30-га ліпеня 1948 года ў вёсцы Асінаўка на Сенненшчыне нарадзіўся гісторык, прафесар Захар Шыбека. Падчас сваёй кар’еры быў дырэктарам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, узначальваў Беларускі калегіюм, даследаваў гісторыю Менску, эканамічнае развіццё беларускіх гарадоў і нацыянальнага руху. Цяпер даследнік стала пражывае ў Ізраілі.
Вольга Сямашка, акурат у 75 гадоў гісторыка, пагутарыла з Захарам Шыбекам пра тое, якімі беларускімі даследваннямі можна займацца ў Ізраілі; пад чыім уплывам цяпер гістарычная палітыка Беларусі; ці варта беларусам будаваць Новую Беларусь за мяжой ці ўсё ж усім вяртацца на Радзіму:
РР: Наколькі вялікая дыяспара ў Ізраіле?
— Яўрэі, што прынялі ўдзел у пратэстах 2020 года, зразумелі, што для іх адзіны выхад — ратавацца ў Ізраілі. Я сустракаю даволі многа знаёмых з Беларусі, але на жаль, цяжка сувязь з імі падтрымліваць. Увесь час забірае сям’я, дзеці, клопаты, жаданне зрабіць штосьці для навукі.
РР: А над чым вы цяпер працуеце? Ці працуеце ў цэнтры дыяспары пры тэлявіўскім універсітэце.
— Я адчуваю сябе эмігрантам, я не рэпатрыянт, не яўрэй. Я пачуваюся, як і раней, беларусам. У Ізраілі я атрымаў мажлівасць выбіраць усякую тэму, і збіраць матэрыялы на гэтую тэму; ездзіць у камандзіроўкі, навуковыя канферэнцыі. Але гэта на чатыры гады, на якія я атрымаю стыпендыю Шапіры. Усё такі, тое, што я паспеў, назапасіць матэрыялы. Не стае часу, каб вельмі плённа працаваць у навуцы. Я сёння не губляю надзею, што завяршу тэму, што я выбраў раней — „Гісторыя яўрэяў Менску ў перыяд царскай Расеі“. Ну паралельна з гэтай тэмай я працаваў навуковым кіраўніком калектыўнага навуковага праекту „Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі“. Гэты праект ініцыявалі прадпрымальнікі з Беларусі. І толькі сёлета мне ўдалося выдаць першы том з трох.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.