю Семяноўкі.
Семяноўка знаходзіцца ў гміне Нараўка Гайнаўскага павета. Па падляскіх мерках гэта даволі вялікая вёска: у 2021 г. тут быў 341 жыхар. Да мяжы з Беларуссю — троху больш за 5 км. Праз вёску праходзіць чыгунка Седльцы — Ліда, пабудаваная ў 1904–1905 гг. і адноўленая пасля Другой сусветнай вайны. У міжваенны час тут штодзённа праязджаў цягнік з Варшавы да Ваўкавыска і назад. Цяпер на станцыі — і звычайныя для Польшчы вузкія, і шырокія пуці, якімі карыстаюцца ў краінах былога СССР. Тут дзейнічае мытня, памежны пункт Семяноўка — Свіслач. Дасюль, нягледзячы на санкцыі, ездзяць грузавыя цягнікі з Беларусі. Пасажырскі маршрут Гайнаўка — Семяноўка ў апошнія гады працаваў толькі ў турыстычны сезон, а цяпер зачынены.
Семяноўка першы раз згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1632 годзе. Так зваліся і вёска, і фальварак, дзе сяляне адпрацоўвалі паншчыну. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Семяноўка трапіла ў склад Расійскай імперыі. Не пазней за 1910 г. панскі двор у фальварку Семяноўка разабралі. У міжваенны час вёска ўваходзіла ў Ваўкавыскі павет.
Вёска Семяноўка стаіць на беразе аднайменнага штучнага вадасховішча. Яно ўтварылася пасля пабудовы ў 1977–1990 гг. дамбы на рацэ Нараў. На дне вадаёма апынуліся некалькі выселеных вёсак па абодва берагі. Людзі разбіралі свае хаты і перавозілі на новае месца. Тое, што заставалася, руйнавалі машыны. Частка вяскоўцаў перасялілася ў спецыяльна пабудаваныя для іх шматпавярховікі ў недалёкіх Бандарах і Міхалове. У апошні час выйшла некалькі кніг пра затопленыя вёскі.
Плошча вадасховішча ў час, калі там максімальная колькасць вады — 32,5 кв. км. Даўжыня складае, па розных звестках, 11 ці 13,5 км, шырыня ад 0,8 км у раёне дамбы да 4,5 км у цэнтральнай частцы, сярэдняя глыбіня 2,5 м. Галоўныя функцыі возера — водазабеспячэнне Нараўскага нацыянальнага парку, арашэнне лугоў у даліне ракі Нараў. Вадасховішча выкарыстоўваецца таксама ў энергетычных мэтах, там развіваецца рыбалоўства, турызм. Кожны год тут ловяць 15–30 тон рыбы. Але першапачатковыя мэты выкарыстання вадаёма былі значна больш амбітнымі: планавалася браць ваду для сельскай гаспадаркі, забяспечваць прамысловыя прадпрыемствы і камунальную гаспадарку Беластока. Меркавалася, што вадасховішча паспрыяе эканамічнаму развіццю, паднізіць рызыку затапленняў увесну.
Пасля таго, як у 1968 г. стала вядома, што збіраюцца будаваць вадасховішча, мясцовы паэт з вёскі Рыбакі Фёдар Хлябіч даслаў у газету беларусаў Беласточчыны «Ніва» такі верш:
Уцікае год ад году, Так праходзіт цэлы век — І змяняе ўжо прыроду Навачэсны чалавек. В Нарве спынят воду валам, Што плыве яна здалёк, І пашлют яе каналам Для прамыслу ў Беласток. Будзе озеро шыроке, Много будэ в ём воды, З вёсак выедут далёка — Ў пэгээры*, ў гарады. Пакуль што ім невясёла, З суседам зжыўся тут сусед, А пра гэты вёскі, сёла Спамянут за сотні лет. Стакана міне і троска, Сніцца будзе ува сне, Што іх родны сёла-вёскі Стаят ў озеры на дне. * пэгээр — з польскага PGR (państwowe gospodarstwo rolne, дзяржаўная ) — фактычна калгас.
Верш адлюстроўвае настрой жыхароў вёсак, якія гадамі чакалі адсялення, не рамантавалі хаты і гаспадарчыя будынкі.
На возеры Семяноўка здымалі адну са сцэн фільма «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», які ў 2006 г. атрымаў прэмію «Оскар» за найлепшы макіяж. Гэта сцэна, дзе героі разам з бабрамі ўцякаюць па скутай лёдам рацэ ад Белай Чараўніцы.
24 чэрвеня на возеры Семяноўка, у вёсцы Бандары, пройдзе беларускі фестываль «Сонцаграй».
Блізкасць вялікай вады адчуваецца ў Семяноўцы нават далёка ад берага: на падворках захоўваюцца чаўны.
У Семяноўцы захаваліся рэшткі старой драўлянай забудовы і мураваная царква. Па розных звестках, царква закладзена ў XVII ці XVIIІ стагоддзі як уніяцкая. Асвечана ў гонар святога Юрыя. Свой сучасны выгляд царква набыла ў 1967 г., калі замест драўлянай званіцы паставілі мураваную, злучаную з асноўным будынкам храма.
На Тройцу браму і алтар царквы ўпрыгожваюць бярозкамі. Традыцыя аздабляць зелянінай падворкі ў Семяноўцы і навакольных вёсках не захавалася, хаця жыхары пра яе памятаюць і некаторыя нават рабілі гэта яшчэ летась.
Каля царквы можна пабачыць шматлікія крыжы, якія жыхары Семяноўкі ставілі ў памяць аб родных, пахаваных у іншых месцах. Такі крыж выконвае функцыю месца памяці, куды сям’я прыносіць кветкі, знічы. Ёсць таксама крыжы, пастаўленыя з просьбай аб здароўі і дабрабыце. Вось якія надпісы можна прачытаць на крыжах:
Силою Креста Твоего Господи. сохрани насъ отъ всякого зла. Сооруженъ Общ. Кр. Де. Семеновки. 1905 г.
Марыня Бобровска род 10V1899 г ум. 21 VIII 1924 г. Памиять от детей с. Семеновка
В П Константіна Засіма погіпш на воіне 1920 г. п. от. р… <далей неразборліва>
о у р. б. Олихвер Филип ум. во время воины. память от сына Иоаnа д. Семеновка 1971 г.
о у Константин Засим Иоанович род. в 1908 году погиб вовремя воины в 1944 году дорогому сыну память от мамы и братов село Семеновка
Шыманук Еласавета прожыла 74 г. Убита 1944 г. 1959
з. п. Параскева Янель померла за окупации в Беластоке 19. ХІІ. 1942 года. Мир праху твоему
п г Павла Ивановича Ковалевского род 1912 г. остался замордован в Беловежы 1943 года 24 декабря. Мир праху его
Погип Навоине Бирицки Александер вроку 1941 Напамец од Жены Анны и сы Михаила де Семеновка ро 1909 року
ś. p. Sergiusz Birycki ƶyl lat 21 Wincenty Birycki ƶyl lat 19 synowie Elƶbiety i Stefana z Siemianowki zamordowani przez hitlerowców dn 6.08.1941 we wsi Zabrody. Pamiec od brata Grzegorza i jego ƶony Anny (c(ветлая) п(амяць) Сергіуш Бірыцкі жыў 21 год Вінцэнт Бірыцкі жыў 19 год сыны Эльжбеты і Стэфана з Семяноўкі замардаваныя гітлераўцамі дн dn 6 08 1941 у вёсцы Заброды. Памяць ад брата Гжэгажа і яго жонкі Анны з. п. Анна Мороз ум. 1942 г. в Сибире. Похоронена в неизвестном месте. Память от внуков. Со святыми упокой господи. Мир праху её
Помъяни Господи Душу Усоп. Раба Твоего Павла Герасимовича Олифера Здес Убитого 1963 г. 29 VII Р. 1917 Э XI Память от. Отца
Большасць надпісаў, як бачым, зроблена па-руску з беларусізмамі, адзін — па-польску. Жыхары Семяноўкі лічаць сябе беларусамі. Большасць з якіх (узростам прыкладна за 50 гадоў) гаворыць на мясцовым дыялекце беларускай мовы між сабой і так жа адказвалі мне. Малодшыя мяне разумелі, але адказвалі ўжо па-польску.
Як піша краязнаўца Аляксандр Кардаш, да канца Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары большасць сваіх спраў (у лякарні, органах улады, крамах) вырашалі на ўсходзе: прыгадваюць выправы, пераважна пешкі, у Ваўкавыск, Свіслач, Баранавічы, Гародню, Ялоўку. Пра апошнюю мы пісалі (там быў ахрышчаны Кастусь Каліноўскі). Пасля вайны мяжа прайшла каля самай Семяноўкі, а для вырашэння спраў кіраваліся ўжо ў заходнім кірунку.
У Семяноўцы раней працаваў Цэнтр экалагічнай адукацыі. Цяпер у будынку жывуць украінцы. Дзейнічае некалькі аграсядзіб. Па словах гаспадыні адной з іх, пані Аліны, асноўны кантынгент гасцей — гэта рыбакі, якія прыязджаюць у Семяноўку з усёй Польшчы. Аляксандр Кардаш з гонарам адзначае, што ў 2021 г. на вадаёме рыбачыў нават прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Для падрыхтоўкі матэрыяла выкарыстана кніга Аляксандра Кардаша «Вобраз, якога не існуе. Вадасховішча Семяноўка».
Алена Ляшкевіч, budzma.org,
фота аўтаркі