Інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат» называюць самай буйной беларускай бібліятэкай ў сеціве. Аднак і да яе дабралася цікавасць беларускага Міністэрства інфармацыі. На гэтым тыдні яна трапіла ў спіс «забароненых», і была заблакаваная ў Беларусі. Выглядае на тое, што гэта ўжо традыцыя — знішчэнне ці не ўсяго беларускага на тэрыторыі краіны.
Яраслаў Іванюк, стваральнік бібліятэкі, падаецца, асабліва не пераймаецца з гэтага факту. Ён разумее, што абмежаваць ані свабоду слова, ані свабоду творчасці, ані свабоду распаўсюду інфармацыі ў сучасным свеце немагчыма. Пра гэта, пра новыя праекты і пра тое, як ён ставіцца да гэтага абмежавання, ён распавёў у інтэрв’ю для budzma.org.
— Яраслаў, Мінінфармацыі заблакавала вашую бібліятэку ў Беларусі. Раскажыце, калі ласка, што такое «Камунікат», і як вы ацэньваеце дзеянні беларускага Мінінфарму?
— «Камунікат» — гэта беларуская інтэрнэт-бібліятэка, і шмат хто гаворыць, што гэта найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка ў сеціве. Ці буйнейшая яна — мне цяжка сказаць ці акрэсліць, але ў «Камунікаце» на сёння сабрана больш за 55 тысяч рознага тыпу беларускіх публікацый — гэта газеты, часопісы, кнігі, аўдыякнігі, аўдыяфайлы — у прынцыпе ўсё, што збіраюць і традыцыйныя бібліятэкі.
Па сутнасці, ад самага пачатку і па цяпер мы прытрымліваемся двух прынцыпаў дзейнасці: сабраць у адным месцы як найбольш публікацый на беларускай мове і пра Беларусь, і каб усё, што ў нас даступна, было даступна бясплатна. І ўсё ж «Камунікат», як ён быў заснаваны 23 гады таму, у 2000-м годзе, застаецца перш за ўсё інтэрнэт бібліятэкай.
Апрача таго, у 2021 годзе мы пачалі займацца выдавецкай дзейнасцю, выдаваць папяровыя кнігі. Пачалося гэта з рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бен Гіном». Пасля выдання гэтай кнігі і дзесяці прэзентацый у Польшчы і Літве мы зразумелі, што гэта запатрабавана беларускай эміграцыяй і беларускай дыяспарай у Еўропе — наклад кнігі Няклаява на гэтых прэзентацыях разышоўся поўнасцю.
І таму мы працягнулі выдавецкую дзейнасць. У 2022 годзе напрацягу 10 месяцаў мы выдалі 10 кніг Уладзіміра Арлова, зборнік Ганны Янкуты, удзельнічалі разам з Беларускай Радай Культуры ў выданні зборніка «Нерасстраляныя», — гэта манументальная кніга з творамі і апісаннем асобаў, каляндар са словамі і малюнкамі на кожны дзень.
Таксама займаемся выданнем беларускіх аўдыякніг, іх ужо ёсць пад 20, і сярод іх — першая кніга з пяці Святланы Алексіевіч, — «У вайны не жаночы твар» — у перакладзе на беларускую мову Валянціна Акудовіча.
Што ж тычыцца блакіроўкі бібліятэкі ў Беларусі — то што ж, з аднаго боку можна сказаць, што ўрэшце ацанілі нашу працу. Шмат хто і тэлефанаваў, і пісаў у месенджарах і пытаўся: «О! Толькі цяпер? Я быў перакананы, што ў Беларусі ваш сайт ужо даўно недаступны!»
Нават складана адказаць на пытанне, чаму гэта здарылася. Я сам шукаю адказу, але, праўда, у Беларусі ўжо мала хто пытаецца, за што людзі сядзяць у турмах, за што іх судзяць… Таму і мы не павінны ўжо так шмат думаць, за што нас заблакавалі.
Мажліва, менавіта таму, што мы пачалі публікаваць аўдыякнігі Святланы Алексіевіч, нашай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры, якая ў Беларусі рэжымам не прызнаецца. Магчыма, таму, што пасля смерці Алеся Пушкіна ў гарадзенскай турме мы рабілі рэпосты з інфармацыяй пра меркаваныя прычыны смерці, і гэта былі рэпосты з забароненых сайтаў. Можа быць, гэта выдавецкая дзейнасць, выданне папяровых кніг на патрэбу беларускай дыяспары. А магчыма, усе гэтыя прычыны разам узятыя.
Але мы, напэўна, не думаем спыняць нашай працы, будзем напаўняць «Камунікат» новымі публікацыямі, надалей будзем адлюстроўваць беларускую перыёдыку, будзем запісваць аўдыякнігі, будзем перафарматоўваць тэксты беларускай літаратуры ў папулярныя фарматы для электронных чыталак…
Сайт быў створаны для людзей. Сайт быў створаны для аматараў беларускай літаратуры, і думаю, што гэтыя аматары беларускай літаратуры знойдуць магчымасць, як карыстацца нашым сайтам у такой сітуацыі, як цяпер. Ёсць тэхналогіі VPN, ёсць магчымасць знайсці сайт пад іншым даменам, аўдыякгіні можна слухаць на ютуб-канале «Камуніката», на іншых пляцоўках: гэта і Apple, гэта і Google, гэта і Spotify, гэта і Soundcloud — з дзясятак такіх пляцовак. Так што запрашаем, заахвочваем карыстацца там, дзе гэта магчыма.
— З аднаго боку вы сказалі, што не спыняеце сваю дзейнасць у сувязі з забаронай у Беларусі, з іншага — кажуць, у карыстальнікаў была складанасць з заходам на сайт і за некалькі дзён да забароны, з-за тэхнічных работ на сайце. Вы рыхтуеце чытачам нешта новае і цікавае?
— Наш сайт тэхналагічна крыху састарэў, таму што гэта тэхналогія, якой гадоў, напэўна, больш за 15. Таму мы ў гэтым годзе публікуем «Камунікат» у новай версіі. Сайт будзе хутчэй адкрывацца, карыстальнікам будзе больш зручна ім карыстацца, а па змесце нічога не зменіцца.
Кожны сайт раз у нейкі час патрабуе нейкіх зменаў. Я не скажу, што гэта будзе нейкая там «тэхналагічная рэвалюцыя», але спадзяемся, што будзе больш зручна карыстацца нашым сайтам.
Застанецца таксама раздзел навінаў, дзе мы будзем публікаваць інфармацыю пра беларускую культуру і беларускую літаратуру, будзем публікаваць праваабарончую інфармацыю… з гэтага пункту гледжання нічога не зменіцца, а сайт будзе крышку абноўлены і ў новай абалонцы.
— Што тычыцца папяровых кніг, з паўгода таму ў інтэрв’ю «Будзьме» вы казалі: «Беларусы ў плане чытання кніг зрабілі крок на 10 год назад. Апроч аўдыякніг і е-букаў, якія мы працягваем ствараць, хочуць чытаць на паперы!»…
— Займаючыся электроннай бібліятэкай, якая на той час працавала пад лозунгам, вынайдзеным Алесем Камоцкім «Беражыце лес, чытайце кнігі на Kamunikat.org!», я ніколі не думаў, што я буду выдаваць папяровыя кнігі.
Але мне заўсёды падабалася займацца тым, што патрэбнае на дадзены момант. І аказалася, што папяровая кніга на гэты момант патрэбная беларусам.
І калі Уладзімір Някляеў звярнуўся да нас з прапановай выдаць яго раман «Гэй Бен Гіном», я нават не думаў, рабіць гэта ці не, варта гэта рабіць, ці не варта. Таму што на той момант ніхто з беларускіх выдавецтваў, якія яшчэ існавалі тады ў Беларусі, не захацеў гэтага раману выдаваць. А я лічыў, што гэты раман павінен выйсці, і павінен дайсці да беларускага чытача. А паколькі на той момант — 2021 год — тысячы беларусаў ужо з’ехалі з краіны, і яны патрабавалі беларускай літаратуры, таму мы вырашылі гэтую кнігу выдаць.
Я тады сказаў у адным інтэрв’ю для тэлеканалу «Белсат», што гэта «на жаль, перспектыўны праект».
«На жаль», таму што і па сёння я лічу, што беларускія кнігі павінны выходзіць у Беларусі. Таму што менавіта там і надалей застаецца асноўны чытач гэтай літаратуры.
Але, паколькі гэтыя кнігі патрэбныя таксама і дыяспары, таму мы вырашылі працягваць гэты праект — пасля раману Уладзіміра Някляева мы выдалі і чарговыя кнігі, якіх я крыху пералічыў на пачатку размовы.
Я вельмі рады супрацоўніцтву з Уладзімірам Арловым, які трэці год знаходзіцца, як ён сам сябе пазіцыянуе, «у дарозе», і ў гэтай дарозе таксама пішуцца новыя і перавыдаюцца старыя кнігі. І на гэтыя кнігі ёсць запыт з боку беларускай дыяспары. Ёсць зацікаўленне гэтымі кнігамі.
Мы пераканаліся ў гэтым, з’ездзіўшы ў чэрвені гэтага года з турам-прэзентацыяй новых кніг Уладзіміра Арлова: другой часткі «Айчыны» і перавыданнем «Імёнаў свабоды», а таксама перавыданнем кнігі «Ад Еўфрасінні да Скарыны. Таямніцы Полацкай гісторыі». Мы наведалі больш за 10 гарадоў у чатырох краінах: Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве — і ўсюды гэтыя кнігі карысталіся вялікім зацікаўленнем беларускай дыяспары. Значыць, гэта патрэбнае, варта гэтым займацца.
Магчыма, гэта праз такую настальгію, бо многія з гэтых беларусаў пакінулі тысячныя, шматтысячныя зборы ў сябе у Беларусі, магчыма, праз настальгію яны хочуць набываць цяпер у эміграцыі гэтыя кнігі. Але калі яны хочуць, калі ім гэта патрэбна, калі ім гэта дапамагае неяк у іх новай сітуацыі, тады і мы адказваем на гэтыя запатрабаванні.
Вядома, ёсць не толькі фундацыя «Камунікат», але і выдавецтвы, якія ставяць гэта пунктам камерцыйнай дзейнасці. Ёсць выдавецтва «Янушкевіч», якое выдае шмат перакладаў і кнігі Альгерда Бахарэвіча, якія карыстаюцца вялікім зацікаўленнем, асабліва — што цікавае — маладой публікі, маладых беларусаў. Я быў на двух мерапрыемствах у Варшаве: напрыканцы траўня на Міжнародным кніжным кірмашы, дзе сярод іншых прадаваліся кнігі Янушкевіча на стэндзе беларускіх выдаўцоў. І там стаялі чэргі, каб набыць гэтыя кнігі — па паўгадзіны, па 40 хвілін.
Таксама нядаўна быў у Варшаве на імпрэзе, дзе быў Альгерд Бахарэвіч, і там, каб атрымаць аўтограф, можа, і больш за гадзіну трэба было чакаць. І там стаялі маладыя людзі!
Ёсць выдавецтва Gutenberg Publisher у Кракаве, якое пачынае сваю дзейнасць, ёсць выдавецтва «Вясна» ў Празе… Я лічу, што калі б не былі патрэбныя гэтыя кнігі беларусам у замежжы, гэтыя выдавецтвы б не ўзнікалі.
— Ці супрацоўнічаеце вы з кімсьці з гэтых, пералічаных вамі, выдавецтваў, ці з нейкімі іншымі?
— З прадстаўнікамі беларускіх выдавецтваў мы сустракаемся на рознага кшталту імпрэзах, абмяркоўваем, што неўзабаве кожны з нас будзе выдаваць, чым будзе займацца. Пра нейкія супольныя праекты пакуль яшчэ размовы няма.
А калі казаць пра аўдыябукі, то мы супрацоўнічаем з акцёрамі, якія вымушана пакінулі Беларусь — з «Купалаўцамі», з акцёрамі з драмтэатру. Яны працуюць з намі пры агучцы кніг Святланы Алексіевіч. Таксама працуем са Змітром Бартосікам, які агучыў у нас ужо некалькі кніг з беларускай сучаснай літаратуры, з Віктарам Сямашкам…
— У тым жа інтэрв’ю «Будзьме» Вы казалі, што для вас выдавецкая дзейнасць — гэта больш гуманітарны, чым камерцыйны праект. Ці не змянілі вы сваю пазіцыю? Ці можа беларуская кніга быць камерцыйна паспяховай?
— Мы ніколі не ставілі сабе за мэту зарабіць — як фонд, як арганізацыя некамерцыйная. Мы ніколі не ставілі сабе мэту зарабляць на выдаванні беларускіх кніг. Нават аўдыякнігі, якія мы выпускаем, выданнем якіх займаемся, у нас яны даступныя бясплатна. З беларускімі папяровымі кнігамі… Сапраўды, мы іх не раздаем, а прадаем — дзеля таго, каб большая пашана была да кнігі з боку саміх чытачоў.
А ці можа быць беларуская кніга зараз быць бізнесам — тое трэба пытаць у выдаўцоў, напрыклад, у таго ж Андрэя Янушкевіча. Ужо ён бы, напэўна, адказаў, ці можна цяпер гаварыць пра беларускую літаратуру як бізнес.