Пасля пратэстаў у раённым гарадку жыць стала складана, а таму разам з мужам і сям’ёй спадарыня Алена з’ехала ў Польшчу. Уладкавалася на працу, арганізавала ў касцёле службу на беларускай мове, жыве ў згодзе з сумленнем і моліцца за Беларусь.
У маленькім гарадку пратэстоўцам жыць не дадуць
Спадарыня Алена працавала настаўніцай замежнай мовы ў раённым гарадку на Віцебшчыне. Скончыла лінгвістычны ўніверсітэт у Мінску. У Польшчу разам з мужам і двума сынамі выехала з прычыны пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту.
— Напачатку нас выходзіла няшмат: чалавек 15-20, — расказвае жанчына. — Паступова людзі пачалі далучацца, і ў выхадныя дні прыходзіла чалавек трыста, а можа і больш. А для такога невялікага гарадка (у нас жыве 7 тысяч жыхароў) гэта не так ужо і мала.
Як правіла, паводле слоў Алены, на пратэсты выходзілі людзі, якія мелі адукацыю, прадпрымальнікі. Тыя, хто добра разумеў, што насамрэч адбываецца ў краіне.
Пасля гэтых акцый, яшчэ падчас адпачынку, спадарыню Алену выклікала да сябе дырэктарка школы і пачала патрабаваць, маўляў, каб вас там больш не бачылі. Пагражала, што, калі туды прыйдзе яшчэ і з дзецьмі, то супраць яе ўзбудзяць крымінальную справу. Усю гэтую гісторыю спадарыня Алена потым на адной з акцый расказала на плошчы перад людзьмі і старшынёй райвыканкама. Той не верыў, калі людзі скардзіліся на такія пагрозы, а яна выйшла і расказала.
— Пасля гэтага мяне не чапалі, нічога не гаварылі, але на мае ўрокі пачалі наведвацца з праверкамі і кантраляваць класнае кіраўніцтва, — згадвае былая настаўніца. — А потым яшчэ пачалі ўздзейнічаць праз маіх дзяцей.
Жанчыну разам са старэйшым сынам выклікалі да дырэктара ў кабінет і пры ёй пачалі адчытваць хлопца за няўдалы дзіцячы жарт на ўроку, на які ў іншых абставінах ніхто б не звярнуў увагі. Пагражалі за нядобрыя паводзіны паставіць на ўлік у міліцыю. Усё гэта, паводле суразмоўніцы, нагадвала зрэжысаваны спектакль.
— Мы з мужам зразумелі, што далейшая барацьба прывядзе да таго, што на нас будуць ціснуць яшчэ мацней, што мы страцім працу, а ў раённым цэнтры на працу не ўладкуешся, — сумна канстатуе яна. — І, зноў жа, у нас дзеці. Мы вырашылі ратавацца.
Адзінае месца ў іх невялічкім гарадку, дзе Алена знаходзіла ў тыя дні разуменне і спагаду, — касцёл.
— Нас вельмі падтрымліваў касцёл — дзякуй ім. Туды мы маглі заўсёды прыйсці і абмеркаваць усе справы, — нібы ўяўляючы перад сабой тыя хвіліны, расказвае жанчына. — І нашы браты і сёстры хадзілі разам з намі на акцыі пратэсту, былі побач.
Няма ўласнага дому, але ёсць свабода
Спадарыня Алена адна паехала ў Польшчу, знайшла новую працу, зняла кватэру, і пасля гэтага муж з сынамі пераехалі да яе. Жанчына прызнаецца, што было балюча пакідаць радзіму, дом, у мужа была добрая праца, але абставіны былі мацнейшымі.
— Самае галоўнае — што я маю чыстае сумленне. Для мяне гэта важна. Хоць я страціла ўсё — усё засталося ў Беларусі. У нас там была машына, дом і ўсё астатняе. Але ў нас не было там свабоды, — эмацыйна кажа Алена. — Я не магла рабіць тое, што хачу, не магла думаць і выказвацца. А зараз у мяне няма свайго дому, але я на свабодзе і раблю тое, што мне падабаецца. І мае дзеці не будуць жыць у тым пекле.
Працэс інтэграцыі ў новае грамадства, паводле суразмоўніцы, прайшоў без вялікіх складанасцей, хаця свае цяжкасці былі. Але, як яна сама заўважае, паколькі іх сям’я каталіцкая, то ўсе традыцыі і звычаі, якіх прытрымліваюцца ў Польшчы, яны мелі гэта дома, толькі па-беларуску.
Цяжэй давялося сынам, паколькі яны ў падлеткавым узросце і пайшлі ў польскую школу, практычна не ведаючы мовы.
— Але, дзякуй богу, на працягу паўгоддзя яны справіліся і зараз вось ужо Ілля скончыў школу з дзвюма толькі тройкамі, а Аляксей з адной, — дадае жанчына. — Я лічу, гэта добры вынік, паколькі яны ўсё пачалі з нуля.
Муж пачынаў на будоўлі, але ў яго не ўсё добра са здароўем, так што ён пайшоў вучыцца і зараз кіруе карам, працуе, задаволены. Наогул, і Алена, і яе муж адчулі зусім іншае стаўленне да сябе ў працоўным калектыве. Згадваюць, што ў Беларусі ініцыятыва заўсёды падлягала пакаранню.
— Я настаўніца замежнай мовы, а тут працую ў банкаўскай сістэме — гэта дзве розныя рэчы. Але я сама хацела навучыцца — і навучылася, — канстатуе спадарыня Алена. — І, пабачыўшы, што я стараюся, мне далі павышэнне, мяне паважаюць, цэняць. І муж тое самае ў дачыненні да сябе бачыць на працы.
Да ўсяго, паводле яе, муж, які хварэе на дыябет, атрымаў там якаснае лячэнне.
— Мы атрымалі падтрымку і медыцынскае лячэнне, і яму сапраўды стала лепш, — не хаваючы задавальнення, кажа жанчына. — Я бачу, што ён па-іншаму сябе адчувае: і фізічна інакш выглядае, і здароўе палепшала.
Самая шчырая споведзь можа быць толькі на роднай мове
Ужо ў новых абставінах першае, што хацелася зрабіць спадарыні Алене, — стварыць беларускую каталіцкую суполку, паколькі для яе як чалавека веруючага гэта было вельмі важна. Яна даведалася, што такія ініцыятывы існуюць у розных гарадах Польшчы, і зразумела, што такім чынам зможа аб’яднаць беларусаў у сваім горадзе.
— Я тут знайшла ксяндза, які доўгі час працаваў у Беларусі, скантактавалася з ім, і ён пагадзіўся на маю прапанову праводзіць нам імшу на беларускай мове, — расказвае жанчына. — Першы раз на імшу прыйшло больш за сто чалавек, а пастаянны такі касцяк звычайна складае трыццаць і больш асоб.
Алена лічыць, што вельмі важна на чужыне маліцца на роднай мове.
— У кожнага свае адносіны з Богам, але самыя шчырыя словы, я лічу, можна сказаць толькі на роднай мове. І самая шчырая споведзь будзе толькі на роднай мове, бо толькі на ёй ты знойдзеш самыя патрэбныя словы, якія раскажуць, што насамрэч у цябе на душы…
Зло трэба называць па імені
Разважаючы пра жыццё ў Польшчы, жанчына не хавае, што ёй вельмі не хапае Беларусі. Асабліва не хапае блізкіх людзей — мамы, сябровак, якіх пакінула ў невялікім гарадку. Не стае тых мясцін, з якімі звязаны ўспаміны.
— Першае, куды б я пайшла, калі будзе магчымасць вярнуцца, — на могілкі да таты, да дачушкі… Вось гэтага не хапае, і нішто гэта не заменіць, — задумліва кажа яна. — Мы, напэўна, з мужам тут у любым выпадку застанемся чужымі, а вось дзеці, магчыма, знойдуць сябе.
— А калі будзе магчымасць вярнуцца — вы не вернецеся?
— Я, на жаль, не аптыміст. Я ведаю, што патрэбна шмат часу, нават калі заўтра нешта там зменіцца, каб пераламаць гэтую сістэму, — неяк не адразу адказвае Алена. — Пэўна, у працоўным узросце я туды не вярнуся. Магчыма, толькі на пенсію (смяецца), калі дажыву. Зноў жа, калі мае дзеці будуць тут, з гэтай прычыны мне не будзе хацецца жыць там пастаянна.
Спадарыня Алена кажа, што кожны дзень моліцца за Беларусь, за тых людзей, хто ў палоне, і за тых, хто на свабодзе.
— Я шчыра не разумею тых, хто падтрымлівае тое, што там адбываецца, альбо робіць выгляд, што нічога не адбываецца, — з трывогай у голасе кажа яна. — Усё ж зло трэба называць па імені. І тое, што зараз там робіцца, — гэта сапраўды зло. На гэта нельга заплюшчваць вочы. На жаль, мая краіна ператварылася ў суцэльную турму. І гэта цяжка…