Газета New York Times упершыню ў сваёй публікацыі выкарыстала слова «trasianka»

Слова ўжыта ў рэцэнзіі эсэісткі і літаратурнага крытыка Джэніфер Уілсан на амерыканскае выданне кнігі беларускай літаратаркі Юлі Цімафеевай «MOTHERFIELD: Poems and Protest Diary».

«Вось жа, так сканчаецца год: сёлета на нашыя зь Юляй амэрыканскія кнігі выйшлі рэцэнзіі ў NYT. У вялікім літаратурным сьвеце гэта моцная зброя. Асабліва для двух аўтараў з краіны, пра якую мала хто ведае, аўтараў, што пішуць на прывіднай мове, аўтараў з краіны, дзе няма літаратурнай крытыкі, аўтараў, якія жывуць як брэмэнскія музыкі. Почасту — як і іхныя чытачы,» — так адгукнуўся на публікацыю NYT на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Кніга «MOTHERFIELD: Poems and Protest Diary» выйшла ў амерыканскім выдавецтве Deep Vellum у лістападзе гэтага года. Перакладам тэксту выдання займалася паэтка Вальжына Морт і паэт Ханіф Абдуракіб.

Пад вокладкай «Motherfield» сабраныя творы Цімафеевай за розныя гады творчасці. Зборнік выдадзены на дзвюх мовах – па-беларуску і па-англійску.

budzma.org