Карбалевіч: Праблема беларускіх пакутнікаў сыходзіць на другі план

Ілюстрацыйная выява: Midjourney

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Свабодных навінах» аналізуе вынікі 30-га саміта NATO, які днямі прайшоў у Вільні.

Пуцін хацеў фінляндызацыі Еўропы, а атрымае натаізацыю.

Джо Байдэн

Сяброўства Украіны ў NATO: цяжкая дылема

Цяперашні саміт NATO ў Вільні ўжо назвалі гістарычным. Ён праходзіў у разгар кровапралітнай вайны, агрэсіі Расіі супраць Украіны, якая выклікала глабальны крызіс бяспекі. На парадку дня стаяла пытанне аб узмацненні абароны краін Усходняй Еўропы, асабліва тых, што мяжуюць з Расійскай Федэрацыяй.

Менавіта ў сувязі з расійскай агрэсіяй паўстала пытанне аб пашырэнні NATO. Фінляндыя ўжо далучылася да альянсу, Швецыя — на парозе.

Галоўнай інтрыгай саміту было пытанне аб уступленні Украіны ў NATO. Рашэнне аказалася палавіністым. На Украіну не будзе распаўсюджвацца набор патрабаванняў і працэдур, названы «Планам дзеянняў па сяброўстве ў NATO», які звычайна выкарыстоўваецца пры прыёме новых чальцоў у альянс. Будзе створаная Рада «Украіна-NATO». Але няма адказу на самае галоўнае пытанне, якога чакаў Кіеў. Кіраўніцтва Украіны імкнулася атрымаць канкрэтныя тэрміны ўступлення ў альянс. Аднак тут выявілася нявызначанасць. У камюніке саміту гаворыцца, што Украіна можа быць запрошаная ў NATO пры згодзе ўсіх яго чальцоў і калі дазволяць умовы. «Нас такі падыход катэгарычна не задавальняе», — адзначыў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

Усё гэта азначае, што некаторыя буйныя краіны-чальцы альянсу асцерагаюцца сутыкнення з Расіяй у выпадку хуткага ўступлення Украіны ў гэты саюз і плануюць выкарыстоўваць згаданае пытанне падчас будучых мірных перамоў з Расійскай Федэрацыяй.

Інакш кажучы, за Пуціным фактычна пакінулі права вета на пашырэнне NATO. У Маскве гэта ўспрынялі як пазітыўны сігнал.

Курс на еўрапейскі выбар Беларусі

Беларусі была нададзеная ўвага, якой яна не ўдастойвалася ні на адным з папярэдніх самітаў NATO. Не толькі таму, што мерапрыемства праходзіла за 30 кіламетраў ад беларускай мяжы. Але найперш таму, што Беларусь аказалася адзіным хаўруснікам агрэсара. У рамках саміту адбылося два мерапрыемствы, прысвечаных ёй. Беларусь сем разоў згадваецца ў выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-чальцоў NATO. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сваёй 20-хвіліннай прамове ў двары Віленскага ўніверсітэта пасля саміту NATO згадаў Беларусь.

Варта звярнуць увагу на яшчэ адзін важны момант. Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская падчас сваіх выступаў на палях саміту гаварыла пра еўрапейскую перспектыву краіны, пра магчымае ўступленне ў ЕС.

На нашых вачах закладваецца новы цывілізацыйны код беларускага соцыума, яго новая матрыца, канструюецца ментальны компас.

Што датычыцца NATO, то вялося пра супрацоўніцтва паміж альянсам і дэмакратычнай Беларуссю ў рамках праграмы «Партнёрства ў імя міру», стварэнне адпаведнай кансультатыўнай групы, як гэта было зроблена ў адносінах з ЕС. Але пытанне пра пажаданасць уступлення Беларусі ў NATO не ставілася. Гаварылася толькі, што гэтая праблема будзе вырашацца тады, калі краіна стане свабоднай, гэта будзе дэмакратычны выбар народа. Такая асцярожная пазіцыя па гэтым пытанні абумоўлена настроямі беларускага грамадства, якія фіксуюцца сацыёлагамі. А яны відавочна не на карысць уступлення ў Паўночнаатлантычны альянс. У палітыцы важна сувымяраць свае дзеянні з грамадскай думкай.

Праблема суб’ектнасці Беларусі

Калі вывучыць выніковы дакумент саміту NATO, паслухаць, што кажуць кіраўнікі суседніх дзяржаў, узнікае праблема суб’ектнасці Беларусі. Опцыя погляду на краіну даволі спецыфічная.

У камюніке ёсць толькі адзін сюжэт, які тычыцца ўласна палітыкі афіцыйнага Мінска. «Мы заклікаем Беларусь спыніць зламысныя дзеянні супраць сваіх суседзяў, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды і выконваць нормы міжнароднага права», — гаворыцца ў дакуменце.

Аднак ва ўсіх іншых згадках пра Беларусь яна разглядаецца праз прызму расійскай палітыкі. На думку NATO, пагроза палягае ў тым, што Расія выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і інфраструктуру для агрэсіі супраць Украіны, згадваецца рост вайсковай інтэграцыі Расіі з Беларуссю, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі і магчымае разгортванне так званых расійскіх прыватных вайсковых кампаній. Інакш кажучы, тэма Беларусі разглядаецца як вытворная ад палітыкі ў дачыненні да Расіі. І вырашэнне «беларускага пытання» разглядаецца як неад’емная складовая частка вырашэння «расійскага пытання».

Нагадаю, што 30-я штогадовая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ на пачатку ліпеня канстатавала, што Масква праводзіць «мяккую анексію» Беларусі.

Менавіта так успрымаюць нашу краіну суседзі. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, гаворачы пра Беларусь, заявіў, што «гэтая краіна больш не незалежная, гэта яшчэ адна губерня Расійскай Федэрацыі». Прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яніс Карыньш адзначыў: «Сёння мы бачым Беларусь як працяг Расіі. Беларусь страціла суверэнітэт… Беларусь — гэта частка Расіі».

Беларуская праблема як самастойны кейс

Такі падыход не падзяляе кіраўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі. У адказ на выказванне прэзідэнта Літвы Аб’яднаны пераходны кабінет заявіў:

«Такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народа. Беларусь — гэта не губерня Расіі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць».

Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» выказала важнае меркаванне: «Без свабоднай Беларусі не можа быць бяспечнай Украіны». Можна дадаць, што не можа быць бяспечнага рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Логіка Пераходнага кабінета зразумелая. Разглядаць Беларусь — краіну і народ — толькі як інструмент у руках Крамля наўрад ці з’яўляецца рацыянальнай стратэгіяй.

Варта ўспомніць, з чаго ўсё пачалося. Міжнародная супольнасць даволі паблажліва паставілася да таго, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі жорстка здушыў народныя пратэсты. Маўляў, гэта ўнутраная справа дзяржавы. Аднак неўрэгуляваны ўнутрыбеларускі канфлікт хутка распаўсюдзіўся па-за межы краіны і ператварыўся ў міжнародны, Беларусь стала пагрозай для рэгіянальнай бяспекі. Менш чым праз год Лукашэнка пасадзіў у Мінску самалёт кампаніі «Ryanair» з двума апазіцыянерамі на борце, што парушала міжнародныя правілы. Затым быў справакаваны міграцыйны крызіс. Потым на тэрыторыі Беларусі прайшлі маштабныя вайсковыя вучэнні, якія хутка перараслі ў агрэсію Расіі супраць Украіны.

Калі разглядаць беларускую праблему не як самастойны кейс, а як вытворную ад палітыкі Расіі, то, напрыклад, пытанне аб вызваленні палітвязняў сыходзіць на другі план. Застаецца толькі вялікая геапалітыка, дзе тэме беларускіх палітычных пакутнікаў проста няма месца.

Дарэчы, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы пасля саміту ў двары Віленскага ўніверсітэта, зрабіў крыху іншы акцэнт. «Вы, напэўна, памятаеце — многія з вас — наколькі каштоўная наша свабода. Яна каштоўная для ўсіх людзей, для ўсіх, не толькі для людзей ва Украіне, Беларусі, Малдове, Грузіі і ва ўсіх краінах, дзе працягваюць барацьбу за свабоду і за тое, каб іх голас быў пачуты. Таму я кажу ўсім вам: працягвайце! Працягвайце ў тым жа духу!» — заявіў амерыканскі прэзідэнт.

Фінальным акордам саміту NATO ў Вільні для Беларусі можна лічыць сустрэчу прэзідэнта ЗША Джо Байдэна са Святланай Ціханоўскай. Яна працягвалася нядоўга, не больш за 10 хвілін. Але гэта была такая сімвалічная дэманстрацыя таго, што беларуская дэмакратыя знаходзіцца ў фокусе ўвагі Злучаных Штатаў.

novychas.online