Беларуская рамесніца і дэкаратарка пра бабуль-рукадзельніц, творчы пратэст і вышэйшую форму кахання.
Вольга — заснавальніца праекта «Этыка». Дзяўчына займаецца ручной вышыўкай, кастамізацыяй і апсайклінгам рэчаў. Калі раней «Этыку» ведалі як праект, які дае другое жыццё рэчам, то зараз пра праект згадваюць усё часцей як пра рэчы з вышытым уручную беларускім арнаментам.
Тры месяцы таму Вольга пераехала з Мінска ў Варшаву. Практычна адразу яна пачала рабіць майстар-класы па вышыўцы з беларусамі, а нядаўна арандавала сабе новае працоўнае месца ў студыі. Апошнія некалькі кашуль «Этыкі» з беларускім арнаментам, вышытым крыжыкам, прадаліся літаральна за 15 хвілін.
— Я спазнілася на гэтае інтэрв’ю, таму што дарабляла апошнія крыжыкі. У мяне гараць рукі! — прызнаецца яна.
Вольга распавяла «Салідарнасці», адкуль у яе любоў да вышыўкі, як хобі стала працай і творчым пратэстам і чаму ствараць у Варшаве прасцей, хоць і ўсё яшчэ балюча.
— Адна мая бабуля навучыла мяне шыць на машынцы, другая — вышываць і вязаць шыдэлкам. Памятаю, калі пайшла ў школу, не ўмела чытаць і пісаць, але ўмела шыць, вязаць і вышываць, — успамінае суразмоўца. — Я жыла ў Баранавічах, там жа мая бабуля працавала на баваўняным аб’яднанні.
Пасля распаду СССР прадпрыемства перажывала цяжкія часы, заробак работнікам выдавалі тканінай. Грошай не было, а жыць на нешта трэба ж. Мая бабуля, краўчыха, вырашыла шыць бялізну на продаж у Польшчу.
Шыць трэба было шмат, таму я ёй памагала. Падкоўдранік, вядома, пашыць не магла, а вось маленькія навалачкі, ці, як заве мая бабуля, «ясікі» — спакойна. Мне вельмі падабалася іх шыць, так што падкладала кніжкі, каб даставаць да педаляў швейнай машынкі.
Калі шыць Воля навучылася ў горадзе, то вышываць і вязаць — на палескай вёсцы. Менавіта там жыла другая бабуля дзяўчыны, дом якой, дзеліцца яна, прасякнуты традыцыйным духам.
— У яе ў доме стаялі пірамідкай падушкі, накрытыя накідкай з вышыўкай, карункамі. Я глядзела на гэтыя накідкі і думала: ваў, хачу так рабіць!
Бабуля ў мяне жанчына дакладная: вось, трымай, вышываць — вось так, вязаць — так. І я навучылася. Спачатку вышываць крыжыкам, потым — вязаць. З таго часу я раблю гэта ўсё жыццё: у школе, універы, цяпер. Я заўсёды з гэтымі ніткамі.
— Чым была вышыўка для тваёй бабулі?
— Бабуля вышывала з маладосці, і вельмі шмат на замову. Тады яна не думала пра тое, што гэта традыцыі, не ўкладала нейкі сакральны сэнс. Яна жыла, працавала, хадзіла ў лес па грыбы-ягады і вышывала — то-бок гэта было неад’емнай часткай жыцця. Пры гэтым вышыўка была паўсюль — у хаце, на адзенні.
Яна перастала гафтаваць не так даўно, таму што пачалі балець рукі. Яшчэ тры гады таму яна вышывала не спыняючыся.
Многія працы бабулі зніклі, але некаторыя наша сям’я беражліва захоўвае. Напрыклад, у нас ёсць некалькі прасцінаў — мы імі не карыстаемся, дастаем толькі праветрываць. Яшчэ ёсць некалькі абрусаў, самы мой любімы — з вышытымі гладдзю браткамі. Мама дастае гэты абрус толькі па святах — і тое, засцілае яго і сочыць, каб ніхто не запэцкаў.
Мая мама з тых маці, якія гатовы аддаць свайму дзіцяці ўсё. Але вось аддаць абрус — нізавошта! Кажа, што перадасць мне яго ў спадчыну, калі прыйдзе час. Для мяне гэты абрус — атрыбут сямейнага яднання, вельмі выдатна сабрацца ўсёй сям’ёй на свята і паслаць на стол бабулін абрус.
Доўгі час вышыўка для Вольгі заставалася хобі — напрыклад, зрабіць камусьці падарунак да свята сваімі рукамі. Дзяўчына скончыла эканамічны факультэт, працавала ў розных сферах, а потым пачала супрацоўнічаць з беларускімі дызайнерамі, брэндам ZIBRA. Тады вышыўка і вярнулася ў жыццё суразмоўніцы, але ўжо як спосаб заробку.
— У ZIBRA было шмат адзення з ручной вышыўкай. У нейкай з размоваў яны даведаліся, што я гафтую, і прапанавалі вышываць для іх. Я пагадзілася, і рабіла гэта шмат гадоў. Потым зразумела, што хачу рабіць свой праект.
Тады дзяўчына стварыла «Этыку». Першапачатковая канцэпцыя праекта была звязаная з экалогіяй — не вырабляць новае адзенне, а даваць другое жыццё рэчам з дапамогай кастамізацыі вышыўкай. З часам дзяўчына паглыбілася ў нацыянальныя матывы, і цяпер праект «Этыка» ведаюць больш як адзенне, на якім вышыты беларускі арнамент.
— Спачатку ўсе ведалі «Этыку» як праект пра адзенне, якое ўжо існавала. Цяпер, калі прыходзяць людзі, я пытаю: вы ведаеце, што я не шыю гэтую вопратку, што яна з сэканд-хэнда? І ўсе такія: «О, так? А гэта яшчэ больш прыкольна». То-бок за ўвесь час ні разу не было такога, каб хтосьці сказаў: фу, сэканд.
Ідэю пра кастамізацыю я выношвала даўно, але пакрысе ўвасабляць яе пачала толькі ўлетку 2020 года. У канцы года мяне затрымалі, і ўвесь наступны год была ў дэпрэсіі. Паглыбляцца ў нацыянальныя матывы я пачала ў 2022 годзе і адразу зразумела: мне так добра ў гэтай «пясочніцы», што вылазіць не хочацца.
Першай працай з беларускім арнаментам, якую Воля зрабіла і выклала ў профіль праекту, была чорная кашуля. Тады, успамінае дзяўчына, не было вялікага попыту на рэч, затое быў надзвычайны фідбэк.
— Людзі думалі: ваў, можна было ўзяць аўтэнтыку, змясціць на сучаснае адзенне і гэта будзе так крута выглядаць? Людзей зачапіла, што гэта не трывіяльная інтэрпрэтацыя нацыянальных матываў. Таму што часцей за ўсё нацыянальныя матывы не інтэрпрэтуюць, іх робяць проста ў лоб.
Гэтае клёва, асабліва захаванне строю, але, на жаль, складана інтэгруецца ў сучасны гардэроб. Ты не можаш выйсці ў строі летам, таму што проста сапрэеш у ім.
Людзям спадабалася, што гэтую кашулю можна надзець са звычайнымі джынсамі. Чалавек будзе крута выглядаць, і пры гэтым на ім будзе аўтэнтычная вышыванка.
— Каб пачаць вышываць беларускі арнамент, спатрэбіліся нейкія дадатковыя веды?
— Я шмат працавала з беларускімі дызайнерамі, сачыла і сачу за модай. У мяне не высокі, але дастатковы ўзровень нагледжанасці. Думаю, гэта адыграла вялікую ролю. Я заўсёды кажу, што я не эксперт у строях, беларускіх рамёствах, нацыянальных традыцыях.
Я шмат чаго не ведаю, таму чытаю вельмі шмат літаратуры, хаджу на лекцыі. Пару гадоў таму прачытала кнігу Вольгі Лабачэўскай «Беларускі народны касцюм», дагэтуль карыстаюся ўзорнікам адтуль.
Не магу сказаць, што мне не хапае адпаведнай адукацыі. Нейкія веды ў мяне ёсць, нейкіх няма. Але я ад гэтага не пакутую, а проста працягваю іх чэрпаць.
— Ты сказала, што для тваёй бабулі вышыўка была неад’емнай часткай жыцця, пры гэтым сакральных сэнсаў у яе яна не ўкладвала. А што вышыўка для цябе?
— Гэта праява самаідэнтычнасці. Як аказалася, вельмі важна разумець, хто ты. Мне раней здавалася, што гэта так эфемерна гучыць: ведаць, дзе твае карані, ведаць, хто ты.
Але калі ты пачынаеш абмяркоўваць, разумееш, што вельмі важна. Гэта твой падмурак, без якога далёка не адплывеш. І для мяне вышыўка зараз якраз пра гэта — пра ўсведамленне сваёй прыналежнасці. Мне блізкія традыцыі, якія праяўляюцца праз рамёствы. Я адчуваю ў гэтым сябе беларускай. І гэта вельмі прыемна.
— Цяпер для цябе вышыўка — гэта пра медытацыю і заспакаенне або пра грошы?
— Гэта пра ўсё. Я не прыхільнік таго, што мастак мусіць быць бедным і галодным. Я навучылася шанаваць сваю працу і разумець, што яна каштуе грошай. Для мяне вышыўка — гэта шалёнае задавальненне. Я магу вышываць суткамі. Я затрымалася на гэтае інтэрв’ю, таму што заканчвала апошнія крыжыкі. У мяне гараць рукі!
Цяпер гэта мая адзіная праца, і яна мяне цалкам забяспечвае. Гэта не вялікія грошы, але я і не імкнуся іх з гэтага выціснуць. Разумею, як так можна зрабіць, але пакуль такой мэты няма.
— У дзяцінстве ты дапамагала шыць бялізну бабулі, якую яна потым прадавала ў Польшчы. Як так атрымалася, што праз гады ты пераехала сюды жыць?
— Гэта вельмі цікава, таму што бабуля якраз ездзіла ў Варшаву. Калі яна даведалася, што я сюды пераязджаю, сказала: «Мы там былі, не едзь, там дрэнна». Дык гэта было ў 90-х, адказала ёй я. Цяпер наадварот — з Польшчы возяць бялізну ў Беларусь.
У апошнія гады жыццё ў Беларусі было падобнае на аб’юзіўныя адносіны: ты любіш, а з цябе здзекуюцца. У нейкі момант я зразумела, што, мусіць, хопіць. Мы з’ехалі праз год пасля пачатку вайны: увесь гэты час стваралі адпаведныя ўмовы.
Хаця яшчэ да пачатку вайны разумела, што з’еду, калі ўпруся ў сцяну, калі знікнуць дарожкі развіцця. У Мінску так і здарылася — усё, як мне бачыцца, скончылася.
Нягледзячы на плынь рэпрэсій у Беларусі, Оля, жывучы там, вышывала беларускі арнамент і арганізоўвала майстар-класы па вышыўцы. Сёння яна прыгадвае, як перажывала.
— Асабліва страшна было, калі мне пісалі дзяржаўныя ўстановы і тэлевізійныя СМІ з просьбай выступіць у іх у праграме або далучыцца да нейкага мерапрыемства. Я ім адмаўляла, але было вельмі трывожна, што яны могуць дакапацца да маёй адмовы. Вышыванка заўсёды цікавая, нават дзяржканалам. Але гэта абсурд: вы ўвогуле ў курсе, што такое зараз вышыванка? Цяпер яна, відавочна, на баку апазіцыі.
Гэта значыць, я павінна была прыйсці і сказаць: я раблю апсайклінг чырвона-белымі ніткамі? Выдатна! Нават не ведаю, як яны сабе гэта ўяўлялі.
Я ведаю, што перад рэферэндумам (праходзіў 28 лютага 2022 года) мяне шукалі сілавікі. Калі я садзілася вышываць, думала, трэба хутчэй скончыць, бо могуць затрымаць.
Апошні год жыцця ў Беларусі вышыўка была маім творчым пратэстам. Паміж радкоў мой пасыл і пазіцыя чыталіся, але гэта было завуалявана. Мяне падтрымлівала і матывавала, што я, знаходзячыся тут, працягваю нейкі пратэст, проста ў зусім іншай форме.
Гэта трымала на плыву. Былі ў гэты час і майстар-класы. Прыходзілі і хлопцы, і дзяўчаты. Адчувалася, што свабода была пад прыгнётам.
Калі мы пачыналі вышываць, то дзяліліся сваімі думкамі і станамі. Асабліва пасля пачатку вайны. У нейкай ступені гэта была тэрапеўтычная гісторыя. Калі беларусы прыходзяць вышываць крыжыкам — яны правальваюцца ў далікатную яму: пасля таго, як я правяду майстар-клас, у памяшканні цішыня — усе настолькі захапляюцца.
— Цяпер ты робіш такія ж майстар-класы па вышыўцы, але ўжо ў Варшаве. Атмасфера адрозніваецца ад мінскай?
— Так, вельмі моцна. Прычым не толькі на майстар-класах. Мы проста ўварваліся ў Варшаву і першы тыдзень хадзілі па беларускіх мерапрыемствах, тусоўках. Потым нас прыбіла і мы два дні ляжалі, бо вельмі вялікі кантраст. У Мінску ў мяне было адчуванне, што я хаджу па горадзе, які раскладаецца. Прычым не проста па горадзе, а тваім любімым. Мне было вельмі балюча.
Тут, калі сустракаешся з беларусамі, адчуваеш гэты боль. Вы без слоў разумееце, што сумуеце, але пры гэтым пікавая кропка болю мінула. Многія пачынаюць адраджацца, падымацца наверх.
Беларусы адкрываюць установы, робяць мерапрыемствы, выставы — усё гэта пра боль і расстанне з домам, але ў гэтым так шмат жыцця і так шмат свабоды.
У Мінску няма ні жыцця, ні свабоды. Толькі боль. Тут ёсць боль, але жыццё і свабода таксама ёсць.
— Пераехаць і працягнуць займацца вышыўкай было важным для цябе?
— У мяне паедзе дах, калі я перастану гэтым займацца. Гэта злучная нітачка ці, нават, вялізны канат, які звязвае мяне з месцам, дзе я нарадзілася, адкуль прыйшлося з’ехаць і куды хочацца вярнуцца.
— Якія ў беларусаў адносіны з вышыванкай?
— Яны робяцца лепшымі і больш асэнсаванымі. Мне здаецца, што ў большасці сваёй яны яшчэ на ўзроўні карцінкі. Вышыванка — гэта не пра карцінку і не пра вынік. Там зусім іншыя сэнсы. Для нас пакуль што сэнсы на другім плане, на першым — карцінка. Клёва, што нават гэтая карцінка набірае ўсё большую папулярнасць.
Ёсць сярод нашых рамеснікаў такая палеміка: некаторыя выступаюць супраць яе папулярызацыі, бо мы робім з яе папсу. А я за гэта! Няхай яна лепей будзе папсовая, чым мёртвая. Друкуеце? Окей. Машынная вышыўка? Бог з ёй, няхай будзе.
Я лічу, што адбываецца натуральны працэс. Вышыванка была ў забыцці, а зараз усе такія: ваў, гэта такі яркі нацыянальны сімвал. Гэта класны спосаб самаідэнтыфікацыі. Калі ласка, няхай гэта будзе!
Я разумею, што потым гэта трошкі аціхне і пачнецца апусканне ў сэнсы. Заўважаю, што шмат хто пачынае ўжо пра гэта задумвацца. Мы прыйдзем да таго, што будзем любіць і паважаць вышыванку, і яна будзе ў шафе ў кожнага.
Пакуль што гэта на такім неўсвядомленым узроўні. Але ўсё больш людзей жадаюць сабе вышыванку, у тым ліку зрабіць яе самім. Вядома, чалавек зусім па-іншаму адчувае рэч, калі зрабіў яе сам. У мяне зараз замовіў набор для вышыўкі мужчына, які будзе вышываць кашулю сваёй жонцы.
Мне здаецца, гэта каханне вышэйшага ўзроўню — зрабіць вышыванку сваёй жонцы.
— Калі надыдзе дзень, калі ўсе беларусы будуць адзначаць Дзень беларускай вышыванкі?
— Трэба насіць яе штодня! Не трэба дэманізаваць і рабіць сакралізацыю вышыванкі. Маўляў, вось, дастанем з куфра і надзенем у спецыяльны дзень. Госпадзе, гэта было штодзённае адзенне! Вядома, быў яшчэ і нацыянальны строй, які надзявалі толькі па святах.
Трэба, каб кожны дзень быў днём вышыванкі. Калі я бачу чалавека ў вышыванцы — я адчуваю велізарны прыліў энергіі. Хочаш — апранаеш яе з джынсамі, хочаш — са спартыўкамі. У яе шмат сакральных сэнсаў, але яе можна рабіць і будзённай.
budzma.org паводле gazetaby.com