20 ліпеня адзначае дзень народзінаў Зміцер Дашкевіч. Ён мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Летась Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».
«20 ліпеня — напэўна, адзін з улюбёных дзён у годзе для мяне. Бо ў гэты дзень нарадзіўся самы любячы муж і бацька чатырох дзетак. Ва ўсіх апошніх лістах, Зміцер пакутуе на думку, колькі ўсяго звязанага з дзецьмі ён прапусціць, колькі любові ад іх не атрымае і колькі сваёй ім не аддасі… За 16 месяцаў ягонага зняволення я атрымала сотні лістоў поўныя любові, пяшчоты, болю і Божага Слова. Кожны з дзетак атрымоўваў свае лісты. Давід, можна сказаць, па лістах таты з турмы, вучыўся пісаць і чытаць… — піша Наста Дашкевіч 20 ліпеня. — Разрываецца маё сэрца за Змітра, праз усе ягоныя пакуты. Разрываецца сэрца праз слёзы дзяцей, якія чакалі тату, ужо збіраліся вешаць гірлянды і шарыкі, а я пакутліва падбірала словы, як сказаць ім, што тата не прыйдзе».
«Каб жа ж я ведала, як яму можна дапамагчы — аддала б усё, каб дапамагчы і ні разу б не вагалася. Бо чалавек — заўжды каштоўнасць. А родны чалавечак — найвялікшая каштоўнасць. А мой муж — для мяне цэлы сусвет. З днём народзінаў, каханы! Адзінае, што магу зрабіць для цябе ў гэты дзень — гэта пост і малітва. Таго ж прашу і для яго ў сяброў — узгадайце ў малітвах», — кажа Наста Дашкевіч.
Палітвязня, былога лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча можна павіншаваць, даслаўшы бандэроль, паштоўку альбо грашовы перавод на адрас: горад Жодзіна, вул. Савецкая 22А, Турма N8, 222160, Зміцер Вячаслававіч Дашкевіч.