«Апошні раз мы бачыліся з Алесем падчас аднаго зь верасьнёўскіх маршаў 2020-га. Сустрэліся выпадкова і прайшлі разам ад ГУМу да Палаца Спорту. Алесь нёс у руках партрэт Каліноўскага», — піша Альгерд Бахарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Мы былі знаёмыя з 90-х. І чым даўжэй былі знаёмыя, тым радзей бачыліся і тым менш супадалі нашыя погляды. Адзіным, дзе паміж намі заўсёды была згода, былі беларуская мова і беларуская незалежнасьць. Калі я пісаў пра ягоны самы славуты пэрформанс для адной са сваіх кніг, дык паказаў яму тэкст, каб нічога не наблытаць. Тэкстам ён быў задаволены. Дагэтуль памятаю фразу з аднаго ягонага інтэрвію: «Народ бяз нас як бараны расьсеяныя…» Ён верыў у тое, што калі будзе нязломнай творчая эліта — паўстане і нацыя.
Алесь быў неімаверна таленавітым, правакацыйным і сьмелым мастаком і добрым чалавекам. Такім для нас і застанецца. Астатняе ўжо ня важна. Застанецца мастаком і чалавекам, якога забілі ў турме. Забіла гэтая ўлада. Яго забілі за мову, за талент і сьмеласьць. За тое, што ён беларус Алесь Пушкін.
І гэтае забойства дараваць нельга. Як жа хочацца дажыць да суду над судзьдзямі і катамі. Калі мне кажуць, што Беларусь не канцлягер, я прызнаю, што тым, хто жыве ў ёй, лепш відаць і ведаць. Не дык не. Я толькі ціха прашу: тады скажыце, што ўсё, што мы чытаем тут у навінах, тое, што расказваюць нашыя знаёмыя і сябры — няпраўда. Скажыце, што гэта няпраўда. Маўчаць. Цікава: як адгукнуцца на гэтае забойства іншыя беларускія мастакі. Члены саюзаў, удзельнікі мілых бясьпечных выставаў, тыя, хто робіць выгляд, што ўсё нармальна.
Але ўсё гэта і праўда ня важна. Нацыяналізм, нашыя спрэчкі, нашыя падзелы на правых, левых, кансэрватараў, нацыяналістаў, постмадэрністаў. Алеся няма. А тыя, хто яго ведаў — хто сядзіць, хто маўчыць, хто ўцёк, хто застаўся. Усім нам балюча.
Сьветлая памяць».