Наталля Васілевіч: У архікатэдральным касцёле рэжым Беларусі паказаў сваю ўладу

Наталля Васілевіч

Пасля ператрусу 13-14 ліпеня ў плябаніі Менскага архікатэдральнага касцёла і інфармацыі пра збіццё ксяндзоў сілавікі, ніякіх заяваў ад Касцёла ў Беларусі не паступала.

Адзінае, што 23-га ліпеня на пасаду быў уведзены новы пробашч архікатэдральнай парафіі, ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі. Сітуацыю з ператрусам каментуе тэолаг, прадстаўніца «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч:

— Як бы такіх афіцыйных, ці пацверджаных звестак няма. З розных крыніцаў інфармацыі розныя дэталі паступаюць, але іх цяжка верыфікаваць. Адназначна сцвярджаць, што менавіта адбывалася нельга, бо самі яны пра ператрус неяк не расказваюць. Але паводле сведчанняў, ёсць людзі, што бачылі аднаго з ксяндзоў пасля таго, як ён перажыў той ператрус, і што ў яго нават на твары было відаць сінякі. Могуць з аўтаматамі ўварвацца на ператрус, кагосьці пабіць — проста, каб паказаць сваю ўладу, што яны могуць гэта зрабіць.

Дзмітрый Пухальскі

Паводле словаў Наталлі Васілевіч, на 26-га ліпеня ў Беларусі вядома пра палітычны пераслед 55 хрысціянскіх служыцеляў. Найбольшую групу сярод іх складаюць каталіцкія святары заходняга і ўсходняга абрадаў – агулам 23 асобы, якіх пераследавалі за пратэст супраць гвалту, фальсіфікацыяў і вайны ва Украіне.

racyja.com