“Беларуская выцінанка – гэта форма мысьленьня”, – кажа мастачка Вольга Бабурына-Палуніца.

Творца зрабіла незвычайную выставу ў Грамадзкай Залі Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Мастачка з Беларусі стварыла праект выцінанкі валадароў Вялікага Княства Літоўскага. Разам з тым, у нядзелю 18 сьнежня, яна правяла майстар-кляс для ўсіх прысутных і распавяла пра старадаўнюю гісторыю папяровай творчасьці на Беларусі.
Займаецца выцінанкай Вольга Бабурына больш за 30 год. Мастачка каля 10 гадоў кіравала секцыяй выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасьці. Брала ўдзел у праектах і выставах, дзе прадстаўляла Беларусь у міжнародных конкурсах. 3 гады назад Вольга ўступіла ў амэрыканскую гільдзію выразльшчыкаў з паперы. У гэтым годзе мастачка пераехала па палітычных матывах у ЗША.

“Мая маці выразала прыгожыя сьняжынкі да Калядаў на вокны, на адзеньне. Таксама яна ўпрыгожвала старыя іконы, аздабляючы іх папяровымі кветкамі. У кветках яна таксама рабіла выцінанкі. На маім шляху таксама трапілася цудоўная выкладчыца з мастацкай дзіцячай школы з Маладэчна Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава, якая паказала мне “азы” выцінанкі. Цяпер выцінанку на міжнародным узроўні прасоўваю я”, – распавяла пра сябе мастачка.
Вольга стварыла ў Беларусі адзіны музэй выцінанкі ў Валожынскім раёне. А ўвогуле, па як словах, гэтаму мастацтву ў Беларусі больш за 1000 год. Таксама існуе такі музэй ў Польшчы, у Даніі, два музэі ва Украіне, адзін у ЗША ў Піцбургу.
“Ужо вядома, што ў IX-XII стагодзях на тэрыторыі сучаснай Беларусі на адзеньні жанчыны выразалі дзірачкі, якія несьлі абярэжна-ахоўныя функцыі. У шляхэтным асяродзьдзі была традыцыя сілуэтнага выразаньня, якая прыйшла з Заходняй Эўропы. Потым гэта перацякло ў народныя традыцыі. Выцінанка была пашырыная сярод габрэяў. у XVI стагодзьдзі пачалі рабіць сургучовыя пячаткі, пад якія рабілі выразкі з паперы – кустодзіі. Гэта таксама выцінанка”, – коратка расказала для прысутных Вольга.

Пасьля кароткага знаёмтсва Вольга правяла майстар-кляс у якім удзельнічалі як жанчыны, так і мужчыны. Яна раздала ўсім прысутным нажніцы і тонкія паперкі, каб кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў якасьці мастака. Разам з Вольгай прысутныя рабілі васьміканцовую зорку “Аўсыкліс”, якая мае ахоўную функцыю і была распаўсюджаная срод балцкіх плямёнаў на тэрыторыі даўнейшай Беларусі.
Асаблівыя “Аўсыклісы” атрымаліся ў мужчын. Адзін з іх Зьміцер Левіт адзначыў, што апошні раз выразаў з паперы ў дзяцінстве, калі ўпрыгожвалі хату да Калядаў і Новага года.
“Памятаю ў дзяцінстве, што выразаў сьняжынкі і потым з мамай клеілі іх на вокны. Неяк успомнілася гэта сёньня. І сумна, і радасна адначасова”, – адзначыў Зьміцер Левіт.

Праект выцінанкі “Валадары ВКЛ” быў распрацаваны Вольгай супольна з Паўлам Бераговічам і Уладзімірам Арловым, які параіў гістарычных асоб для выцінанак Вольгі.
Ёсьць у мастачкі і іншыя працы для выстаў, але для Нью-Ёрка яна абрала менавіта гістарычную тэму.
Акрамя гэтага Вольга пасьля выразаньня раздала прысутным афірмацыйныя карты з выцінаначнымі малюнкамі. Прысутныя павінны былі распавесьці пра свае пачуцьці ад сёньняшняга дня згодна з малюнкам на картах. Такія карты выкарыстоўваюцца ў сучаснай псыхалогіі.

Для дзяцей адбыўся асобны сьвяточна-смачны майстар-клас, дзе яны упрыгожвалі печыва да Раства Хрыстовага і Новага года. Пра гэта паклапацілася Тацяна Красоўская, якая прынесла адмыслова для гэтага імбірнае печыва.
А яшчэ дзеці маглі пагуляць і пасваволіць, а таксама паслухалі чароўныя казкі ў незвычайнай атмасфэры бэйсманта царквы, якія пры няяркім сьвятле чытаў на беларускай мове Міхал Чаропка.
Незвычайную выставу арганізавала БАЗА пад кіраўніцтвам Аксаны Пятрашкі, старшыні Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі.

Частку сваіх выцінанк Вольга Бабурына-Палуніца прадае, а яшчэ праводзіць майстар-клясы да якіх можна далучыцца праз Zoom.
Выстава будзе дзейнічаць у Нью-Ёрку да 5 студзеня. У мастачкі ўжо ёсьць пляны ў іншых гарадах Амэрыкі.
Алесь Пазьняк, bielarus.info,
Здымкі: Алесь Пазьняк і Юры Эбер,
Відэа: Юры Эбер




