Ці даводзілася вам калі-небудзь глядзець кіно пра сябе? Ці мелі вы калі магчымасьць цалкам разумець герояў стужкі й перажываць падзеі на экране паўторна, бо такое ўжо перажылі самі?
У Саўт Рыверы адбыўся кінапрагляд пад адкрытым небам. Беларусы Нью Джэрзі й Нью Ёрку сабраліся разам у нядзелю 6 жніўня, каб паглядзець дакумэнтальнае кіно пра Беларусь. У парку Змагароў за Вольную Беларусь дакумэнтальныя стужкі дэманстраваў беларускі рэжысэр Максім Швед. Для гасьцей была падрыхтаваная гарбата й розныя снэкі. Дзяўчаты-арганізатары Ганна Шарко, Кацярына Бублік і Тацьцяна Дзямешчык зрабілі вельмі ўтульную атмасфэру, паслаўшы коўдры на траве й аздобіўшы экран ліхтарыкамі. Акрамя маладых беларусаў, на вечарыне прысутнічалі старэйшыя прадстаўнікі дыяспары – Надзея Запруднік і Жорж Навумчык.
Пакуль сонца было яшчэ высока, Максім Швед расказаў пра сябе, пра сваю творчасьць, пра вучобу ў Санкт-Пецярбургу, а затым – у кінашколе Вайды ў Польшчы. Менавіта там ён атрымаў фундамэнтальныя веды й зьняў сваю першую кінастужку ў 2019 годзе.Пасьля быў 2020 год. Нягледзячы на творчую крызу й іншыя складанасьці, Максім вырашыў працягваць здымаць. Тут у размове ён падзяліўся першым творчым сакрэтам, што дакумэнтальнае кіно – гэта адлюстраваньне рэчаіснасьці, якое застанецца надоўга, у адрозьненьне ад рэпартажаў, якія хутка зьнікаюць. Ужо амаль год Максім жыве ў Польшчы. Ня так даўно ён быў у Нарвэгіі, дзе гасьцяваў у тамтэйшых беларусаў. Пасьля 2020 году ён заўважыў больш салідарнасьці сярод беларусаў. Тыя, па яго словах, хто раней штосьці рабілі паасобку, пачалі працаваць разам.
Беларускі дакумэнталіст прыехаў у ЗША ў пачатку ліпеня 2023 году па запрашэньні Jacob Burns Fіlm Center. Тут яму прапанавалі пабыць на т.зв. “кінарэзыдэнцыі”. Вольны час Максім выкарыстоўвае, каб сустракацца зь беларусамі ў ЗША і ладзіць кінапаказы. Наступны яго прыпынак – Бостан.
Потым пачалася размова з гледачамі. На пытаньне, як зацікавіць людзей дакумэнтальным кіно, Максім распавёў, што ў цэнтры сюжэту павінен быць чалавек. І тут галоўнае – абраць цікавага героя. А ўжо праз героя мы можам паглядзець крытычна на суполку людзей. Стварыць зьбіральны вобраз. Нельга думаць, што дакумэнтальнае кіно – гэта праўда жыцьця. Як вучылі ў школе Вайды: “Гэта майстэрская інтэрпрэтацыя рэчаіснасьці”.
У гэты вечар гледачы змаглі ўбачыць creatіve documentary – больш ахвярнае кіно, стварэньне якога не мае асаблівай камэрцыйнай мэты і з’яўляецца мастацкім творам. Іншыя прадстаўленыя стужкі ўяўлялі сабой рэпартажы па змесце. Максім марыць, каб яго фільмы трапілі на фэстываль дакумэнтальнага кіно ў Амстэрдаме – самы прэстыжны зь існуючых у Эўропе. Таксама ён распавёў пра фэстываль у Кракаве, дзе адбылася прэм’ера яго першага фільма. Увогуле, у Польшчы ладзіцца да пяцідзесяці кінафэстываляў на год па ўсёй краіне. У Беларусі такога няма. Яна ўвогуле выключаная з Эўрапэйскага кінакантэксту. У той жа час дакумэнталістам са Старога Сьвету цяжка патрапіць у Амэрыку, бо наратывы тут будуюцца крыху па-іншаму.
Калі ўжо добра сьцямнела, пачалася дэманстрацыя кінастужак. Гледачы ізноў пабачылі родныя краявіды й вельмі знаёмых людзей. Самі фільмы былі адметныя сваёй якасьцю й прафэсыйнасьцю здымак. Пасьля заканчэньня ўдзельнікі яшчэ раз падзякавалі Максіму Шведу й арганізатарам кінапрагляду за цудоўны вечар нядзелі.